Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі жанчыне падчас цяжарнасьці хочацца займацца сэксам, калі ласка! У выпадку, калі цяжарнасьць праходзіць без таксыкозу, ускладненьняў, няма аніякіх мэдычных проціпаказаньняў, а жаданьне кахацца ёсьць, сэксам можна займацца колькі заўгодна.

Калі маціца знаходзіцца ў тыповай пазыцыі, то падчас полавага акту немагчыма нашкодзіць дзіцяці, таму што каляплодны пухір абараняе дзіця ад інфэкцыяў. Шыйка маціцы і сьлізісты корак ахоўваюць ад узаемадзеяньня тое, што знаходзіцца ў вас дзевяць месяцаў, і тое, што можа знаходзіцца ў вас ня болей за дзевяць хвілінаў.

Некаторыя позы паступова становяцца нязручнымі для жывоціка, які павялічваецца і нагадвае пра хуткае зьяўленьне дзіцяці. Варта праяўляць фантазію і аддаваць перавагу позам, у якіх не ствараецца ціску на жывот цяжарнай жанчыны.

У некаторых выпадках сэкс проціпаказаны. Лекары настойліва раяць утрымліваць полавы спакой у выпадку рызыкі заўчасных родаў, падцяканьня каляплодных водаў, мяккасьці або пастаянным раскрыцьці шыйкі маціцы, праблемах з пляцэнтай, полавых інфэкцыях аднаго ці абоіх партнэраў.

Аднак, калі ў цяжарнай жанчыны зьнікае сэксуальнае жаданьне, гэта таксама нармальна. Звычайна на фоне зьмены гарманальнага фону ў першым трымэстры цяжарнасьці жанчына пачувае сябе блага, пакутуе ад таксыкозу і ня мае нават думкі пра сэкс. У другім трымэстры гарманальны фон наладжваецца, і сэксуальнае жыцьцё партнэраў можа займець новую хвалю. У трэцім трымэстры ўсё цяжэй жанчыне спраўляцца зь яе зьмененым целам, вялікім жыватом, ацёкамі, болямі ў сьпіне, хваляваньнямі з нагоды хуткіх родаў, таму жаданьне зноў можа сьцішыцца. Сэксолягі і псыхолягі рэкамэндуюць вынаходзіць іншыя мэтады праяўленьня пяшчоты і ўвагі паміж партнэрамі, калі сэкс проціпаказаны або немагчымы па іншых прычынах. Напрыклад, гэта можа быць масаж ног ці паясьніцы, супольная ванна, пагладжваньні жывоціка ці масаж вагіны (з 34 тыдня). Таксама праявіць сваю ўвагу вам дапамогуць курсы па падрыхтоўцы да родаў, супольны шопінг для будучага дзіцяці, фотасэсія цяжарнай жонкі.

Варта таксама адзначыць, што сэкс зьяўляецца найлепшай натуральнай стымуляцыяй пачатку родавай дзейнасьці. Спэрма ўтрымлівае прастагляндыны, якія спрыяюць падрыхтоўцы шыйкі маціцы і тканак тазавага дна да родаў. Таму пасьля 38 тыдня цяжарнасьці, калі дзіцятка лічыцца даношаным, а проціпаказаньняў да сэксу няма, акушэры настойліва раяць займацца каханьнем.

Лавіце момант, бо пасьля родаў вам будзе некаторы час зусім не да сэксу!

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG