Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дачнікі і вяскоўцы прагаласавалі за рэфэрэндум

абноўлена

10 сакавіка ў першай палове дня дачнікі й жыхары некаторых вёсак Смалявіцкага раёну на Меншчыне правялі сход супраць плянуемага будаўніцтва на іх тэрыторыі беларуска-кітайскага індустрыяльнага парка.

Больш як 300 чалавек адзінагалосна прынялі зварот да Аляксандра Лукашэнкі з патрабаваньнем адмяніць плянуемую будоўлю. Акрамя таго быў створаны саюз дачнікаў й вяскоўцаў «Свая сотка», які будзе арганізоўваць юрыдычную абарону маёмасных й грамадзянскіх правоў мясцовага насельніцтва.

Дачнікі і вяскоўцы супраць кітайскай экспансіі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:53 0:00
Наўпроставы лінк

Удзельнікі гэтага сходу абмяркоўвалі не толькі свае маёмасныя інтарэсы, але і казалі пра небясьпеку кітайскага праекту для ўсёй Беларусі. Размова ішла ў тым ліку пра аэрапорт «Менск-2», да якога ўшчыльную наблізяцца біялягічная й хімічная вытворчасьць.

Спадар: «Першапачаткова новы аэрапорт выносіўся далей ад Менска, у чыстае поле, каб у выніку якога здарэньня самалёт падаў на чыстае поле. А тут плянуюць пабудаваць прамысловыя прадпрыемствы — хімічныя ці фармацэўтычныя. І, не дай Бог, штосьці з самалётам здарыцца пры заходзе на пасадку, і ён упадзе на гэты фармацэўтычны завод...У выніку ў Беларусі здарыцца яшчэ адна тэхнагенная катастрофа. Мне гэта незразумела. Адкажыце, ці быў запыт ў менскі аэрапорт?

Іншыя галасы: «Гэта правільна!»

Спадар: «Я думаю, што трэба зьвярнуцца да кіраўніцтва кампаніі «Белавія». Запытаць, як яны рэагуюць на тое, што ў іх пад бокам зьбіраюцца збудаваць гэтую прамысловую зону?"

Агульны сход адбываўся на вуліцы і доўжыўся амаль дзьве гадзіны. Людзі задаволеныя вынікамі:

Карэспандэнт: «Ці правільна, што правялі гэты сход?»

Спадарыня: «Канечне правільна! Я лічу, што змагацца можна й трэба! І трэба гэта рабіць, чым хутчэй, тым лепш!»

Голас з мэгафона: «Нам не даюць слова праўды сказаць! І калі нас такая ўлада не задавальняе, то мы супраць такой улады! На месцах, у выканкамах старшыні сельсаветаў — усе супраць нас...А мы ж — гаспадары Беларусі. І мы не аддадзім ні кавалачка сваёй зямлі! У свой час нашы дзяды адсюль фашыстаў прагналі. І цяпер абаронім сваю зямлю! Хто «ЗА»? (Галасы падтрымкі: «Усе!» )

Спадар: «Мы задаволеныя вынікам гэтага сходу! Ён прайшоў дастаткова актыўна, арганізавана і без якіх-небудзь эксцэсаў. Прынятыя тыя рашэньні, які на сёньня зьяўляюцца актуальнымі і важнымі для кожнага з нас».

Юрыдычную і інфармацыйную падтрымку жыхарам й дачнікам Смалявіцкага раёну забясьпечвае грамадзянская кампанія «Гавары праўду». Адзін зь яе лідэраў Андрэй Дзьмітрыеў выступаў на сходзе. Ягонае меркаваньне пра вынікі сходу:

Дзьмітрыеў: «Так, я задаволены вынікамі гэтага сходу, задаволены вялікай колькасьцю прысутных. І адзначу прынцыповы момант: зараз ужо ўдзельнікі сходу не зьвяртаюцца з падобнымі просьбамі кшталту «Растлумачце, што гэта будзе за парк, а выказваюць прынцыповае на сёньня рашэньне, што на гэтым месцы ў Смалявіцкім раёне не павінна быць гэтага прамысловага монстра.

Таксама я задаволены і тым, што мы пачалі рэалізоўваць ідэю мясцовага рэфэрэндуму, каб людзі мелі права голасу вырашаць сапраўды важныя для дзяржавы пытаньні. Цудоўна, што было сёньня аднагалосна людзьмі падтрымана».

Сход у Смалявіцкім раёне адбыўся без перашкодаў міліцыі і затрыманьняў.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG