Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першае, што я ўбачыў у Яганэсбурскім аэрапорце, — вялізны білбард з Нэльсанам Мандэлам: «Вітаем у Паўднёвай Афрыцы!» Чарнаскуры дзядуля глядзеў на мяне і ўсьміхаўся беласьнежнымі зубамі. У яго позірку сапраўды ёсьць нешта, што заварожвае.

Я сустракаў Мандэлу паўсюль: у перадавіцах газэтаў, на плякатах ва ўнівэрсытэце, на памятных шыльдах і ў выглядзе скульптураў. Кніжкі, сувэніры, кішэнныя календарыкі — паўсюль цытаты і партрэты. Ягоная паўсюдная прысутнасьць нават раздражняе.

Нэльсан Мандэла - лідэр, таварыш, перамоўнік

Нэльсан Мандэла - лідэр, таварыш, перамоўнік



Дзеці майго новага афрыканскага знаёмага вучацца ў сярэдняй школе. Завязалася размова. Калі я іх спытаў, кім яны хочуць стаць, адказалі: «Такімі, як Нэльсан Мандэла». Мандэлам хочуць стаць ня толькі дзеці, але і дарослыя палітыкі, якія спрабуюць яго пераймаць у паводзінах, выступах і нават зьнешнасьці. Да яго апэлююць, як да апошняй інстанцыі. Ён як Вярхоўны суд, але без адпаведных паўнамоцтваў.

Змагар, легенда, сымбаль. Ня толькі для Паўднёвай Афрыкі, але і для ўсяго кантынэнту. Для чарнаскурых Мандэла такі ж герой, як і Марцін Лютэр Кінг. Абодва з адкрытым забралам вызвалялі сьвет ад расізму.

Агітацыйны плякат з заклікам вызваліць Мандэлу

Агітацыйны плякат з заклікам вызваліць Мандэлу



Хтосьці з Вас, мабыць, скажа: гэта ж культ асобы! Такое ж адчуваньне не пакідала мяне усе пяць дзён побыту. І чым жа гэты чалавек усіх падкупіў?

Нэльсан Мандэла тут, як Балівар для Вэнэсуэлы ці Марці для Кубы. Можна было б параўнаць яго зь беларускім Каліноўскім. Абодва змагаліся за Свабоду. Толькі Мандэла ў выніку стаў прэзыдэнтам, а Каліноўскі скончыў на шыбеніцы. Героі таксама бываюць розныя: героі-пераможцы і героі-пакутнікі.

11 лютага адзначалі гадавіну вызваленьня Мандэлы. З гэтае нагоды нам дазволілі паглядзець асобны аддзел музэю, прысьвечаны лідэру чарнаскурых. Тут можна пачытаць яго лісты, памацаць вопратку, у якую ён апранаўся. Дакранесься — і прыбягае знэрваваны ахоўнік: «Рукамі не чапаць!»

Ніколі не сустракаў такога трапяткога стаўленьня да жывых палітыкаў.

Спэцвыпуск брытанскай газэты London Herald з нагоды вызваленьня Нэльсана Мандэлы

Спэцвыпуск брытанскай газэты London Herald з нагоды вызваленьня Нэльсана Мандэлы



Засуджаны па пажыцьцёвае зьняволеньне, Мандэла правёў за кратамі 27 гадоў за сабатаж і падрыхтоўку дзяржаўнага перавароту. Ён ужо быў вядомы ва ўсёй краіне, а арышт яго праславіў яшчэ больш.

Падчас зьняволеньня быў пазбаўлены магчымасьці кантактаваць са сьветам. У першыя гады дазвалялі адпраўляць толькі тры лісты на год — жонцы. Кожны ліст клапатліва захоўваецца ў музэі, і нам прапанавалі іх пачытаць

«Яго настолькі баяліся, ажно перавялі ў камэру для белых. Каб лягчэй распазнаць, калі задумае ўцякаць», — і экскурсавод паказаў камэру, высокая заля, у якой маглі сядзець аж да 50 чалавек. Гледзячы на паўмэтровыя цагляныя муры, тры пункты аховы, не магу ўявіць, куды і як ён мог уцячы.

Мандэла — якраз той прыклад, калі маўчаньне з-за кратаў мацнейшае за лёзунгі. У падтрымку Мандэлы выступалі па абодва бакі жалезнай заслоны. Для камуністаў ён быў змагаром супраць імпэрыялістычнага прыгнёту. Для заходніх лібэралаў — абаронцам правоў чалавека. Не зламаўся, не пакаяўся. Моўчкі прайшоў праз катаваньні й зьдзекі. 27 гадоў харчаваўся рысавай ці кіяховай кашай. Выжыў. Атрымаў Нобэлеўскую прэмію.

Выбары 1994 году. Апартгэйд закончыўся. Шматтысячная чарга чарнаскурых да выбарчых участкаў. Усе галасуюць упершыню.

Выбары 1994 году. Апартгэйд закончыўся. Шматтысячная чарга чарнаскурых да выбарчых участкаў. Усе галасуюць упершыню.



Мой знаёмы Клейтан адмыслова прыехаў са Штатаў у 1994, каб прагаласаваць за Мандэлу. Вярнуўся ў ЗША толькі ў 2008, каб паўдзельнічаць у кампаніі Барака Абамы. Як ён сказаў, гэта справа гонару.

Увогуле, я ніколі раней не сустракаў раней такой моцнай салідарнасьці, як паміж чорнымі. Гады рабства і пакутаў навучылі: каб перамагчы, трэба быць разам. Гэтага так бракуе беларусам...

Сьцяг, прыняты ў 1994, стаў сымбалем новай Паўднёвай Афрыкі без апартгэйду

Сьцяг, прыняты ў 1994, стаў сымбалем новай Паўднёвай Афрыкі без апартгэйду




Вуліцы Яганэсбургу запоўненыя людзьмі. Бальшыня - беспрацоўныя

Вуліцы Яганэсбургу запоўненыя людзьмі. Бальшыня - беспрацоўныя


Сусьветна вядомыя брэнды улічваюць мясцовую спэцыфіку

Сусьветна вядомыя брэнды улічваюць мясцовую спэцыфіку

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG