Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўшчына: 38 сьмерцяў на пажарах


На Магілёўшчыне за першыя два месяцы году было 209 пажараў. На іх загінулі 38 чалавек. Збольшага пажары здараюцца ў сельскай мясцовасьці празь людзкую нядбайнасьць, няспраўнасьці ў пячным ацяпленьні ды п’янства.

Знайсьці спэцыяліста, каб паправіць печ, у вёсцы няпроста. Добрых печнікоў адзінкі. Напрыклад у Бялыніцкім раёне — чацьвёра. І тыя занятыя, зазначае жыхар вёскі Вялікая Машчаніца Барыс Вырвіч:

«Каб перакласьці печ альбо грубку, трэба няшмат, у прынцыпе, грошай — дзесьці 150–200 даляраў. А праца ж даволі складаная. Таму людзей гэтых і ня вельмі шмат. Калі вясковец хоча нешта зрабіць, то чакае некалькі месяцаў, пакуль майстар вызваліцца. Маладыя спэцыялісты займаюцца ў асноўным камінамі, на якіх у той жа Расеі ці ў нас можна зарабіць большыя грошы».

У Круглянскім раёне сытуацыя аналягічная бялыніцкай. Тутэйшы майстар Яўген Іванавіч кладзе й рамантуе печкі больш за пяцьдзясят гадоў. Замоваў шмат, нават не пасьпявае ўсе парабіць. Каб адрамантаваць печ, трэба грошы, а дзе іх селяніну ўзяць? — кажа ён. Тое, што пажараў шмат, майстра ня дзівіць. Печы ў хатах, тлумачыць ён, альбо састарэлі, альбо складзеныя з парушэньнямі тэхналёгіі:

«Мне часта даводзіцца перарабляць. Так вось фундамэнт паддаўся і трэшчына можа быць. Людзі няўважлівыя: „Ай, пройдзе“. А яно не праходзіць. Тады там сажа зьбіраецца, і дастаткова іскры для пажару. Чакаем халадоў — значыць, трэба паліць многа. А тады так напаляць, што яна раскаліцца, і тады пажар».

Недахоп сродкаў у вяскоўцаў лічыць прычынай бальшыні пажараў спэцыяліст пажарнай службы з Магілёва Ўладзімер Новікаў:
Цяпер нямногія могуць сабе дазволіць будаваць дом паводле тых парамэтраў, якія патрэбныя для пажарнай бясьпекі.

«Цяпер нямногія могуць сабе дазволіць будаваць дом паводле тых парамэтраў, якія патрэбныя для пажарнай бясьпекі. А калі печка не адпавядае тэхнічным дадзеным, то, зразумела, здараецца пажар. А калі дарогі ўсе замеценыя, ні даехаць, ні дабрацца, то часам хлопцы не пасьпявалі. Дом ужо быў згарэўшы».

Яшчэ адна прычына гібелі на пажарах — п’янства. З 38 загінулых 28 былі ў нецьвярозым стане.

«Каля 40 працэнтаў загінулых — беспрацоўныя. 36 працэнтаў — пэнсіянэры. 27 працэнтаў — працоўныя. Гэта кажа пра тое, што мясцовыя органы ўлады робяць недастаткова, каб прадухіліць гібель людзей на пажарах, навучаць людзей правілам пажарнай бясьпекі ды прыводзіць домаўладаньні ў пажарабясьпечны стан», — заявіла днямі супрацоўніца абласной пракуратуры Валянціна Калянічэнка.

На адным з пасяджэньняў аблвыканкаму яго кіраўнік Пётар Руднік загадаў мабілізаваць для прадухіленьня пажараў участковых міліцыянтаў, пажарных ды сельскую інтэлігенцыю. У аблвыканкаме нават створаны штаб, які ўзначаліў намесьнік Рудніка Валерый Малашка. Ён будзе займацца ня толькі пажарамі, але і дарожна-транспартнымі здарэньнямі, колькасьць якіх зь месяца ў месяц павялічваецца, а таксама здарэньнямі на вытворчасьці. Ад пачатку году на прадпрыемствах Магілёўшчыны загінулі ўжо чатыры чалавекі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG