Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонка Каваленкі: «Сяргей слабее на вачах»

абноўлена

Жонка Каваленкі: Ён памірае, а я не магу дапамагчы
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:26 0:00
Наўпроставы лінк

Жонка Каваленкі: ён памірае, а я не магу дапамагчы

12 сакавіка з галадоўнікам Сяргеем Каваленкам сустрэлася ў ізалятары на Валадарскага ягоная жонка Алена. Чарговая спроба ўгаварыць мужа скончыць галадоўку не ўдалася.

Алена Каваленка выйшла з пакоя для спатканьняў «Валадаркі» ў сьлязах. Яна кажа, што Сяргей выглядае яшчэ больш слабым, і гэта ня дзіва, бо, паводле яе падлікаў, усяго муж галадуе ўжо больш за 60 дзён і пакуль спыняць галадоўку ня мае намеру:

«Не зьбіраецца кідаць галадоўку, хоць ужо выглядае проста жахліва. Вельмі балюча на яго глядзець, бо яму ўжо цяжка і рухацца, і словы вымаўляць. Нават кожны крок даецца яму зь цяжкасьцю. Сказаў, што важыць 51 кіляграм, учора яго ўзважвалі. Тэмпэратура цела 35,2 градусы, гэта вельмі нізкая тэмпэратура. Ціск 60 на 90. Нешта яны там круцяць наконт шпіталізацыі — дакладна яму так і не прапаноўвалі шпіталізацыі. Адзін лекар сказаў, што ў яго ўсё нармальна, а другі выбег за ім, як яго павезьлі, што трэба шпіталізацыя. Што яшчэ сказаць? Мне балюча бачыць, як ён памірае, і сорамна за ўсіх нас, што мы нічога ня робім. Мне проста сорамна за нашу нацыю. А ягоныя патрабаваньні застаюцца тыя самыя — ён патрабуе вызваленьня, бо лічыць сябе невінаватым».
Мне балюча бачыць, як ён памірае, і сорамна за ўсіх нас, што мы нічога ня робім.

Паводле Алены Каваленкі, яе муж яшчэ цікавіцца навінамі ў сям’і і ў палітычным жыцьці краіны. Найбольш Алену непакоіць тое, што ў мужа падае тэмпэратура цела — яшчэ ўчора было 35,7 градусаў, цяпер — 35,2 градусы. Турэмныя лекары кажуць, што сочаць за станам галадоўніка, але Алена адзначае, што яму так і ня робяць прамываньне страўніка, ня ставяць кропельніцы. «Магчыма, чакаюць, пакуль страціць прытомнасьць, тады пачнуць дзейнічаць», — мяркуе Алена Каваленка.

Намесьнік старшыні КХП БНФ Юрась Беленькі паведаміў, што падаваў у рэспубліканскую пракуратуру заяву з просьбай арганізаваць тэрміновую шпіталізацыю Сяргея Каваленкі:

«Яны ў курсе сытуацыі. Дзяжурны пракурор абяцаў пакласьці на стол генпракурору заяву. Наша просьба простая: каб яго паклалі ў палату пад нагляд доктара. Бо, ня дай бог, здарыцца нейкі збой, то ці пасьпеюць зрабіць нейкія рэабілітацыйныя дзеяньні ў дачыненьні да Сяргея?»

Адказу ад пракуратуры Юрась Беленькі ня мае. Таксама актывіст зьвяртаўся ў Беларускі Чырвоны крыж па тэрміновую дапамогу для Сяргея Каваленкі. «Мне адказалі, што прышлюць пісьмовы адказ», — кажа Юрась Беленькі.

Сяргей Каваленка асуджаны на 2 гады і месяц за парушэньне ўмоваў адбыцьця «хатняй хіміі», якую ён атрымаў за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на навагодняй ёлцы ў Віцебску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG