Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра гэта паведаміў берасьцейскі праваабаронца Раман Кісьляк, які зьяўляецца аўтарам двух такіх скаргаў. Праваабаронца атрымаў з Упраўленьня вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека копію інфармацыі прадстаўніцтва Беларусі ў Жэнэве.

У гэтай інфармацыі ўрад Беларусі настойвае, што скаргі беларусаў зарэгістраваныя ў парушэньне Факультатыўнага пратаколу да Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Аднак Раман Кісьляк перакананы, што прэтэнзіі ўраду беспадстаўныя:

Раман Кісьляк

Раман Кісьляк

«Праблема ў тым, што ўвогуле няма працэдуры абскарджваньня рэгістрацыі скаргаў пры Камітэце ААН. Усе тыя прэтэнзіі, якія прад’яўляе дзяржава, яна можа прадставіць у межах наступнага этапу камунікацыі. Найперш яны тычацца вычарпаньня сродкаў унутранай прававой абароны. Дзяржава настойвае, што аўтар скаргі, канкрэтны чалавек, не прайшоў яшчэ нейкія інстанцыі.

У адносінах да скаргаў людзей, якім вынесены вырак пакараньне сьмерцю, улада настойвае на праходжаньні абскарджваньня ў парадку надзору і звароту за памілаваньнем. У той жа час, чакаць вынікаў такіх зваротаў і потым ужо зьвяртацца ў Камітэт па правах чалавека бессэнсоўна. Бо аб разглядзе скаргі і прашэньні аб памілаваньні чалавеку, якому вынесены сьмяротны вырак, паведамляюць непасрэдна перад ажыцьцяўленьнем пакараньня. Як ён пасьпее зьвярнуцца ў ААН за гэтыя некалькі хвілінаў? Дзяржава гэтага не тлумачыць.

З пункту гледжаньня Камітэту, дзяржава павінна сама стварыць эфэктыўнае абскарджваньне ўнутры краіны. А калі яно неэфэктыўнае, то Камітэт кажа, што чалавек не павінен праходзіць такія неэфэктыўныя сродкі прававой абароны. Супраць гэтага і выступае беларускі ўрад».

Раман Кісьляк кажа, што з дакумэнту вынікае, што ўрад Беларусі зараней папярэджвае, што будзе разглядаць рашэньні па гэтых скаргах як несапраўдныя:

«У дадзенай інфармацыі пастаяннага прадстаўніцтва Беларусі пры ААН увогуле складана зразумець пабудову прававой аргумэнтацыі. Бо няма ж магчымасьці, у прынцыпе, апратэстоўваць рэгістрацыю скаргаў. Безумоўна, гэта такі дэмарш... Я лічу гэта выхадам за межы прававой культуры.»

Спадар Кісьляк кажа, што Беларусь зараз знаходзіцца ў пяцёрцы дзяржаваў, з якіх накіравана найбольшая колькасьць скаргаў у Камітэт ААН па правах чалавека. 83 справы зараз знаходзяцца там на разглядзе, а ўсяго з 1992 году ў Камітэце было зарэгістравана 126 беларускіх скаргаў.
XS
SM
MD
LG