Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Урад Латвіі павінен перашкодзіць санкцыям супраць Менску»


Прадстаўнікі латыскага нацыянальна-кансэрватыўнага аб’яднаньня «Visu Latvijai!» (Усё для Латвіі!) заклікаюць прэм’ер-міністра і ўрад краіны знайсьці ўсе магчымасьці, каб меркаваныя эканамічныя санкцыі ЭЗ супраць Беларусі не былі ўведзеныя.

Як заявіла агенцтву LETA прэсавы сакратар партыі Іева Лінэ, гэтыя санкцыі могуць нанесьці Латвіі велізарную шкоду, аднак пры гэтым не дасягнуць пастаўленай мэты.

«Недэмакратычнае кіраваньне дзяржавай нельга апраўдаць, але ў выпадку з Беларусьсю наўрад ці дэмакратыі будзе спрыяць тое прымусовае набліжэньне краіны да пуцінскай Расеі, якое стане наступствам ўвядзеньня санкцыяў», гаворыцца ў заяве «Visu Latvijai!»

Рашэньне пра санкцыі прымае Рада міністраў замежных справаў Эўразьвязу. Міністры зьбіраюцца раз на месяц. Наступная сустрэча заплянаваная на 23 сакавіка.

Рашэньне павялічыць сьпіс прадстаўнікоў Менску, што падпадаюць пад санкцыі Эўразьвязу, прыняла 27 лютага Рада міністраў замежных справаў Эўрапейскага Зьвязу ў Брусэлі.

28 лютага МЗС Беларусі забараніў уезд на тэрыторыю краіны ініцыятарам санкцыяў супраць беларускіх чыноўнікаў. Афіцыйны Менск выклікаў таксама для кансультацыяў свайго амбасадара ў Польшчы і прадстаўніка пры Эўразьвязе. Апрача таго, беларускі бок прапанаваў амбасадарам Эўразьвязу і Польшчы ў Менску выехаць зь Беларусі для кансультацыяў.

Пасьля гэтага прадстаўнікі краінаў ЭЗ дамовіліся адклікаць зь Менску сваіх амбасадараў для кансультацыяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG