Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, якога 7 сакавіка памежнікі ня выпусьцілі зь Беларусі, дагэтуль не атрымаў ніякага афіцыйнага паведамленьня пра тое, што яму забаронены выезд з краіны.

Як лічыць апазыцыйны палітык, тым самым парушаны закон аб уезьдзе ў Беларусь і выезьдзе зь яе. Паводле гэтага дакумэнту, асобе, якой часова забаронены выезд, павінны паведаміць пра гэта не пазьней як цягам аднаго дня ад даты прыняцьця рашэньня.

Валеры Фадзееў, намесьнік старшыні Канстытуцыйнага суду Беларусі ў яго першым складзе, пацьвярджае: у законе «Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзянаў Рэспублікі Беларусь» прапісана — грамадзяніна трэба абавязкова папярэдзіць, што яму не дазваляецца выяжджаць за мяжу:

Валеры Фадзееў

Валеры Фадзееў

«Дзяржаўны орган альбо іншая юрыдычная асоба, якія прынялі рашэньне аб часовым абмежаваньні права грамадзяніна на выезд з Рэспублікі Беларусь, не пазьней як за адзін дзень з даты прыняцьця рашэньня аб часовым абмежаваньні накіроўвае грамадзяніну адпаведнае паведамленьне». То бок грамадзяніна трэба папярэдзіць, што ён ня можа выяжджаць за мяжу. Інакш грамадзяне ў такіх выпадках могуць панесьці пэўныя страты. Выконваюць гэтыя рашэньні органы памежнай службы«.

Анатолю Лябедзьку памежнікі параілі зьвярнуцца ў падразьдзяленьне Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі па месцы свайго жыхарства. Менавіта там ён можа даведацца, чаму яго затрымалі на мяжы. Апазыцыйны палітык сказаў «Свабодзе», што пойдзе ў дэпартамэнт пасьля выходных.

Разам з Анатолем Лябедзькам у Літву ехалі яшчэ пяць актывістаў АГП. Ім усім беларускія памежнікі далі дазвол на перасячэньне дзяржаўнай мяжы. Аднак на зваротным шляху некаторых чакалі сюрпрызы. Так, сябра палітрады Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Дабравольскі сказаў «Свабодзе», што цяпер ведае цану слова беларускага афіцэра:

Аляксандар Дабравольскі

Аляксандар Дабравольскі

«Я вяртаўся зь Вільні цягніком увечары 7 сакавіка. Прайшоў у цягніку кантроль — памежны і мытны. Цягнік ужо павінен быў адпраўляцца, як да мяне падыходзіць памежнік і кажа: пройдземце на мытны надгляд. Фактычна мяне зьнялі зь цягніка. Я ім сказаў, што мне давядзецца чакаць да раніцы, бо больш цягнікоў няма. Яны мне сказалі: не, не хвалюйцеся, мы вас абавязкова пасадзім. І той маёр, які мне гэта абяцаў, пасьля зьнік. І цяпер я зразумеў, што такое слова беларускага афіцэра.

Яны правялі надгляд. Зразумела, нічога не знайшлі. І пакінулі мяне там. Дзякуй Богу, у нас там ёсьць раённая партыйная філія. І я паехаў да лідэра Астравецкай арганізацыі Івана Крука, пераначаваў у яго. А раніцай на цягніку прыехаў у Менск».

Беларускія памежнікі зьвярнулі асаблівую ўвагу і на старшыню выканкаму АГП Аксану Крышчановіч. Яна была ў той жа групе, але вярталася зь Вільні ў Менск аўтобусам:

«У аўтобусе ехалі ўсяго чатыры чалавекі, уключаючы мяне. І нас болей за гадзіну пратрымалі на мяжы. Усе прайшлі праз асабісты надгляд. Мне так падалося, што памежнікі падазравалі, што гэтыя людзі нейкім чынам зьвязаныя са мной. Бо іх увесь час пыталіся, ці не прасіў нехта іх перадаць некаму нейкія рэчы, а іх сумкі вельмі ўважліва ператрэсьлі.

Пасьля таго як праверылі гэтых трох людзей, памежнікі пачалі займацца асабіста мною. Перарылі ўсе мае рэчы, прагледзелі ўсе мае паперы. Нават хацелі забраць блякнот з асабістымі запісамі. Мяне запрасілі на другі паверх да начальніка, і там цягам гадзіны (у іх былі нейкія праблемы з аргтэхнікай) складалі акт мытнага надгляду. Мы вельмі хутка прайшлі літоўскую мяжу і спадзяваліся, што і беларускую пройдзем хвілін за пяць. Але калі вакол нашага аўтобуса забегала вялікая колькасьць памежнікаў, я зразумела, што тут нешта ня тое. Яна доўга раіліся. І я ўжо была гатовая, як кажуць, з рэчамі на выхад».

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька і яшчэ пяць актывістаў АГП раніцай 7 сакавіка накіроўваліся зь Менску ў Літву. Лябедзьку беларускія памежнікі забаранілі перасякаць дзяржаўную мяжу. Тлумачэньняў адмовы яны не далі. Сам Лябедзька лічыць, што трапіў у «чорны сьпіс» апазыцыянэраў, якім улады забаранілі выяжджаць у краіны Эўразьвязу.

Беларускія ўлады афіцыйна не пацьвярджаюць, што такі сьпіс існуе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG