Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яны працуюць не за грошы


Надзея Брылеўская, сыны Кастусь і Васіль

Надзея Брылеўская, сыны Кастусь і Васіль

Мы шмат думаем, якой будзе Беларусь у будучым. Мы шмат гаворым, як было б добра, калі б усё памянялася. Але большасьць з нас дбае толькі пра тое, як перажыць сёньняшні дзень. А будучыня ёсьць цяпер. Яна будзе дакладна такой, якой будуць вашы дзеці. Вашы дзеці — адмысловая праграма штотыдзень у эфіры і на сайце Радыё Свабода.

«У мяне атрымоўвалася, што я ўжо амаль тры гады была ў „дэкрэце“ — не выходзячы з аднаго, пайшла ў другі. І мне проста не хапала зносінаў зь людзьмі. Было цяжка маральна. Я выходзіла на палову стаўкі, каб адчуваць сябе ня толькі мамай, але яшчэ і прафэсіяналам».

Надзя Брылеўская — маладая мама зь Менску. У сям’і Брылеўскіх двое маленькіх сыноў: Кастусь і Васіль. Калі меншаму, Васілю, было 10 месяцаў, Надзя вырашыла выйсьці на працу. Як мець маленькіх дзяцей і заставацца прафэсіяналам?

У Беларусі адзін з самых доўгіх «бацькоўскіх адпачынкаў» у сьвеце — можна заставацца зь дзіцем, аж пакуль яму ня споўніцца тры гады. Дапамога ад дзяржавы ў Беларусі стандартная і не залежыць ад таго, які заробак вы атрымлівалі да нараджэньня дзіцяці. Цяпер яна складае каля 700 тысяч беларускіх рублёў.

Напрыклад, у Злучаных Штатах дзяржава ўвогуле не гарантуе і не аплочвае «бацькоўскі адпачынак». У краінах Эўразьвязу сытуацыя кардынальна іншая, і кожная краіна вырашае яе па-свойму. Традыцыйна за ўзор бяруць швэдзкую сыстэму, бо яна давяла сваю эканамічную і сацыяльную эфэктыўнасьць. Там любы з бацькоў, які працуе, можа заставацца зь дзіцем да паўтара года. Пры гэтым бацька дадаткова мае права ўзяць адзін месяц аплочванага адпачынку. Калі ж ён адмаўляецца, то адпачынак траціцца. Першыя 12 месяцаў бацькоўскага адпачынку аплочваюцца ў памеры 80% заробку таго з бацькоў, хто даглядае за дзіцем. Пасьля году кожнае швэдзкае дзіця мае права на гарантаванае месца ў дзіцячым садку.

Надзя Брылеўская лічыць, што да году мама абавязкова павінна быць зь дзіцем. Па яе словах, у першыя месяцы жыцьця маму ніхто замяніць ня можа. Пасьля году ўжо можна пакідаць дзіця зь іншымі — і гэта будзе толькі на карысьць усім.

Надзея Брылеўская: «У мяне аднаму сыну чатыры з паловай, а другому — тры гады. Зараз лёгка ўжо зь імі, раней было цяжэй. Зараз яны сябруюць, самі з сабою займаюцца. Часам даводзіцца разрульваць нейкія канфліктныя сытуацыі, але ім ужо ёсьць з кім пагуляць. А раней было складана, бо калі адно поўзае, а другое ўжо сядае пагуляцца, то тое, што поўзае, лезе да старэйшага, а яму гэта не падабаецца.

Зараз яны тыдзень чакаюць чараўніка. Бяруць мармэлядку, кладуць пад стол. Быў учора скандал, што я прыбрала гэтую мармэлядку, каб памыць падлогу. Трэба было яе вярнуць ізноў на тое ж самае месца. Бо інакш чараўнік ня прыйдзе. Празь няведаньне Васіль (меншы) адгрыз ад мармэлядкі хвосьцік — ізноў быў скандал. Давялося ісьці ў краму, шукаць такую самую мармэлядку з такім жа хвосьцікам».

сын Кастусь

сын Кастусь



Хлопчыкі пакуль жывуць у сваім дзіцячым сьвеце і ня вельмі добра ўяўляюць, чым менавіта займаюцца бацькі. Вынікам спробаў зразумець, куды і навошта сыходзіць мама, калі кажа, што пайшла «на працу», стаў такі дыялёг:

— Кастусь, а кім мама працуе?

— Проста на звычайнай працы працуе, яна нікім не працуе, мая мама.

— Проста нават зусім не працуе?

— Ліза працуе няняй. Пакуль мама ня прыйдзе, яна бывае якая. А адна бабуля ў мяне ня ходзіць ужо на працу, ведаеш, якая?

— Якая?

— Бабуля Аня. Яна ня ходзіць на працу, бо яна на пэнсіі.

— А калі людзі ідуць на пэнсію? Колькі ім гадоў?

— Ой... шмат... Пяцьдзясят.

Васіль: А мне тры!

— Надзя, а кім жа вы працуеце?

— Мы праграмісты.

— Кастусь, а ты ведаеш, хто такія праграмісты?

— Не, ня ведаю

Надзея Брылеўская: «Я працую ў даволі вялікай кампаніі. У нас ёсьць магчымасьць не працаваць на адным праекце пяць гадоў запар. У нас стараюцца памяняць узроўні працы, каб і чалавеку было цікава, каб не варыцца ў адным увесь час. Працуем мы ў трэвэл-індустрыі, робім сайты для авіякампаній».

Надзея Брылеўская

Надзея Брылеўская



Надзея кажа, што сваякоў не бянтэжыла тое, што яна пайшла на працу. Гадаваныя ў савецкім грамадзтве, яны звыклі, што жанчына працуе. Але зразумела, што дзяцей трэба з кімсьці пакідаць. Вазіць у садок далёка. Надзя кажа, што гэта займала дзьве гадзіны ў дзень. Бо езьдзяць яны ў цэнтар гораду ў беларускамоўную рознаўзроставую групу. За мінулы месяц Кастусь быў у садку два разы. Таму ў дзяцей ёсьць няня Ліза.

— А зь няняй таксама ўсе пагадзіліся?

— Зь няняй было цяжэй. Вось мой дзядуля дагэтуль ня можа звыкнуцца ніяк — бо ж трэба абавязкова ў садок ісьці.

— Кастусь, а навошта дзецям няня?

— Яна прыходзіць да дзяцей, каб даглядаць дзяцей, калі бацькі на працы. Альбо ў садку няня носіць ежу і ўсё астатняе.

— А няня за грошы працуе ці проста так?

— Проста так. А мама ідзе на працу, а пасьля прыходзіць і плоціць.

— Гэта правільна, што мама на працу ходзіць?

— Ага.

— І мама прыносіць адтуль грошы?

— Так, і ўсё купляе, цацкі, ежу.

Для гэтай сям’і няня стала выйсьцем.

Васіль, Кастусь

Васіль, Кастусь



Надзея: «Я чаму выходзіла на працу — таму што мне дзяўчаты параілі вельмі добрую няню беларускамоўную, якая ня толькі можа добра глядзець за дзецьмі, але і можа вельмі добра зь імі камунікаваць. Чатыры гадзіны прайшло — і я прыходжу дахаты, а дзеці ў мяне спакойныя. Ня так, як з садку яны прыходзяць вельмі ўзрушаныя, узбуджаныя. Таму што ў садочку яны такія замкнёныя, ім няма куды выплёскваць свае эмоцыі. А дома яны ў сваіх сьценах. Ты прыходзіш — і не атрымліваеш плаксівых дзяцей, скажам так».

Аднак далёка ня кожная сям’я можа дазволіць сабе запрошаную няню. З аднаго боку, прафэсія «няня» амаль нелегальная — знаходзяць іх найбольш па парадах сяброў і знаёмых. Да адмысловых агенцтваў зьвяртаюцца нячаста — бо гэта каштуе дадатковых грошай. З другога боку, сярэдняя беларуская жанчына атрымлівае менш за мужчыну (прыблізна на 30%) і занятая пераважна ў бюджэтнай сфэры, дзе заробкі ня надта высокія. Дадзеныя Белстату пацьвярджаюць, што ў сфэрах адукацыі, аховы здароўя, бытавога абслугоўваньня — традыцыйна «жаночых» — узровень заробкаў у суадносінах зь сярэднерэспубліканскім меншы прыблізна на 27–43 працэнты. Таму мэтадам простага падліку сям’я вырашае, што лягчэй затрымаць жанчыну дома, чым траціцца на няню ці аддаваць дзіця ў садок, якому ня надта шмат даверу. Згодна зь беларускім заканадаўствам, калі жанчына ў адпачынку па доглядзе за дзіцем і працуе меней як на паўстаўкі альбо дома, то атрымлівае тыя ж 700 тысяч. Калі ж яна хоча працаваць болей ці дзіця пайшло ў дзіцячы садок, то дапамога зьмяншаецца ўдвая.

Спачатку заробленых грошай Надзі хапала толькі на няню і на паліва і рамонт машыны, на якой яна дабіралася да працы. Надзя адразу выйшла на палову стаўкі. Выйшла на той жа заробак, што мела да сыходу ў дэкрэт. А ў іншых калегаў, якія працягвалі працаваць, заробкі расьлі. Цяпер, праз два гады, яна ўжо мае нармальны даход.

Надзея Брылеўская: «Я ўжо месяцы два як працую на поўную стаўку, таму я цяпер такі ўжо паўнавартасны працаўнік. На палову стаўкі даволі складана працаваць у тым пляне, што гэта ўсё ж такі паўдня. Ты ня можаш рабіць тэрміновыя рэчы, на цябе ня могуць скідаць адказнасьць. Гэта ўжо мінус для працадаўцы, таму што яму трэба ўвесь час думаць, чым цябе нагрузіць такім, што ты можаш доўга і павольна рабіць. Цяпер ужо, вядома, нашмат прасьцей. Я вельмі ўдзячная працадаўцу, што далі мне магчымасьць у такім рэжыме два гады працаваць. Я думаю, што гэта, па-першае, маё памкненьне, па-другое, думаю, што ў нас ня вельмі шмат дзяўчат зь дзецьмі».

