Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонка Аўтуховіча: «Мікалая могуць пакараць за званок, якога ён не рабіў»


Адміністрацыя Гарадзенскай турмы разьбіраецца, ці званіў Мікалай Аўтуховіч сваёй маці. Мікалай Статкевіч «закаханы ва ўсіх жанчын Беларусі». Зьміцер Дашкевіч напісаў пра тое, як змагаўся з холадам у карцэры. Павал Севярынец у нядзелю будзе маліцца і пісаць лісты аднадумцам. Маці Эдуарда Лобава пабачылася зь ім у калёніі.

Жонка Мікалая Аўтуховіча Алена паведаміла, што перадала мужу перадачу, атрымлівае ад яго лісты. «У яго ўсё нармальна, вось толькі могуць узьнікнуць праблемы з-за званку, які нібыта Мікалай зрабіў з турмы», — кажа Алена.

«Быццам ён званіў сваёй маці. Але ён ніяк з турмы ня мог званіць сваёй маці. Гэта сур’ёзнае парушэньне. І ў яго з-за гэтага зараз праблемы. Могуць пакараць, нечага пазбавіць. Тое, што было напісана ў інтэрнэце, не адпавядае рэчаіснасьці».

Мікалай Аўтуховіч
Мікалай Аўтуховіч
23 лютага ў інтэрнэце зьявілася інфармацыя пра тое, што Мікалай Аўтуховіч праз сваю маці павіншаваў былых вайскоўцаў з Днём абаронцаў Айчыны, а жанчын — з 8-м сакавіка. Жонка вязьня мяркуе, што гаворка ішла пра ліст, а не званок. «Магчыма, журналісты пераблыталі», — кажа Алена.

Грамадзянская актывістка Тацяна Кім, якая лістуецца зь Мікалаем Аўтуховічам, атрымала ад яго ліст. Мікалай Аўтуховіч дае ў гэтым лісьце ацэнку дзейнасьці апазыцыі.

«Незразумелыя крокі апазыцыі. Зноў як у байцы Крылова пра лебедзя, рака і шчупака. Няўжо дзеля таго, каб зразумець, што рабіць, трэба адседзець два гады ў турме? Сумна».

Мікола Статкевіч
Мікола Статкевіч
9 сакавіка ад Мікалая Статкевіча прыйшла паштоўка жонцы Марыне Адамовіч зь віншаваньнямі зь Міжнародным днём жанчын. Паштоўка з Магілёўскай турмы да Менску ішла 10 дзён.

«Ён раней яшчэ прасіў павіншаваць жанчын, сказаць, што ён закаханы ў беларускіх жанчын. Гэта стаіць на ягоным сайце».

Таксама Марына Адамовіч атрымала ліст ад Зьмітра Дашкевіча, у якім старшыня «Маладога фронту» апісаў, як змагаўся з холадам у карцэры Глыбоцкай калёніі.

Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Дашкевіч
«Гэта быў вельмі халодны карцэр. У адказ на параду Статкевіча, якую я дасылала Зьмітру, каб не забываўся займацца гімнастыкай, ён піша, што займаўся дзень і ноч. Бо даводзілася па 5 разоў падымацца і хвілін па 20 займацца, каб сагрэцца».

«Хімік» Павал Севярынец у нядзелю, 11 сакавіка, якая афіцыйна абвешчаная працоўным днём, будзе маліцца і пісаць лісты людзям, зь якімі рэгулярна лістуецца. Сярод іх — палітвязьні: актывіст Зьміцер Дашкевіч, праваабаронца Алесь Бяляцкі, палітык Зьміцер Бандарэнка. Пра пэрспэктывы свайго датэрміновага вызваленьня з «хіміі», якую Павал Севярынец адбывае ў Пружанскім раёне, ён кажа гэтак:

Павал Севярынец
Павал Севярынец
«Набліжаецца, празь месяц будзе тэрмін магчымага ўмоўна-датэрміновага вызваленьня, але ніякіх размоў у сувязі з гэтым няма. Мяне яшчэ ўвосень папярэдзілі, што павінна быць альбо прашэньне, альбо палітычнае рашэньне. А калі няма гэтага, то будзеш сядзець, як сядзіш».

Маці маладафронтаўца Эдуарда Лобава Марына Лобава наведала яго ў Івацэвіцкай калёніі, дзе актывіст адбывае 4 гады зьняволеньня. Гэта было доўгатэрміновае спатканьне — маці бачылася з сынам 3 дні. Марына Лобава распавяла:

Эдуард Лобаў
Эдуард Лобаў
«Што казаць, навінаў у яго асаблівых няма. Усё па-ранейшаму. Але здаровы, настрой у яго бадзёры. Ён не адчувае сябе прыгнечаным ад таго, што столькі адседзеў і яшчэ наперадзе даволі вялікі тэрмін. Не губляецца. Гэтак можна вызначыць ягоны стан».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG