Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Расейская апазыцыя правядзе 10 сакавіка на Новым Арбаце ў Маскве мітынг з патрабаваньнямі новых прэзыдэнцкіх і парлямэнтарных выбараў ды палітычнай рэформы ў Расеі.

Заяўленая апазыцыяй колькасьць удзельнікаў акцыі пратэсту ― 50 тысячаў чалавек. «Мітынг узгоднены з мэрыяй Масквы, таму, я спадзяюся, ніякіх здарэньняў ня будзе, усе, хто жадае, могуць прыйсьці і прыняць удзел. Самае галоўнае ― мы зноў пазначым сваю пазыцыю, якая заключаецца ў тым, што мітынгі будуць працягвацца і далей, пакуль паводле новага заканадаўства ня будуць праведзеныя новыя сумленныя парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары» ― сказаў расейскай службе нашага радыё Сяргей Малайцоў, сябра аргкамітэта «За сумленныя выбары» і каардынатар «Левага фронту».

«На мітынгу будуць выступаць і палітыкі, і грамадзянскія актывісты, і назіральнікі з выбараў 4 сакавіка. Тыя, у каго ёсьць канкрэтныя прыклады фальсыфікацый. Сьпіс выступоўцаў яшчэ пакуль канчаткова ня ўзгоднены. Будзе ўстаноўлены экран, на якім плянуем трансьляваць відэа з прыкладамі фальсыфікацый на выбарах» ― дадаў Малайцоў.

Некаторыя арганізатары мітынгаў «За сумленныя выбары» дапускаюць, што гэтым разам апазыцыя можа не сабраць адпаведнай колькасьці ўдзельнікаў. У прыватнасьці, так лічыць сябра Лігі выбаршчыкаў, пісьменьнік Барыс Акунін:

Барыс Акунін

Барыс Акунін

«Абсалютна ясна, што ў выніку падзей 4 і 5 сакавіка рух грамадзянскай супольнасьці перайшоў у новую фазу. Першая ― рамантычная і эўфарычная ― скончылася. Людзі зразумелі, што з белымі паветранымі шарыкамі, стужкамі і вясёлымі флэшмобамі супраць робатаў з АМАПу ня пойдзеш. Не зьдзіўлюся, калі 10-га сакавіка на наш мітынг акрамя назіральнікаў ніхто не прыйдзе. І ўсё ж я думаю, што людзі не пагодзяцца існаваць у той сыстэме, што і раней. Грамадзянская супольнасьць пачне разьвівацца па шляху самаарганізацыі, барацьбы за перамогу на мясцовых выбарах. Дэмакратыя павінна расьці нармальна ― зьнізу ўверх» ― адзначыў Барыс Акунін.

Відэатрансьляцыя на сайце расейскай службы Радыё Свабода зь мітынгу на Новым Арбаце 10 сакавіка пачнецца а 12.00 менскага часу.
XS
SM
MD
LG