Надзея Брылеўская лічыць, што 3 гады адпачынку па доглядзе за дзіцем — гэта вельмі ўмоўны тэрмін, і распараджацца ім можна па-рознаму: «У прынцыпе, я вельмі добра стаўлюся да жанчын, якія знаходзяцца дома, могуць працаваць з дому і свае захапленьні рэалізоўваць. Мне трэба калектыў. Мне зручней працаваць у офісе. Дома я не магу. Мне трэба ўвесь час засяроджвацца на працы, заглыбіцца ў праблему. А дома мяне ўвесь час адцягваюць — „Мама, паглядзі сюды“. Ну вось як мы з вамі цяпер размаўляем — нехта прыбег, і пачалося ўсё спачатку. Я губляю час, каб ізноўку ўнікнуць у праблему. А час — гэта грошы. Адпаведна, я больш плачу няні. І калі я дома, то атрымліваецца ў мяне нешта незразумелае. Заставацца дома я магу, калі сяду ўначы, чатыры гадзіны папрацую і зраблю.

Мне складана адзначыць мінусы таго, што я так „рана“ выйшла на працу. Бо мінусы — гэта ў тых мамаў, якія ўвесь час зь дзецьмі. Тады — дакладна мінус. Я разумела, што з выхадам на працу я страчваю нейкі час зь дзецьмі. Асабліва калі дзесяцімесячнае дзіця — яно вучыцца хадзіць. А я ўжо страчваю гэты час, калі яно гэтаму вучыцца. Увогуле ў іх у гэтым узросьце такое актыўнае разьвіцьцё. Яшчэ мінус, што летам, напрыклад, калі я магла сабе браць большы адпачынак, то мы зь імі разьяжджалі па Беларусі. Сядалі ў машыну, ехалі ў вёску, на азёры, на Браславы. Калі цяпер я буду ўсё лета працаваць — ну, там 3–4 тыдні возьмеш, — то гэта ўжо ня ўсё лета, што мы на волі. Яшчэ для мяне як мамы, я выходжу на чатыры гадзіны, вяртаюся — і ўжо ня ведаю, паеў ён ці не паеў, чаго ён плача. З добрага — магчыма, тое, што ў дзяцей, апроч мамы і таты, ёсьць яшчэ нехта, хто зь імі бавіць час».

Надзея, Кастусь, Васіль

Надзея, Кастусь, Васіль



На пытаньне, як далей будзе разьвівацца яе кар’ера, Надзея адказала досыць нечаканым для мяне чынам. Цяпер яна плянуе працаваць яшчэ два гады, а пасьля спыніцца, каб разам зь дзецьмі прайсьці праз школу. «Ня кінуць іх проста на настаўнікаў, на школу. Для гэтага мне трэба быць хаця б палову дня дома. Мяне вельмі зацікавілі досьведы хатняга навучаньня. Бо мне важна, каб дзіцё проста не марнавала час за партамі, слухаючы, як 25 чалавек паўтараюць нейкую літару ці прапісваюць нешта. Я памятаю па сабе, што гэта вельмі сумна. Калі ты можаш пайсьці пагуляць, зрабіўшы нешта за 10 хвілін, а мусіш сядзець роўна і нічога не рабіць. А кар’ера, я думаю, будзе на ўзроўні хобі. Але цяпер цяжка спрагназаваць. Пакуль так думаю: два гады на працы, а пасьля свае інтарэсы разгортваю ў бок дому».

Пытаньне працягласьці адпачынку па доглядзе за дзіцем мае шмат вымярэньняў: ад папулісцкага жаданьня беларускіх уладаў падтрымліваць такім коштам імідж «сацыяльнай» дзяржавы да чыста эканамічных аспэктаў. Так, паводле дадзеных таго ж Белстату, сярод навучэнцаў вышэйшых і сярэдне-спэцыяльных установаў найбольш жанчын — 59% і 53% адпаведна. Дзяржава затрачвае велізарныя сродкі на тое, каб падрыхтаваць спэцыяліста-жанчыну. Аднак зваротная эканамічная эфэктыўнасьць такога работніка значна зьніжаецца, сярод іншага, праз тое, што за жанчынай замацаваныя абавязкі догляду за дзецьмі — ад працяглага дэкрэтнага адпачынку да запаўненьня жанчынамі нізкааплатных сфэраў эканомікі. Можа і залішне, але ўсё ж варта яшчэ раз сказаць, што няня, якая прыходзіць глядзець дзяцей — найчасьцей жанчына з вышэйшай адукацыяй; выхавацелькі і нянечкі ў дзіцячых садках — таксама жанчыны, настаўніцы ў пачатковай школе — таксама.

Але, па словах Сяргея Мусіенкі, прэзыдэнта сацыялягічнага цэнтру «ЭКООМ» і аднаго з апалягетаў сацыяльнай дзяржавы, гэтыя людзі «працуюць не за грошы; гэта ня бізнэс, гэта стварэньне нашай будучыні».
XS
SM
MD
LG