Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Любоў Кавалёва спаткалася з сынам


Любоў Кавалёва

Любоў Кавалёва

Асуджанаму да сьмяротнага пакараньня Ўладзіславу Кавалёву дазволілі 11 сакавіка ў СІЗА КДБ трохгадзіннае спатканьне з маці і сястрой.

Тым часам ад Дзьмітрыя Канавалава, таксама асуджанага да сьмяротнай кары, няма ніякай інфармацыі.

Спатканьне адбывалася пад пільным наглядам супрацоўнікаў установы, за сьпінай маці сядзеў намесьнік начальніка СІЗА. Любові Кавалёвай і сястры Ўлада Тацяне патлумачылі, пра што яны павінны і пра што не павінны гаварыць. Таму размаўлялі на бытавыя тэмы — пра сям’ю, пра сяброў, і спатканьне праляцела вельмі хутка. Паводле Любові Кавалёвай, Улад ня скардзіцца на здароўе.

«Яго апярэдзіў намесьнік начальніка СІЗА, які мне сказаў, што ў яго нібыта і ціск у норме, і ўсё добра. Спатканьне адбывалася пад наглядам: супрацоўнік сядзеў і з нашага боку, і з боку Ўлада. Наша размова кантралявалася. Канечне, і мы былі рады, і рады быў Улад нашаму спатканьню. Тым больш што ў лютым нам не далі спатканьня, чым былі парушаныя нашы правы».

Сястра Ўлада Тацяна заўважыла, што, у адрозьненьне ад папярэдняга спатканьня, Улад ужо ня быў у кайданках.

«Выглядае ён разгубленым, спужаным. Магчыма, нават пачынае здавацца. Стомлены. Стараецца, канечне, не паказваць гэтага, але бачна, што яму там цяжка. На гэты раз кайданкі яму зьнялі. Рукі яго ляжалі на стале, на віду. Сьляды на руках ёсьць, ён увесь час у кайданках, пацёртасьці ёсьць, бачна, што нешта ўвесь час трэ рукі. Але, як ён сказаў, ужо прывык. Як звычайна, быў у робе. Пад вачыма зьявіліся цёмныя зморшчыны».

Пра ўмовы ўтрыманьня ў СІЗА КДБ Уладзіслаў Кавалёў ня змог нічога распавесьці, і пытацца пра гэта не дазвалялася, адзначыла Тацяна.

«Папрасіў ён толькі кнігі. Распавёў, што чытае кнігу, разгадвае сканворды. Ён пастаянна сядзіць у памяшканьні, на прагулкі яму выходзіць не дазваляюць. Хоць кажуць, што праветрываюць гэтае памяшканьне. Ён адзін у гэтай невялікай камэры».

Паводле Тацяны, Улад напісаў заяву на сустрэчу з адвакатам, зь якім ён будзе пісаць наглядную скаргу на прысуд Вярхоўнага суду. Сёньня Любоў Кавалёва паслала дэпутатам Палаты прадстаўнікоў свой зварот, у якім напісала, «як быў змантаваны відэазапіс, а таксама некаторыя доказы невінаватасьці хлопцаў».
Я зьвярнулася да кожнага дэпутата з просьбай, каб яны са свайго боку нам дапамаглі.

«Я зьвярнулася да кожнага дэпутата з просьбай, каб яны са свайго боку нам дапамаглі. Каб яны зьвярнуліся да прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі, бо віна хлопцаў у судзе не была даказаная і нельга выносіць такі вырак. І тым больш выконваць такі прысуд. Каб дэпутаты хоць нешта зрабілі, што ім па сілах, каб Улада і Дзіму памілавалі».

Паводле праваабаронцы Людмілы Гразновай, тое, што дазволілі спатканьне з Уладам, што зь яго здымаюць кайданкі, гэта неяк абнадзейвае.

«Гэта, канечне, крок наперад, гэта пазытыў, пасьля таго як маці і сястра былі пазбаўленыя прадугледжанага спатканьня. Але гэта пры той умове, што тут не вядзецца нейкай закадаванай шахматнай гульні».

Любоў Кавалёва сказала, што пра Дзьмітрыя Канавалава няма ніякай інфармацыі, адвакат да яго ня ходзіць. Таму невядома, ці жывы Канавалаў, што зь ім адбываецца. Бацькі яго пад поўным кантролем, доступ да іх абмежаваны.

Праваабаронца Людміла Гразнова таксама выказвае трывогу за лёс Дзьмітрыя Канавалава:

«Гэта, канечне, вельмі трывожна. Мы нічога ня ведаем, у якім ён стане, як ён там і што. І, канечне, Уладу Кавалёву таксама нічога не паведамляюць. Па-людзку, адвакат жа павінен мець сувязь з падабаронным. Ну, а што тычыцца бацькоў, то гэта нейкая таямнічая загадка. Як могуць бацькі кінуць дзіця? Як можа маці вось так кінуць дзіця? І калі нешта здарыцца, то як яна будзе з гэтым жыць?»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG