Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прадаць прадпрыемствы, каб аддаць даўгі»


Беларусь зацікаўленая ў атрыманьні новага крэдыту МВФ, але можа абысьціся і безь яго, заявіла старшыня Нацыянальнага Банку Беларусі Надзея Ермакова пасьля таго, як Менск пакінула місія МВФ, якая працавала тут з 22 лютага па 6 сакавіка. Сапраўды, цяпер назіраюцца нейкія прыкметы стабілізацыі ў фінансавым становішчы — курс даляра стабільны, золатавалютныя запасы растуць. Можа, сапраўды сёньняшні стан беларускай эканомікі дазваляе пакуль абысьціся бяз новых замежных крэдытаў?

Барыс Жаліба
Барыс Жаліба
Міхал Залескі
Міхал Залескі
Віталь Цыгаккоў
Віталь Цыгаккоў
На гэтыя ды іншыя пытаньні адказваюць эканамісты Барыс Жаліба і Міхал Залескі.

«У найбліжэйшы час размова пра нейкі крэдыт ад МВФ нават не актуальная»


Жаліба: «Рэч у тым, што ўсе выхады на Захад цяпер беларускімі ўладамі абарваныя. Ведаем гісторыю з пасламі, ведаем, што МВФ адклікаў зь Менску свайго сталага прадстаўніка Натальлю Калядзіну. Так што ў найбліжэйшы час размова пра нейкі крэдыт ад МВФ нават не актуальная.

Зь іншага боку, курс даляра стабілізаваўся, экспарт расьце — дзякуючы таму, што Расея загрузіла на 100 працэнтаў працай нашыя нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы, паступленьні валюты нармальныя — пра гэта сьведчыць тое, што на біржы прапанова валюты перавышае попыт. Усё гэта натхняе беларускія ўлады заяўляць, што можна пражыць і без МВФ.

Пакуль нас крэдытуе антыкрызісны фонд ЭўрАзЭС. Праўда, апошні транш быў адкладзены з прычыны невыкананьня Беларусьсю пэўных умоваў. Але, я думаю, урэшце гэты крэдыт паступіць.

І многія аналітыкі ўвогуле задаюцца пытаньнем, ці трэба Беларусі пазычаць новыя грошы, бо іх усё роўна давядзецца аддаваць. Сёлета трэба аддаць 1,6 мільярда розным крэдыторам. Калі экспарт будзе нармальны, то гэтую задачу наш урад вырашыць. Але ў 2013 і 2014 гадах трэба ўжо аддаваць па 3 мільярды ў год».

«Наступныя 2 гады ўжо сваімі сіламі не разьлічыцца»


Цыганкоў: «Але пагадзіцеся, што грошы МВФ даюцца пад самыя выгадныя працэнты. Да таго ж супрацоўніцтва з МВФ — пэўны маяк, паказьнік таго, што з гэтай краінай можна мець справу».
Гэты год яшчэ можна разьлічыцца з даўгамі МВФ, а наступныя 2 гады ўжо сваімі сіламі не разьлічыцца.

Жаліба: «Я згодны. Але памятаеце, што ў 2009–10 гадах МВФ нас крэдытаваў. Аднак ці кінуўся сюды заходні капітал? Не. Я думаю, беларускія ўлады непакоіць тое, што гэты год яшчэ можна разьлічыцца з даўгамі МВФ, а наступныя 2 гады ўжо сваімі сіламі не разьлічыцца. Таму ёсьць стары спосаб — рэструктурызацыя доўгу. Дамовіцца, каб перанесьці вяртаньне на пазьнейшы пэрыяд — але МВФ гэтага ня робіць. Альбо зноў пазычыць у Антыкрызіснага фонду, якім фактычна кіруе Расея».

Цыганкоў: «Спадар Залескі, ці можа Беларусь абысьціся ў найбліжэйшыя гады без крэдытаў МВФ?»

Залескі: «Можна жыць без рукі, бяз вока, бяз солі, цукру. Пражывем і мы без МВФ, без эўрапейскіх амбасадараў. Вунь паўночныя карэйцы жывуць безь нічога, і хоць бы што. Так і мы будзем, праўда? Не. Гэтая „палёгка“, што ўтварылася, гэта ня дзякуючы нам стварылася, а дзякуючы Расеі, якая мае тут свае мэты і проста так нічога не дае. Таму гэта вельмі небясьпечныя гульні.

МВФ — гэта структура, у якой дамінуючую ролю граюць ЗША і Эўропа. І патрабаваньні гэтай структуры ў пэўным сэнсе выходзяць за межы эканамічных. У нас у турмах сядзяць палітвязьні, і гэта не падабаецца ЗША і Эўропе.

Чаму да нас не пабеглі інвэстары? Бо няма правілаў, а сур’ёзныя інвэстары любяць гуляць па правілах. Таму яны і не ідуць да нас, а ідуць розныя авантурысты».

«Агульная запазычанасьць у два разы большая за мяжу дэфолтнай небясьпекі»


Цыганкоў: «Колькі цяпер складае ўвесь доўг Беларусі? Якія пэрспэктывы ягонага вяртаньня нават пры ўмовах даволі спрыяльнай эканамічнай сытуацыі?»

Залескі: «Агульная запазычанасьць у два разы большая за мяжу дэфолтнай небясьпекі Беларусі. Калі ў нас болей за 19 мільярдаў даляраў сукупная зьнешняя запазычанасьць, то гэта ставіць нашу эканоміку пад пагрозу дэфолту. Здарыцца што, не ўгадай мы недзе — клямка.
Агульная запазычанасьць у два разы большая за мяжу дэфолтнай небясьпекі Беларусі.

Я б паглядзеў на гэтую запазычанасьць з пункту гледжаньня кароткатэрміновасьці і доўгатэрміновасьці. Агульная сума даўгоў — каля 34 мільярдаў паводле Нацыянальнага банку, ці нават каля 40, як лічаць некаторыя экспэрты, бо ўся гэтая падліковая сыстэма ў нас ня вельмі празрыстая. 14 мільярдаў — гэта кароткатэрміновыя запазычанасьці, якія трэба хутка аддаваць. І гэта вісіць, як ядро ў катаржнікаў на назе.

І я б ня вельмі радаваўся посьпехам у нашым экспарце. Віцэ-прэм’ер Сямашка казаў, што правальная сытуацыя на „Беларуськаліі“, што там вялі няправільную цэнавую палітыку. З нафтаперапрацоўкай мы цалкам залежым ад зьнешніх чыньнікаў. Калі пачне вагацца кошт на нафту, то паляцім мы дагары нагамі».

Цыганкоў: «А як выглядаюць стратэгічныя пэрспэктывы беларускай эканомікі з пункту гледжаньня даўгавой залежнасьці? Ці магчыма бліжэйшыя 3–4 гады пражыць бяз новых пазыкаў?»

Жаліба: «Валавы ці сукупны доўг — каля 33 мільярдаў. Але кожную краіну найперш непакоіць зьнешні дзяржаўны доўг. Паводле некаторых падлікаў, замежныя даўгі падышлі да крытычнай рысы — 50 працэнтаў ВУП. Што да астатніх даўгоў (банкаў, прадпрыемстваў), то яны носяць бягучы характар і павінны скасавацца ў бягучым парадку.

Паколькі стасункі з Захадам адсечаныя апошнімі падзеямі, то ў найбліжэйшыя год-два чакаць крэдыту ад МВФ не выпадае. А даўгі аддаваць трэба. Хто ж будзе падпіраць Беларусь? Толькі Расея. Бо ў кітайцаў крэдыты толькі зьвязаныя, яны вязуць сюды свае матэрыялы і абсталяваньне.

Таму пэрспэктыва бязрадасная. Іншая магчымасьць разьлічыцца — прадаваць актывы, але пакупнік тут зноў-такі толькі Расея. Зараз размова ідзе пра БМЗ, Сямашка ацаніў яго ў нерэальныя 8 мільярдаў даляраў, столькі ніхто ня дасьць, расейцы ацанілі магутнасьць падобных заводаў у два мільярды. Ну, і, нарэшце, „Беларуськалій“, „Нафтан“. Але гэта продаж „фамільнага срэбра“, гэта не сапраўдная прыватызацыя. Пакупнік тут загадзя вядомы, размова не ідзе пра мадэрнізацыю, гэта проста — прадаць, каб аддаць даўгі».
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG