Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці варта сьвяткаваць 8 сакавіка?


Чым ёсьць сьвята 8 сакавіка — сьвятам барацьбы за правы жанчын ці ўскоснай дэманстрацыяй іх няроўнасьці? Ці смачны боршч у Лідзіі Ярмошынай? Чым павінна ахвяраваць жанчына дзеля каханьня?

Гэтыя пытаньні ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць заснавальніца мультымедыя-часопісу «34» Ірына Віданава, сьпявачка Руся і культуроляг Юлія Чарняўская.

Чарняўская:

Сёньня, як мне здаецца, фэмінізм нярэдка ператвараецца ў дробязную гульню, у зьвядзеньне гістарычных рахункаў постфактум, г.зн. не ў спробу раўнапраўя, а ў спробу ўзяць рэванш.

Неяк я бачыла ў Камароўкі ў сьвяточным натоўпе з кветкамі, як сярод мужчын з раскошнымі букетамі ідзе бомж з чэзлай мімозай. Сваёй сяброўцы панёс.
Таленавітай жанчыне цяжэй, чым мужчыну. Але таленавітаму чалавеку наогул цяжка. Куды цяжэй, чым няздары.

У цябе як у жанчыны заўсёды ёсьць санкцыя: ты нарадзіла і выгадавала дзяцей, што як бы ставіць цябе ў пазыцыю чалавека, які ўжо рэалізаваў па меншай меры сваю біялягічную праграму. У мужчын магчымасьці такіх апраўданьняў няма.

Віданава:

​Мае знаёмыя мужчыны ня ведаюць, што рабіць 8 сакавіка. Бо ня ведаюць, якую рэакцыю сустрэнуць — ці павіншуюць і сустрэнуць ваяўнічае неўспрыняцьцё гэтага сьвята, як постсавецкага, неадэкватнага нашаму культурнаму асяродку. Ці не павіншуюць і атрымаюць крыўду, што яны пра мяне забылі.
Згодна з дасьледаваньнямі Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця жанчынам у сьвеце плацяць у сярэднім на 18 % менш, чым мужчынам. У Беларусі гэта лічба складае 26%.

Руся:

Я сама жанчына і часьцяком сутыкаюся з гендэрнай дыскрымінацыяй. Напрыклад, калі вядуцца размовы пра бізнэс, то мне не адразу ўдаецца ўпэўніць свайго суразмоўца ў тым, што я нармальная адэкватная жанчына, якая адказвае за свае словы і здольная бізнэс-прапановы рабіць. Першае меркаваньне амаль заўсёды несур’ёзнае і не дазваляе ставіцца да жанчыны як да сапраўднага партнэра.
Мне здаецца, што беларускія жанчыны не хутка прыслухваюцца да фэміністак, бо іх задавольвае тое, што яны маюць. Кожная жанчына абірае сабе такога мужчыну, які патрэбен ёй у жыцьці. Яна адчувае сябе даволі добра ў ролі гаспадыні, якая глядзіць за дзецьмі, домам, а мужчына зьяўляецца дабытчыкам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG