Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Швэдзкі ўрад ускосна падтрымлівае рэжым Лукашэнкі»


Кіраўнік праваабарончай ініцыятывы Östgruppen Марцін Угла раскрытыкаваў на старонках старэйшага штодзённага выданьня Швэцыі «Sydsvenskan» пазыцыю ўраду ўласнай краіны, што ўскосна падтрымлівае рэжым Лукашэнкі.

Размова ідзе пра галоўную тэлекамунікацыйную кампанію на рынках сотавай сувязі Швэцыі і Фінляндыі TeliaSonera, чыімі галоўнымі акцыянэрамі ёсьць гэтыя дзяржавы, а праз даччыную фірму кампаніі ў Беларусі, GSM-апэратара мабільнай сувязі Life :) – ЗАТ «БеСТ».

Паводле Марціна Углы, швэдзкі ўрад, як асноўны акцыянэр TeliaSonera, нясе адказнасьць за актыўнасьць кампаніі на беларускім рынку, асабліва ўлічваючы тое, што на міжнароднай арэне ён пазыцыянуе сябе ў якасьці змагара за правы чалавека, у тым ліку, за свабоду ў Інтэрнэце. Відавочна, аднак, што міністра фінансавых рынкаў Швэцыі Пэтэра Нормана не хвалюе ўся пікантнасьць сытуацыі. Ні ён, ні іншыя адказныя ўрадоўцы не патрабуюць ад кампаніі адпавядаць пэўным этычным прынцыпам, – піша «Sydsvenskan» – і не адмаўляюцца ад ускоснай падтрымкі антыдэмакратычнаму рэжыму Лукашэнкі.

Зразумела, адзначаюць праваабаронцы, сучасныя камунікацыйныя тэхналёгіі вельмі неабходныя Беларусі. Аднак ня ў мэтах дапамогі Лукашэнку, які рабіць ціск на дысыдэнтаў. Гэта было прадэманстравана кампаніяй пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году, калі апэратары мабільнай сувязі «БеСТ» часткова заблякавалі апазыцыйныя вэб-сайты для сваіх кліентаў і, дапамагаючы рэжыму праслухоўваць размовы апанэнтаў, раскрылі інфармацыю пра сваіх карыстальнікаў.

Добра вядома, піша «Sydsvenskan», што крытыкі Лукашэнкі кантралююцца спэцслужбамі ў Беларусі. Аднак TeliaSonera не зрабіла нічога, каб перашкодзіць падобнай практыцы стаўленьня да яе кліентаў.

У якасьці галоўнага контраргумэнту TeliaSonera выкарыстоўвае наступны: кампанія абавязаная прытрымлівацца законаў краіны, у якой яна працуе. Але ў такой краіне, як Беларусь, дзе няма вяршэнства права, падобная пасіўная пазыцыя недапушчальная. Бо такім чынам TeliaSonera прызнае, што яна дазваляе рэжыму быць выкарыстанай у яго мэтах і, больш за тое, стаць інструмэнтам яго рэпрэсіяў, – адзначае «Sydsvenskan».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG