Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гэнік Лойка: «Я стаў нацыяналістам шырокага профілю»


Гэнік Лойка
Гэнік Лойка

9 сакавіка сьвяткуе сваё 50-годзьдзе Гэнік Лойка. Адзін зь лідэраў першых нефармальных беларускіх моладзевых суполак «Талака» і «Майстроўня», знаны скульптар і культурны дзеяч прызнаецца, што галоўнай справай свайго жыцьця лічыць беларускі нацыяналізм.

Нягледзячы на паважную дату жыцьцёвага календара, спадар Лойка настойвае, што імя ягонае не Генадзь, а Гэнік, бо так называла яго маці і так зазвычаена было паводле старабеларускай іменнай традыцыі, якая ўжо амаль зьнікла.

«Форма Гэнік — гэта памяншальна-ласкальная форма майго імя, і ў дарослым жыцьці можна было б ад яе адмовіцца. Але я прапагандую яе толькі таму, што мы губляем такія формы».

Траіх сваіх дзяцей ён з жонкай Аленай назваў згодна з родавым дрэвам і гістарычнымі пэрсанажамі: Яраш, Кіра і Любарт.

Пасьля заканчэньня Беларускага тэатральна-мастацкага інстытуту Гэнік Лойка пасьпеў папрацаваць у Музэі народнага дойлідзтва і побыту, у Заслаўскім гісторыка-культурным запаведніку, у мастацкім каледжы імя І. Ахрэмчыка, у Менскай мастацкай вучэльні імя А. Глебава. Цяпер ён вольны мастак і можа цалкам засяродзіцца на любімых праектах. Адзін зь іх — пленэр пяшчанай скульптуры «Arena volat, mythus manet». (Пясок зьлятае, міт застаецца), якім ён захоплены больш за дзесяць апошніх гадоў.

«У мяне быў настаўнік, які калісьці сказаў, што манумэнтальнае мастацтва пакідае пасьля сябе такі сьлед, што яго проста потым ня зьнішчыць. Атрымліваецца, што мастакі стараюцца на гэтай зямлі не пакінуць сьлед, а насьлядзіць. Мяне гэтыя словы ўразілі, і чамусьці так і атрымалася, што ўся мая скульптурная творчасьць засяроджваецца на пяску, на гіпсе, каб рабіць скульптуры і не пакідаць сьледу пасьля сябе».

У гэтым жарце ня ўся творчасьць Гэніка Лойкі. Ён зрабіў цэлы шэраг барэльефаў дзеячаў беларускай культуры, мэмарыяльных шыльдаў, надмагільны помнік паэту Анатолю Сысу. Дый нязьдзейсьненая мара пра скульптурны твор грунтуецца на трывалым матэрыяле.

«Ён ужо ёсьць у праекце, і ён абавязкова будзе зроблены. Калі ён на небе там стварыўся, значыць, і тут на зямлі проста адлюструецца. Гэта будзе паркавая скульптура ў парку Янкі Купалы».

Юнацтва юбіляра прыпала на часы першых нефармальных моладзевых суполак — «Талака» і «Майстроўня». Захапленьне нацыянальнай культурай, гісторыяй, рэканструкцыя фальклёрных традыцыяў, сьпеўных сьвятаў і народнага тэатру, змаганьне за помнікі дойлідзтва і родную мову разам зь сябрамі тых суполак сфармавалі пэрсанальныя жыцьцёвыя прыярытэты.

«Калі быў малады, у мяне было шмат гурткоў, шмат напрамкаў дзейнасьці, розныя-розныя захапленьні былі. Інстытут зь мяне рабіў вузкага спэцыяліста, а я стаў нацыяналістам шырокага профілю».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG