Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прытулак «неўязнога» алігарха


Дом Уладзімера Пефціева ў Раўбічах пад Менскам. За шкляной сьцяной – басэйн

Дом Уладзімера Пефціева ў Раўбічах пад Менскам. За шкляной сьцяной – басэйн

Адзін з самых заможных людзей Беларусі — бізнэсовец Уладзімер Пефціеў — на ўскрайку вёскі Раўбічы пад Менскам будуе дом у стылі хай-тэк. Пакуль надвор’е не спрыяе давядзеньню да ладу вонкавай «каробкі», гмах аздабляюць усярэдзіне.

Ужо на пад’езьдзе да вялікага аб’екту, вітражы якога праглядаюцца скрозь рэдкі лясок, заўважна, што будоўлі прысвоены прэміюм-кляс. А 10-й раніцы да пляцоўкі пачынаюць падцягвацца шматлікія кантралёры зь міністэрскага выгляду тэчкамі. Яны супастаўляюць зробленае з намаляваным на паперы. Калі да нядаўняга часу плянэркі ладзіліся двойчы на тыдзень, то цяпер інспэкцыі практычна штодня. Прыёмкай займаецца найперш архітэктарка, выпісаная з Латвіі, але сяды-тады зазірае на пляцоўку і сам гаспадар — Уладзімер Пефціеў.

Уезд на ўчастак — праз шлягбаўм, дом Пефціева адразу за ім. Далей па вуліцы некалькі катэджаў, якія выглядаюць зусім сьціпла ў цені канкурэнта. Дзясятак домікаў будаўнікоў сьведчыць, што працы вядуцца не ў адну зьмену. Маштабы, дзеля справядлівасьці, даюць падставу засумнявацца: магчыма, на ўскрайку лесу ўзводзіцца ведамасны санаторый ці яшчэ адзін корпус будуе Нацыянальны банк — літаральна па суседзтве месьціцца навучальны цэнтар гэтай фінансавай установы. Будаўнікі хоць і атрымалі інструкцыі не ўступаць у размовы зь незнаёмымі людзьмі, але ілюзіі расьсейваюць:

«Ну так, гэта ён сабе будуе дом... Цяжка сказаць, колькі тут канкрэтна квадратных мэтраў, але нават ня тысяча, мабыць, дзьве тысячы як мінімум. Бо тут жа ня толькі жылыя памяшканьні, але і басэйн, і ніжнія паверхі гаспадарчыя. Усё прадумана...»

Выгляд з тылу: вялікая тэрыторыя яшчэ не асвоеная

Выгляд з тылу: вялікая тэрыторыя яшчэ не асвоеная



На будоўлі задзейнічаныя некалькі брыгадаў, якім акрэсьлены канкрэтны фронт дзейнасьці. Значныя сілы кінутыя на мантаж абсталяваньня басэйну. Ён схаваны за вялізнай шкляной сьцяной, якую мяркуецца аздобіць вітражамі. Чарнавыя працы на яшчэ не завершаным аб’екце спэцыялісты ацэньваюць ня меней як у 4 мільёны даляраў. Можна толькі здагадвацца, ува што выльецца канчатковы прадукт, бо яшчэ пустуе агароджаная тэрыторыя, на якой, мяркуючы па ўсім, таксама будуць узводзіцца спадарожныя аб’екты. Пакуль там па-сіроцку стаіць пабудова з драўлянага брусу, накрытая трысьнягом, функцыянальна падобная да гасьцявога дамка ці лазьні.

Архітэктурныя імправізацыі: мадэрновы дом і клясычнае бунгала

Архітэктурныя імправізацыі: мадэрновы дом і клясычнае бунгала



Але наўрад ці вырашэньне жыльлёвага пытаньня падарве дабрабыт Уладзімера Пефціева. Ужо некалькі гадоў запар гэты набліжаны да ўлады 55-гадовы алігарх узначальвае рэйтынг 200 самых пасьпяховых і ўплывовых бізнэсоўцаў Беларусі, які складаецца інтэрнэт-парталам «Ежедневник». Ягоныя актывы і асабістыя зьберажэньні ацэньваюцца ў 1 мільярд даляраў.

Пасьля леташняга арышту яшчэ аднаго прадстаўніка V.I.P.-сьпісу — банкіра Віктара Шаўцова — зьявіліся чуткі, што Ўладзімер Пефціеў ня стаў чакаць разьвіцьця падзеяў і зьехаў у Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, дзе зарэгістраваная ягоная фірма «BelTechExport FZE». Аднак пасьля гэтага Пефціеў ня раз зьяўляўся на публічных мерапрыемствах, а рашэньне займець маёмасьць, адпаведную статусу, сьведчыць, што ад’езд зь Беларусі ў ягоныя бліжэйшыя пляны не ўваходзіць. Гаворыць адзін са складальнікаў рэйтынгу Вадзім Сяховіч:

«Безумоўна, калі дом будуе, то, напэўна, нейкі камфортны куток сабе шукае. Праўда, гэтых куткоў у яго, наколькі можна меркаваць па прэсе, досыць шмат, і яшчэ ня факт, што ён тут будзе жыць. Бо шмат ёсьць такіх прыкладаў, калі чалавек мае ў Беларусі нерухомасьць, але не жыве тут. Гэта тычыцца ня толькі бізнэсоўцаў, але і іншых катэгорый — тыя ж масквічы сабе ў вялікай колькасьці купляюць у Менску нерухомасьць. У любым выпадку нерухомасьць і ў Менску, і пад Менскам пастаянна расьце ў цане, і гэта таксама нейкае інвэставаньне капіталу. А Пефціеў — гэта той чалавек, які ўмее інвэставаць капітал».



Заходнія СМІ наўпрост называюць Пефціева «кашальком Лукашэнкі». У чэрвені мінулага году ён першы з беларускіх бізнэсоўцаў трапіў пад эўрапейскія санкцыі: уезд у Эўразьвяз яму забаранілі, а актывы трох падкантрольных яму кампаній — «Бэлтэхкэспарт», «БТ Тэлекамунікацыі» і «Спорт Пары» — замарозілі. У «чорным сьпісе» Пефціеў фігуруе як «галоўны эканамічны дарадца Лукашэнкі» і «ключавы спонсар рэжыму». Літаральна празь некалькі дзён пасьля ўнясеньня Пефціева ў «чорны сьпіс» Лукашэнка заявіў, што ініцыятары падобнага рашэньня — «нягоднікі і падонкі».

Па ацэнках аналітыкаў, асноўны капітал Уладзімер Пефціеў атрымаў дзякуючы збройным кантрактам. Ягоная кампанія «Белтэхэкспарт» — манапольны апэратар у зьнешніх пастаўках ваеннай і спэцыяльнай тэхнікі, інвэстыцыйны агент ураду Беларусі ў галіне ваенна-прамысловага комплексу. Філіі «Белтэхэкспарту» працуюць у Індыі і Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. Зь цягам часу Пефціеў істотна пашырыў межы свайго бізнэсу і цяпер курыруе шырокі дзелавы спэктар.

  • «БТ Тэлекамунікацыі». Раней — кампанія-кіраўнік актываў МЦС «Velcom», цяперашняя сфэра дзейнасьці — інавацыі, будаўніцтва, фінансавы лізінг.
  • Акцыянэр банкаўскіх устаноў — «Белзьнешэканомбанку» і «Прыёрбанку».
  • Актывы ў СП «Дзелавая сетка» (інтэрнэт-правайдэр).
  • Гульнявы бізнэс: апэратар лятарэі «Спорт-пары».
  • Вытворчасьць лікёра-гарэлачных напояў: Малінаўшчызьненскі сьпірта-гарэлачны завод «Аквадзіў».
  • Інвэстар у Аршанскі авіярамонтны завод.
  • Партнэр кампаніі «Катар Пэтролеюм» у будоўлі заводу комплексных угнаеньняў у Катары.
  • Інвэстыцыйны агент па правядзеньні хакейнага чэмпіянату сьвету-2014.
  • Старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Беларуская тэнісная фэдэрацыя», сябра Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG