Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Менгарвыканкам кажа, што заяваў на забароненыя канцэрты не было


Актывісты грамадзкай кампаніі «Рок-салідарнасьць» атрымалі адказ зь Менгарвыканкаму на свой зварот што да сытуацыі з забаронай беларускіх гуртоў.

У адказе за подпісам намесьніка начальніка ўправы культуры Менгарвыканкаму Мядзьведзева гаворыцца, што Менгарвыканкам не атрымліваў на ўзгадненьне паперы па канцэртах, якія не адбыліся. Управа культуры Менгарвыканкаму таксама не валодае інфармацыяй пра «чорныя сьпісы» беларускіх музыкаў, напісана ў дакумэнце.

Прадстаўнікі кампаніі «Рок-салідарнасьць» адзначаюць, што адказ рыхтаваў начальнік аддзелу па справах мастацтваў Анцыповіч. Менавіта гэты чыноўнік падпісвае ўзгадненьні на культурна-масавыя мерапрыемствы ва ўпраўленьні культуры.

Такім чынам, управа культуры адмаўляе факт, што арганізатары зьвярталіся да іх, каб узгадніць канцэрты, адзначаюць актывісты грамадзянскай кампаніі «Рок-салідарнасьць».

«Рассылаючы лісты ў розныя інстанцыі, мы не спадзяваліся на нейкі станоўчы і грунтоўны адказ на нашыя пытаньні. Ведалі, што хутчэй за ўсё будуць стандартныя адпіскі. А адказ Упраўленьня культуры Менгарвыканкаму сустрэлі са зьдзіўленьнем — спадар Анцыповіч, які рыхтаваў адказ, сам жа і падпісвае ўзгадненьні па ўсіх канцэртах. Да таго ж ён неаднаразова камэнтаваў прычыны забароны канцэртаў як непаразуменьні паміж арганізатарамі і дырэкцыяй пляцовак (клюбаў), а тут кажа, што да іх не зьвярталіся па ўзгадненьні. Гэта дае нам мажлівасьць працягваць нашу дзейнасьць па пошуку вінаватых у забаронах. Мажліва, зьвяртацца з гэтым лістом у пракуратуру ці іншыя інстанцыі, бо маем на руках копіі падпісаных спадаром Анцыповічам узгадненьняў, — кажа адзін з актывістаў кампаніі «Рок-салідарнасьць» Аляксей Лукашэвіч. — Ёсьць яшчэ адзін станоўчы вынік — як і Міністэрства культуры, Упраўленьне культуры Менгарвыканкаму кажа, што ім невядома пра так званыя „сьпісы забароненых музыкаў“, што дае музыкам магчымасьць працягваць шукаць месцы для сваіх выступленьняў і прыкладаць гэтыя адказы пры размовах з адміністрацыяй клюбаў».

11 лютага ўлады забаранілі канцэрт гурту «Крамбамбуля» ў клюбе Re:public, а ў 2011-м годзе не адбыўся канцэрт «Ляпіса Трубяцкога» ў клюбе «Рэактар».
XS
SM
MD
LG