Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кітайскі рыначны сацыялізм вачыма беларускі


Студэнтка Даляньскага ўнівэрсытэту Анастасія Асташэвіч. Сацыялістычная вуліца з капіталістычным зьместам

Студэнтка Даляньскага ўнівэрсытэту Анастасія Асташэвіч. Сацыялістычная вуліца з капіталістычным зьместам

Беларусь актыўна нарошчвае эканамічныя і палітычныя сувязі з Кітаем.

На тэму, чаго чакаць ад гэтага зьнешнепалітычнага прыярытэту афіцыйнага Менска ў інтэрвію «Свабодзе» разважае студэнтка Ўсходняга фінансава-эканамічнага ўнівэрсытэту ў Даляні Анастасія Асташэвіч.

— Тры гады я адвучылася на факультэце міжнародных адносінаў Белдзяржунівэрсытэту і ўжо амаль чатыры — ва Ўсходнім фінансава-эканамічным унівэрсытэце ў Даляні. Вучыла кітайскую мову і там, і там. Калі параўноўваць, то розьніца такая: у Кітаі большая ўвага ўсё ж надаецца лінгвістычнаму аспэкту — кітайскай мове. Уся адукацыя ідзе менавіта на кітайскай мове і толькі асобныя дысцыпліны выкладаюцца па-ангельску. То бок, практычна заўсёды мы гаворым толькі па-кітайску. У БДУ амаль што ўвесь час мы навучаліся па-расейску. Што, канечне ж, не зусім эфэктыўна.

— Як давалася кітайская мова? Настолькі спэцыфічная, што, здаецца, дасканала вывучыць яе проста немагчыма...

— І ўсё ж, як кажуць, няма нічога немагчымага, і вывучыць кітайскую мову не складаней, чым вывучыць ангельскую. Але ж, натуральна, ёсьць свае спэцыфічныя бакі. Перадусім, каб размаўляць, трэба мець асаблівы слых і ўвесь час захоўваць увагу да таго, што табе гаворыць суразмоўца. Тым больш, вядома, што кітайцы пішуць не лацінкай, а маюць уласную і таксама вельмі спэцыфічную пісьменнасьць. Якраз у гэтым была галоўная складанасьць падчас засваеньня кітайскай граматы.

— Найбольшая колькасьць замежных студэнтаў у Беларусі — менавіта кітайцы. Калі ёсьць ахвотныя атрымліваць адукацыю ў Кітаі, чаму яны самі ня вучацца на радзіме?

— Прычын, канечне, шмат, але галоўная ў тым, што кітайцы ўсё ж лічаць Беларусь эўрапейскай краінай, а для кітайцаў Эўропа — гэта аўтарытэтны паказьнік таго, што ўзровень адукацыі там вышэйшы за ўзровень кітайскі. Зь іншага боку, хоць ВНУ ў Кітаі дастаткова шмат, паступіць туды не так лёгка, як, мабыць, у беларускія ўнівэрсытэты. Таму многіх задавальняе такі расклад: калі Беларусь у Эўропе, то ўсё павінна быць на высокім узроўні. Пэўна, гэта і ёсьць вырашальны фактар. Да таго ж, яны лічаць, што аплата за вышэйшую адукацыю ў Беларусі не такая ўжо і высокая. Хоць па беларускіх мерках плацяць дастаткова шмат — дзесьці пад 3000 даляраў штогод.

— Самі кітайцы наколькі адкрытыя для тых жа замежнікаў? Ці можна казаць, што яны складаныя людзі?

— Не буду гаварыць, што мне даводзілася зь імі мець надта шчыльныя адносіны, але, паводле маіх адчуваньняў, яны нашмат больш адкрытыя і нашмат больш ветлівыя, чым, скажам, беларусы. Ня ведаю, у чым галоўная прычына такога ўражаньня, але я насамрэч перакананая: кітайцы вельмі і вельмі прыемныя людзі. Прынамсі мне ўсе чатыры гады там надзвычай камфортна вучыцца і заводзіць новых сяброў.

Кітайцы моцныя калектывізмам

Кітайцы моцныя калектывізмам



— Існуе стэрэатып: дзе кітаец асеў, неўзабаве туды падцягнецца вялікая колькасьць яго суродзічаў. Як прыклад — канфліктная сытуацыя вакол пабудовы кітайскага індустрыяльнага парку пад Смалявічамі, асвойваць які прыедуць больш за паўмільёна кітайцаў. Ці небясьпечна гэта з гледзішча дэмаграфічнага?

— Гэта складанае пытаньне, але лічу, што засьцерагацца ня трэба. Кітайцы — вельмі працавіты народ, і пераселяцца яны да нас у большай ці ў меншай колькасьці, думаю, Беларусі гэта пойдзе толькі на карысьць. Беларусам трэба толькі павучыцца ў іх гэтай працавітасьці і ўпартасьці ў дасягненьні пастаўленай мэты. Зрэшты, паглядзім, як яно будзе...

— Шмат рэклямаваная «унікальная» беларуская эканамічная мадэль ва ўмовах крызісу ня вельмі сябе апраўдала. Кітайская мадэль увогуле не паддаецца ўціскваньню ў звыклыя рамкі, але яе мэханізм рэальна працуе. Як будучы эканаміст: у чым усё ж унікум кітайскага шляху?

— Кітайскі досьвед мае вельмі шырокія пэрспэктывы. Я магу гэта назіраць, проста гледзячы, як імкліва разьвіваецца горад, у якім я вучуся. Перадусім хачу адзначыць поўную эканамічную свабоду, якую маюць як буйныя бізнэсоўцы, так і дробныя прадпрымальнікі. Ва ўсіх сфэрах падтрымка ад дзяржавы вельмі істотная і надзвычай шырокая. Ва ўмовах існуючых тэмпаў разьвіцьця Кітаю і кітайскай эканомікі, лічу, што гэтая мадэль на дадзены час самая слушная для Кітайскай Народнай Рэспублікі.

— Але Кітай — гэта ўсё ж сацыялістычная краіна з элемэнтамі рынкавай эканомікі. Ці ёсьць сэнс іншым краінам запазычваць такую мадэль?

— Не лічу, таму што кожнай краіне пасуе нейкая свая мадэль і свой асаблівы шлях разьвіцьця. Што тычыцца таго ж Кітаю, то гэтае разьвіцьцё стрымліваецца палітычнай ідэалёгіяй, якая, з аднаго боку, спрыяе капіталістычнаму разьвіцьцю, а зь іншага боку, стварае непрабівальны ідэалягічны бар’ер. Кітайцы да такой мадэлі прыстасаваліся, ці здолеюць іншыя — вялікае пытаньне.

— Беларускае кіраўніцтва дэкляруе гатоўнасьць пашыраць стасункі з Пэкінам. Не будзем казаць пра нейкія іншыя палітычныя ўмовы, але цяперашняй Беларусі пасуе кітайскі шлях разьвіцьця?

— Вельмі складана параўноўваць не зусім параўнальнае, але ў любым выпадку шлях рынкавай эканомікі — а менавіта, адкрытай рынкавай эканомікі — заўсёды мае куды больш станоўчых момантаў, чым таптаньне на месцы. Прынамсі, нашмат больш плюсоў, чым мінусаў.

Анастасія Асташэвіч. Далянь – як на далоні

Анастасія Асташэвіч. Далянь – як на далоні



— Глябальныя пляны, якія кіраўнікі дзяржаў акрэсьліваюць на словах, ці маюць пэрспэктывы на справе? Наколькі Кітай насамрэч цікавіць такая маленькая краіна, як Беларусь?

— Справа ў тым, што кітайцы свае грошы на вецер ніколі не кідаюць, таму ў гэтым зьвязку я лічу нашы адносіны небэспэрспэктыўнымі. Тым больш, што Беларусь прымыкае да Эўропы, тут знаходзяцца многія лягістычныя цэнтры, значныя тэрыторыі, прыдатныя для земляробства, для будаўніцтва. То бок, ёсьць над чым працаваць і нам, і ім.

— Зноў жа, пашыранае меркаваньне, што дабрабыт Кітаю грунтуецца пераважна на таннай працоўнай сіле...

— Так, можна казаць, што яна сапраўды амаль дармавая. Але я лічу, што вельмі хутка гэта ўжо застанецца ў далёкім мінулым. Пакуль гэта збольшага так, аднак у Кітаі істотнае сацыяльнае раздваеньне: ёсьць і вельмі багатыя, і вельмі бедныя. Гэтую розьніцу ў прыбытках можна пабачыць наўпрост на вуліцах. Адрозьненьне вельмі значнае, але заможных кітайцаў з кожным годам усё больш.

— Наколькі адчуваецца заідэалягізаванасьць кітайскага грамадзтва? Прыкладам, гледзячы тэлебачаньне, ці можа пачуць нейкія крытычныя выказваньні пра ўладу?

— Колькі я глядзела кітайскае тэлебачаньне, ніколі не чула нічога адмоўнага ні ў навінах, ні ў камэнтарах якіхсьці дзяржаўных чыноўнікаў. Абсалютна нічога адмоўнага, крытычнага, усё толькі добрае, толькі пазытыўнае. Яшчэ раз паўтару, што такі вось ідэалягічны складнік у Кітаі наогул вельмі і вельмі моцны.

— Што адбываецца ў сеціве? Інтэрнэт фільтруецца?

— Тэхнічна ўсё працуе нашмат больш дасканала, чым у Беларусі. Але з боку ідэалёгіі створана мноства бар’ераў. Так, у Кітаі не працуюць многія замежныя сайты, у тым ліку такія як Google, Facebook (але пры гэтым працуе гангконгскі Facebook). У пераліку і некаторыя расейскія сайты, перадусім, сацыяльныя сеткі кшталту «Вконтакте». То бок, намагаюцца максымальна кантраляваць моцны паток ўзаемаабмену інфармацыяй, бо яшчэ не гатовыя адкрыцца цалкам іншаму сьвету. Блякуюцца найперш тыя рэсурсы, якія могуць крытыкаваць кітайскую ўладу. А яны гэтага вельмі ня любяць. Зноў жа, лічу, што ўсё гэта абумоўлена ідэалягічнай абаронай дзяржавы.

З сяброўкай пад кітайскай вішняй

З сяброўкай пад кітайскай вішняй



— Пры канстатацыі адметнасьці кітайскай мадэлі, нельга казаць, што яна сацыяльна арыентаваная. Адрозна ад Беларусі, дзе мінімальную пэнсію дадуць нават тады, калі ты ніколі не працаваў, не заробленыя грошы не плацяць?

— Так, грошы атрымліваюць толькі тыя людзі, якія працуюць. Прычым, працуюць доўга, шмат, не зьвяртаючы ўвагі на выходныя. Такая праца адпаведна і ўзнагароджваецца. А калі не працуеш, то, значыць, нічога і не маеш. То бок, пэнсій як такіх у Кітаі няма, старых даглядаюць дзеці. Сацыяльная база там не такая свабодная, як у той жа Эўропе. Кітайцам трэба працаваць і працаваць, доўга і нудна, і нейкая дапамога — гэта надзвычай рэдкая і амаль што незвычайная зьява.

— Сам па сабе Далянь як выглядае? Індустрыяльны, са шкла і бэтону? Сучасны горад?

— Далянь — напалову сучасны, але напалову ўсё ж гэта сельскі горад. І трэба адзначыць, што паступова ён робіцца ўсё больш і больш індустрыяльным цэнтрам. Сам па сабе гэты рэгіён лічыцца курортным, хоць ва ўяўленьні беларусаў гэта не зусім так, бо мы ў курорт укладаем іншы сэнс. Для нас што такое курортны горад? Сонца, мора, цяпло, ніякіх навучальных установаў. Да таго ж, Далянь — гэта поўнач краіны.

— Прыяжджаючы ў Менск, як ты яго ўспрымаеш у параўнаньні з Далянем?

— Ну, як вам сказаць, каб не пакрыўдзіць? Усё ж іх наўрад ці можна параўноўваць. У Менску няма такіх высотных пабудоваў, ён больш эўрапейскі. А Далянь — ужо з гэткімі махровымі элемэнтамі капіталістычнага разьвіцьця.

— Той жа Далянь мае крыху вышэйшы ўзровень у параўнаньні з многімі рэгіёнамі Кітаю. З сярэднім заробкам беларуса ў 200-250 даляраў там пражыць можна?

— У Даляні цалкам можна жыць на гэтыя грошы, асабліва з улікам, што большая палова жыхароў ня мае і гэтага. Але іншая справа, што там можна пражыць і на меншыя сумы, бо ў Кітаі і ежа не такая дарагая, як у нас, і транспарт, і жыльлёвыя ўмовы. Там усё гэта можна арганізаваць за куды меншыя грошы, чым у Беларусі. Пры тым, што прыбыткі прыблізна такія ж, харчаваньне, пражываньне, паслугі нашмат таньнейшыя.

— Увогуле не шкадуеш, што лёс склаўся такім чынам, падкінуўшы яшчэ і кітайскі пэрыяд?

— Канечне, не шкадую, бо гэта насамрэч выдатны пэрыяд у маім жыцьці. І я спадзяюся, што ён яшчэ не скончыўся, а будзе працягвацца і надалей.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG