Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У дзяржаўным памежным камітэце Беларусі адмаўляюць існаваньне «чорных сьпісаў» беларускіх апазыцыянэраў, якім забаронены выезд за мяжу. Тым часам старшыня АГП Анатоль Лябедзька, старшыня партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін, адзін з каардынатараў кампаніі "За справядлівыя выбары" Віктар Карняенка і праваабаронца Валянцін Стэфановіч, якіх завярнулі беларускія памежнікі, трапілі ў Літву іншымі шляхамі.

Адзін з каардынатараў кампаніі «За справядлівыя выбары» Віктар Карняенка 12 сакавіка вярнуўся зь Вільні ў Беларусь праз памежны пераход «Каменны лог». У беларускіх памежнікаў, якія правялі пільны надгляд рэчаў, ніякіх пытаньняў ня ўзьнікла. Аднак, паводле Карняенкі, ехаць у Літву давялося праз тэрыторыю Расеі, і ў расейскіх памежнікаў не было ніякіх прэтэнзіяў: беларускага апазыцыянэра тут жа прапусьцілі:

«Яны адзначылі штампам у пашпарце час перасячэньня мяжы, як звычайна. Яны, натуральна, глядзелі кампутары».

Выходзіць, Расея не падтрымлівае сьпіс невыязных апазыцыянэраў, складзены афіцыйным Менскам?

«Складана сказаць, што ёсьць насамрэч, бо яны ж павінны папярэдзіць. Гэта ж ня першы раз у практыцы такая праблема. Раней там выдумлялі праблемы з падатковымі, якіх насамрэч не было. І праз суды даводзілася гэта вырашаць. Але ўсё ж выстаўлялі нейкія прэтэнзіі. Цяпер проста – забаронена, і кропка. Няма ніякіх тлумачэньняў, ніякіх сьлядоў такіх паводзінаў, іх трэба шукаць. Хто насамрэч вінаваты – мы ведаем».

Прэсавы сакратар Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Аляксандар Цішчанка ня стаў камэнтаваць дзеяньні расейскіх памежнікаў:

«Я за дзеяньні расейскіх памежнікаў не адказваю і іх не камэнтую. Абмен інфармацыяй адбываецца, магчыма, гэта ў іх ня ўсюды дзейнічае. Ня ведаю, якім маршрутам у дадзеным выпадку выяжджалі гэтыя грамадзяне. Памежнікі не абменьваюцца базамі. Магчыма, МУС пракамэнтуе па абмене базамі, інфармацыяй і гэтак далей, таму што базы захоўваюцца ў МУС».

Адносна таго, што нібыта ўлады Беларусі склалі сьпіс невыязных беларускіх апазыцыянэраў, у які ўключана больш за сто асобаў, Цішчанка сказаў:

«Гэта ўсё гульня тэрмінаў. Ніякіх сьпісаў няма. Ёсьць база асобаў, якім абмежаваны выезд. У законе ўсё напісана. Адкуль жа я магу ведаць, зь якой прычыны ў іх абмежаваны выезд? Аўтаматызаваная сыстэма прачытваньня радка ў пашпарце зьвяртаецца да базы, база паказвае,што выезд абмежаваны. Чалавеку паведамляюць, што ў яго абмежаваны выезд. Ён мае права зьвярнуцца ў адміністрацыйным парадку ў Дэпартамэнт грамадзянства і міграцыі. Зь ім павінна разьбірацца структура, якая выносіла рашэньне пра абмежаваньне. Гэта асабістыя зьвесткі, і яны не падлягаюць агалошваньню».

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька, які яшчэ знаходзіцца ў Вільні, ня стаў распавядаць, як ён трапіў за мяжу. Але раней у такіх выпадках ён карыстаўся расейскімі памежнымі пераходамі. Ён мяркуе, што беларускі сьпіс палітневыязных апазыцыянэраў для Расеі ня дзейны.

«Насамрэч пэрспэктыва можа быць самая розная. Але калі спрабаваць аналізаваць тую сытуацыю з пункту гледжаньня інтарэсаў Расеі, то, вядома, падпісвацца расейскаму кіраўніцтву пад тым, што яно далучылася да палітычных санкцыяў Аляксандра Лукашэнкі адносна сваіх апанэнтаў – гэта малаверагодна. Бо тое, што зараз прынятае, – гэта чыстая палітыка. Гэта палітычны перасьлед. І Пуціну станавіцца ў адзін шэраг, праз коску, з Лукашэнкам? Ня думаю, што гэта зараз патрэбна. У сытуацыі, калі вырашаецца само пытаньне легітымнасьці самога Пуціна і ўнутры краіны, і за межамі. То бок гэта малаверагодна, хоць усё гэта здараецца на нашай постсавецкай прасторы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG