Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: Вакуленка хоча судзіцца за свабоду інфармацыі


Сяргей Вакуленка

Сяргей Вакуленка

Берасьцейскі актывіст руху «За свабоду» Сяргей Вакуленка накіраваў скаргу ў абласны суд на намесьніка старшыні гарвыканкаму Вячаслава Хафізава.

Спадар Вакуленка лічыць, што чыноўнік парушыў закон аб зваротах грамадзянаў, ня даўшы на запыт поўнай інфармацыі пра рэканструкцыю гандлёвага цэнтру «Масква». Вакуленка прасіў чыноўніка паведаміць, ці ўзгоднена рэканструкцыя зь Міністэрствам культуры.

«Былы рэстаран „Масква“ быў набыты на аўкцыёне фірмай „Санта-Сервіс“. Гэтая фірма праводзіла рэканструкцыю без узгадненьня зь Міністэрствам культуры. Дырэктара прыцягнулі да адміністратыўнай адказнасьці ў выглядзе штрафу за самавольную перапляніроўку. Рэканструкцыю спынілі. Міністэрства культуры накіравала ліст, што „Санта-Сервіс“ дапускае парушэньні. Гэтыя парушэньні міністэрства запатрабавала ліквідаваць», — кажа Вакуленка.

Грамадзкі актывіст адзначае , што Хафізаў ня даў яму адказу па сутнасьці: «Ён павінен быў даць адказ, ці атрымала „Санта-Сервіс“ заключэньне Міністэрства культуры на перапляніроўку. Ён мне такой інфармацыі ня даў, таму гэта стала прычынай судовага разбору ў Ленінскім судзе».

Той суд не знайшоў парушэньняў у дзеяньнях чыноўніка. Таму Сяргей Вакуленка зьвярнуўся ў абласны суд. Актывіст просіць не перанакіроўваць гэтую справу на пераразгляд у Ленінскі суд, а правесьці разбор у абласным судзе.
XS
SM
MD
LG