Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працаўнікі хлебазаводу: «Чаму ў нас такія мізэрныя заробкі?»


На магілёўскім хлебазаводзе № 4 працаўнікі, незадаволеныя заробкамі, напісалі зварот на адрас кіраўніцтва аб’яднаньня «Магілёўхлебпрам», у склад якога ўваходзіць прадпрыемства. Даслаць яго працаўнікі не пасьпелі, бо, як яны заяўляюць, адміністрацыя, даведаўшыся пра гэта, адразу пачала перасьледаваць магчымых аўтараў ліста.

Паводле адной з працаўніц хлебазаводу, пад зваротам пасьпелі паставіць подпісы тры дзясяткі чалавек. Людзі дамагаюцца ад кіраўніцтва, каб яно патлумачыла, чаму заробкі такія нізкія — у той час, як прадпрыемства працуе, адгружае прадукцыю і лічыцца пасьпяховым:

«Далажылі ім, што існуе ліст і зьбіраюцца подпісы. Сталі ўсіх па адным выклікаць, ціснуць, запалохваць. Цяпер людзі напалоханыя й баяцца ставіць свае подпісы. Заробкі ў нас невысокія. Працуем мы па 12 гадзін. У „разьлікоўках“, якія мы атрымліваем, — працадні па 8 гадзін. Ужо гэта мы лічым незаконным».

Карэспандэнт: «А рэальна чым пагражаюць? Непадаўжэньнем кантрактаў?»

Працаўніца: «Так. Вось у мяне кантракт сканчаецца 30 красавіка, і я думаю, што менавіта так і будзе. Чатыры чалавекі ёсьць такіх, якія пойдуць да канца. Што б там ні было. Нават да звальненьня. Проста надакучыла. Я атрымліваю мільён дзьвесьце, мільён чатырыста. Чаго ў нас такія мізэрныя заробкі? Мы „пашам“ ад званка да званка».
Чатыры чалавекі ёсьць такіх, якія пойдуць да канца. Што б там ні было. Нават да звальненьня.

12 сакавіка на прадпрыемстве павінен адбыцца сход. Працаўнікі непакояцца, што ён ператворыцца ў судзілішча над ініцыятарамі звароту да кіраўніцтва «Магілёўхлебпраму», якіх нібыта ўжо выявілі. У адміністрацыі запэўніваюць, што гэта плянавае мерапрыемства з удзелам прафсаюзу і іншых службаў прадпрыемства. Што да звароту, то супрацоўнік адміністрацыі пракамэнтаваў яго гэтак:

«Паслухайце, дык гэтага звароту ніхто ня бачыў. Мы ж і на сходах кажам: „Давайце вашы патрабаваньні“. Пры чым тут нейкі ціск? Нікога яшчэ ня выгналі, калі ў чалавека жаданьне нешта зьмяніць. Рот нікому не закрываем».

Што да прэтэнзіяў, зьвязаных зь несправядлівым, як лічаць работнікі, улікам працоўнага часу, то суразмоўца зазначыў:

«Колькі чалавек адпрацаваў, столькі яму і паставяць. Так, у нас дванаццацігадзінная зьмена. Але калі чалавека, дапусьцім, раней адпусьцілі, то што яму ставіць дванаццаць гадзін у табэлі? Няма ў яго большага аб’ёму працы, то яму, канечне, восем паставяць».

Месяц таму на магілёўскім хлебазаводзе № 4 запусьцілі новую лінію замежнай вытворчасьці. Адкрываў яе старшыня аблвыканкаму Пётар Руднік. Ён хваліў прадпрыемства і адзначаў высокія заробкі на ім.

На Магілёўшчыне няшмат прыкладаў, каб працаўнікі калектыўна наважыліся бараніць свае правы. Сёлета быў толькі адзін такі выпадак. Брыгада муляраў акцыянэрнага таварыства «Прамжылбуд» паспрабавала абараніць ад звальненьня свайго калегу, прафсаюзнага актывіста Аляксея Паўлоўскага. Пасьля гутарак прадстаўнікоў адміністрацыі сам-насам з падпісантамі звароту ў абарону Паўлоўскага амаль усе яны ад сваіх подпісаў адмовіліся.

Як паказвае практыка, кіраўніцтва прадпрыемстваў звальняе тых працаўнікоў, якія здольныя да арганізацыі пратэстаў. Акрамя Паўлоўскага, сёлета звольнілі прафсаюзных актывістаў Алега Аксёнава з Магілёва — ён кіраваў страйкамам на домабудаўнічым камбінаце, а таксама Канстанціна Локцева з Бабруйску. Працуючы ў аздараўляльным лягеры «Мара», той агітаваў працоўных, каб яны ўступалі ў незалежныя прафсаюзы. За гэта, як сьцьвярджае Локцеў, яго і звольнілі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG