Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галадоўніка Сяргея Каваленку на «Валадарцы» наведаў пастар Эрнст Сабіла, які спрабаваў угаварыць актывіста спыніць галадоўку.

У 1989 годзе на першым зьезьдзе БНФ Эрнст Сабіла зачытваў Біблію, асьвячаў палітычнае мерапрыемства. Пры ўчорашняй сустрэчы зь Сяргеем Каваленкам, сябрам партыі КХП БНФ, пастар Сабіла адмыслова нагадаў пра гэтую падзею. Паводле пастара, ён працытаваў галадоўніку тое месца зь Бібліі, дзе патлумачана, дзеля чаго можна ахвяраваць целам:

«„У ахвяру, якая ўгодна Богу“ — вось для якой ахвяры. І для „разумнага служэньня вашага“. Значыць, гэта ахвяра не сьмяротная, гэта такая ахвяра, калі даводзіцца табе недзе недаесьці — недаеж на справе сваёй, недаспаць — недасьпі на справе сваёй, ахвяруй. Але гэтая мая размова яму не спадабалася, ён мяне перапыніў і сказаў, што спыніць галадоўку, толькі калі адменяць прысуд і ён вернецца ў сям’ю».

Айцец Эрнст Сабіла за савецкім часам больш як 10 гадоў адбыў у лягерах за свае рэлігійныя погляды. Ён кажа, што шмат бачыў галадоўнікаў, у тым ліку і такіх, якія ішлі да канца. Пастар паабяцаў маліцца за маральны стан Сяргея Каваленкі. Фізычны стан галадоўніка айцец Сабіла ацэньвае гэтак:

«Што тычыцца ягонага здароўя, відаць, што чалавек змардаваны. Мэдычных дадзеных у яго я не пытаўся, але відаць, што чалавек зьнясілены. Хоць ён і прыйшоў сам і сышоў сам, але ён вельмі схуднелы, бачна ягоная цялесная слабасьць. Гэта вынік дзеяньняў уладаў».

7 сакавіка Сяргея Каваленку аглядалі ў 9-й клінічнай бальніцы. Там Каваленку прапанавалі стацыянарнае лячэньне, але з умовай, што ён адмовіцца ад галадоўкі. Вядома, што Сяргей Каваленка не прыняў гэтага ўльтыматуму і яго вярнулі на «Валадарку». 9 сакавіка намесьнік старшыні партыі КХП БНФ Юрась Беленькі зьвярнуўся ў пракуратуру з просьбай абавязаць адміністрацыю «Валадаркі» пакласьці Сяргея Каваленку ў цывільны шпіталь без умоваў:
Якія яшчэ ўмовы да чалавека ў такім фізычным стане? Толькі шпіталь.

«Такога чалавека абавязкова трэба класьці ў шпіталь. Якія яшчэ ўмовы да чалавека ў такім фізычным стане? Толькі шпіталь».

Паводле апошніх зьвестак, Сяргей Каваленка важыў 55 кіляграмаў, у яго пачаліся праблемы з ныркамі, ён горш бачыць і чуе. Жонка Сяргея Алена Каваленка спрабавала перадаць мужу ў турму адмысловую мэдычную прыладу для прамываньня страўніка, але ёй не дазволілі. «Сказалі, што такія прылады ёсьць у турэмным шпіталі і там могуць зрабіць прамываньне страўніка ў любы момант», — паведаміла Алена. Ці прапанавалі гэтую працэдуру Сяргею Каваленку цяпер?

«Пра гэта мне невядома, прапанавалі ці не. Буду прасіць адваката наведаць яго ў нядзелю, а сама буду прасіць дазволу на будучым тыдні».

Сяргей Каваленка галадуе зь перапынкам ад сярэдзіны сьнежня. Актывісту прысудзілі 2 гады і месяц зьняволеньня за парушэньне адбыцьця пакараньня хатняй «хіміяй» за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на навагодняй елцы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG