Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незалежнае назіраньне будзе і пры байкоце, і пры ўдзеле ў выбарах


У Гомелі пачалі рыхтаваць незалежных назіральнікаў на кампанію па выбарах у Палату прадстаўнікоў, якая чакаецца восеньню гэтага года.

Васіль Палякоў, старшыня абласной арганізацыі АГП, правёў у Гомелі заняткі будучых назіральнікаў за парлямэнцкімі выбарамі.

«Назіраньне за парлямэнцкімі выбарамі, якія маюцца адбыцца ўвосень, мы будзем весьці нават пры іх байкоце. Дзеля гэтага праз актывістаў, што бралі ўдзел у прэзыдэнцкай кампаніі, у народных сходах, пашыраем колькасьць назіральнікаў. Яны гатовы выправіцца на выбарчыя ўчасткі, каб зафіксаваць усё, што там будзе адбывацца падчас датэрміновага й асноўнага галасаваньня».

Такой жа пазыцыі прытрымліваюцца й арганізатары кампаніі «За справядлівыя выбары». Некаторыя кіраўнікі апазыцыйных структур прапаноўваюць прыцягваць новых назіральнікаў на выбары праз сацыяльныя сеткі.

«Гэта, канечне, магчыма. Аднак, на мой погляд, лепш за ўсё новых людзей выяўляць шляхам прыватных гутарак і сустрэч з гараджанамі. Багата людзей усьведамляюць, што яны проста статысты ў тым фарсе, які ўлады называюць выбарамі. Многія выбарцы пагаджаюцца зафіксаваць той абман, які ўчыняюць ўчастковыя, раённыя, акруговыя камісіі», — кажа кіраўнік Жлобінскай раённай арганізацыі АГП Марат Афанасьеў.

Удзел у назіраньні за будучымі парлямэнцкімі выбарамі абмеркавалі нядаўна й гомельскія прадстаўнікі руху «За свабоду!», партый БНФ і «Зялёныя», якія заснавалі супольную кампанію «Народны кантроль».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG