Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцыяльны пасланьнік ААН і Лігі арабскіх дзяржаў у Сырыі, былы генэральны сакратар ААН Кофі Анан у нядзелю пакінуў гэтую краіну — пасьля двухдзённых перамоваў з прэзыдэнтам Башарам Асадам і іншымі сырыйскімі кіраўнікамі.

Не атрымалася дасягнуць пагадненьня аб умовах спыненьня гвалту ў краіне, хоць Анан выказаў аптымізм з нагоды пэрспэктываў такіх дамоўленасьцяў.

Дамаск адмаўляецца ад перамоваў з апазыцыяй, паколькі, як заявіў Башар Асад, у Сырыі дзейнічаюць «ўзброеныя тэрарыстычныя групоўкі».

У сваю чаргу, апазыцыя настойвае на адстаўцы Асада як ўмове мірнага ўрэгуляваньня ў краіне.

У нядзелю ўрадавыя войскі працягвалі апэрацыі супраць атрадаў апазыцыі ў правінцыі Ідліб. Праваабаронцы паведамляюць аб новых дзесятках забітых.

У сырыйскім горадзе Хомс, які апошнім часам стаў цэнтрам народных выступаў супраць рэжыму Асада, знойдзеныя целы забітых 21 жанчыны і 27 дзяцей. На некаторых з целаў — сьляды катаваньняў. Паводле нямецкага інфармацыйнага агенцтва забойствы адбыліся ўчора ўвечары. Пра факт забойства паведамілі актывісты апазыцыі і дзяржаўнае тэлебачаньне.

Дзяржаўнае тэлебачаньне абвінаваціла ў забойстве гэтых людзей «ўзброеныя тэрарыстычныя групоўкі», якія выкралі жыхароў Хомса, забілі іх, а потым сфатаграфавалі іх целы з мэтай дыскрэдытаваць сырыйскіх вайскоўцаў.
XS
SM
MD
LG