Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На 10-га сакавіка дачнікі й жыхары Смалявіцкага раёну заплянавалі правесьці сход, каб абмеркаваць пляны ўладаў пабудаваць на тэрыторыі раёну кітайска-беларускі індустрыяльны парк. Арганізатары сходу выступаюць з ініцыятывай правесьці мясцовы рэфэрэндум на гэты конт.

У Смалявіцкім раёне сабрана больш за 5 тысяч подпісаў пад зваротам на адрас Аляксандра Лукашэнкі з патрабаваньнем адмяніць рашэньне аб разьмяшчэньні беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку.

Копіі подпісаў і калектыўных зваротаў накіраваныя таксама ў амбасаду Кітая. Людзі заяўляюць, што іх палохаюць маштабы будаўніцтва і тое, што пад заводы і фабрыкі адыдуць і ўрадлівыя землі, у тым ліку прыватызаваныя лецішчы, і зоны адпачынку, і менскі водазабор.

Рэакцыі ад Аляксандра Лукашэнкі і амбасады Кітая пакуль няма. Тым часам ініцыятыўная група праціўнікаў пабудовы кітайскага індустрыяльнага парку, якая складаецца з 8 чалавек, заклікала правесьці мясцовы сход 10-га сакавіка а 13-й гадзіне на тэрыторыі садовага таварыства «Алеся».

Гэты сход будзе разглядаць пытаньне аб ініцыяваньні мясцовага рэфэрэндуму.

Адна зь сябраў ініцыятыўнай групы, спадарыня Ірына, перакананая, што такія маштабныя праекты павінны праходзіць абмеркаваньне на ўзроўні мясцовага рэфэрэндуму.

«У нас улады запытваюць: „Вы супраць інвэстыцыяў?“ Не, мы ня супраць інвэстыцыяў, але трэба разумець, што інвэстыцыі і крэдыты — розныя рэчы. Тут — кітайскі мэтавы крэдыт. За гэтыя грошы будзе закуплена іх абсталяваньне і выплачаны заробак кітайцам. А пасьля бедным беларусам давядзецца аддаваць гэтыя 30 мільярдаў даляраў...»

Як плянуецца, кітайскія прадпрыемствы й аб’екты інфраструктуры будуць разьмяшчацца на тэрыторыі ў 80 квадратных кілямэтраў. Цяпер тут 15 вёсак і 30 дачных каапэратываў. Большасьць гаспадароў — людзі сталага веку. Яны баяцца страціць маёмасьць. Шмат хто зь іх проста напалоханы. Гаворыць адзін з такіх дачнікаў, спадар Іван:

«Многія з нас пакінулі свае кватэры дзецям, перабраліся жыць на лецішчы. Людзі не разумеюць, як у сталым веку яны могуць пачаць новае будаўніцтва. І чаму існуючая ўлада не саромеецца да іх так ставіцца...»

Спадар Міхаіл таксама катэгарычна супраць гэтага будаўніцтва:

«На гэтым лецішчы ўсё ствараў, як гаворыцца, на сваім гарбу, на працягу 20-ці гадоў».

Заўтрашні сход — ня першы ў Смалявіцкім раёне. Але ён стане найбольш маштабным. На яго запрошаныя сябры 30 садовых таварыстваў і 15 вёсак, кажа іншы ініцыятар сходу спадар Яўген:

«Зь вялікім задавальненьнем ідуць на сходы людзі. Праблема гэтая ўсіх хвалюе. Таму што трапіць пад адсяленьне нікому ня хочацца. Нічога добрага ў гэтым няма...»

Інфармацыйную і юрыдычную дапамогу жыхарам і дачнікам Смалявіцкага раёну забясьпечвае грамадзянская кампанія «Гавары праўду». Адзін зь яе лідэраў, Андрэй Дзьмітрыеў, удакладняе мэты сходу, які зьбярэцца заўтра:

Андрэй Дзьмітрыеў

Андрэй Дзьмітрыеў

«Зараз ёсьць два пытаньні, якія зьяўляюцца прынцыповымі. Першае — гэта адкрыцьцё дакумэнтаў, якія тычацца гэтага парку, для шырокай грамадзкасьці. Гэта значыць, усіх разьлікаў, чаму гэты праект нібыта выгадны для Беларусі, чаму ён патрэбны і г.д.

Другое пытаньне — плянаваньне і вывучэньне іншых пляцовак, на якіх гэты парк можа быць пабудаваны».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG