Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Першаму беларускаму замказнаўцу Міхасю Ткачову — 70


Міхась Ткачоў

Міхась Ткачоў

10 сакавіка Міхасю Ткачову — 70. І ўжо дваццаць гадоў, як знаны беларускі гісторык, археоляг, грамадзка-палітычны дзеяч, доктар гістарычных навук, прафэсар пакінуў гэты сьвет.

Але засталася навуковая спадчына, таленавітыя пасьлядоўнікі, памяць сяброў.

Будучы гісторык нарадзіўся ў старажытным мястэчку Мсьціславе ў сям’і настаўнікаў, чый радавод сягае ў шляхецкую даўніну. Гісторыя ды спадчынныя гены несумненна паўплывалі на ягоную асобу як вызначальныя фактары, лічыць зямляк Міхася Ткачова ды ягоны маладзейшы калега Алег Трусаў.

Алег Трусаў

Алег Трусаў

«Ён ужо ў маладыя гады быў вельмі добры краязнаўца, напісаў шмат матэрыялаў па гісторыі роднай Амсьціслаўшчыны. Потым стаў кандыдатам, доктарам навук, прафэсарам. Гэта заснавальнік беларускай сярэднявечнай археалёгіі. Гэта чалавек, які ўпершыню адкрыў Беларусь як краіну замкаў. Гэта кіраўнік выдавецтва „Беларуская Энцыкляпэдыя“. Зь яго ініцыятывы выйшлі ў сьвет шматтомная „Гісторыя Беларусі“, „Археалёгія і нумізматыка“ і шмат іншых энцыкляпэдычных выданьняў».

Пасьля заканчэньня БДУ Міхась Ткачоў некалькі гадоў жыў у Жодзіне. Спачатку настаўнічаў там, а потым штодня езьдзіў адтуль у Менск на працу ў Акадэмію навук. Дарога пазнаёміла яго з мастаком Алесем Марачкіным, што стала сюжэтам некалькіх Алесевых твораў.

Аляксей Марачкін

Аляксей Марачкін

«Маё знаёмства зь Міхасём Ткачовым, сьветлай памяці такога чалавека, яно было вельмі плённым. І я ўдзячны яму, што ён абудзіў у мяне цікавасьць да нашае гістарычнае спадчыны».

Потым маладога гісторыка запрасілі выкладаць у Гарадзенскі ўнівэрсытэт. Там, як прыгадвае прафэсар Алесь Краўцэвіч, Ткачоў стаў адной з самых прыцягальных і яркіх постацяў навуковае і творчае эліты.

Алесь Краўцэвіч

Алесь Краўцэвіч

«Вельмі цікавы быў расказчык, вельмі такі шумны, вялікі чалавек. Ён увогуле быў гігантам. Ён жа быў два мэтры ростам і вагой пад сто пяцьдзясят кіляграмаў, і пры гэтым целасклад у яго даволі добры быў. Ён прыходзіў, і заўсёды яго было шмат. Ён быў лідэрам. Ён застанецца ў гістарыяграфіі дзякуючы сваёй асабовай яркасьці».

У гістарыяграфіі ён застанецца перадусім як першы беларускі замказнаўца, зазначае гісторык і грамадзка-палітычны дзеяч Міхась Чарняўскі, на вачах якога ад першага курсу БДУ ўзгадоўваўся навуковы талент Ткачова.

Міхась Чарняўскі

Міхась Чарняўскі

«Ён быў першым, хто прафэсійна займаўся беларускімі замкамі, абарончымі збудаваньнямі. Ён зрабіў кандыдацкую па гэтай тэме, потым доктарскую дысэртацыю абараніў, напісаў некалькі манаграфій, чыста навуковых і навукова-папулярных кніжак, якія карысталіся вялікім попытам і разыходзіліся вельмі хутка. Ягоныя кніжкі не залежваліся на паліцах, а літаральна, як кажуць, разьбіраліся чытачамі. Потым і перавыданьні былі. І ў гэтым сэнсе ён, канечне, рабіў велізарную справу для беларускага адраджэньня. Ён быў перакананым беларускім патрыётам».

Патрыятызм Міхася Ткачова застанецца і на старонках гісторыі асьветнага клюбу «Паходня» ў Горадні, «Мартыралёгу Беларусі», Беларускага Народнага Фронту. А калі ў краіне адраджалася сацыял-дэмакратыя, ён стаў першым старшынёй Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады.

Фота nn.by, vytoki.net, radzima.org, pawet.net














Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG