Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналістка Хадзіджа Ісмаілава — пра шантаж і пагрозы


Хадзіджа Ісмаілава

Хадзіджа Ісмаілава

Журналістцы азербайджанскай службы Радыё Свабода Хадзіджы Ісмаілавай, якая ў 2008-2010 гадах узначальвала бакінскае бюро РС, а цяпер вядзе папулярную перадачу «Пасьля працы», пагражаюць шантажысты. Яна атрымала канвэрт з фатаграфіямі асабістага характару і цыдулку з пагрозамі.

Прэзыдэнт Радыё Свабода / Свабодная Эўропа Стывэн Корн назваў гэты інцыдэнт «агіднай спробай шантажу, якому ня месца ў цывілізаваным грамадзтве». Ён заявіў, што мае намер падняць гэтае пытаньне на сустрэчы з азербайджанскімі прадстаўнікамі падчас сваёй найбліжэйшай паездкі ў Баку. «Мы ганарымся Хадзіджай і будзем падтрымліваць яе і яе працу», — падкрэсьліў Корн.

Хадзіджа Ісмаілава неаднаразова атрымлівала прафэсійныя ўзнагароды за свае журналісцкія расьследаваньні:

Ісмаілава: Мы даследавалі прыватызацыю «Азалбанку», зьвязанага з азербайджанскімі авіялініямі. Дзяржаўны банк прыватызавалі незаконна, без выкананьня працэдур. Ён быў прыватызаваны дачкой прэзыдэнта Ільхама Аліева Арзу Аліевай і жонкай кіраўніка дзяржканцэрну «Азал». Гэтыя жанчыны валодаюць асноўным пакетам акцый у гэтым банку. Іншае расьсьледаваньне было зьвязана з тэлекамунікацыйнай кампаніяй. Урад на працягу 6 гадоў падманваў грамадзкасьць у пытаньні ўладальнікаў гэтай кампаніі. Было абвешчана, што 30 працэнтамі акцый гэтай кампаніі валодае нямецкая кампанія «Зымэнс». Мы высьветлілі, што 72% акцый на самой справе належаць панамскім кампаніям, а «Зымэнса» наогул няма сярод уладальнікаў. Потым мы сталі шукаць — хто ж валодае панамскімі кампаніямі. І высьветлілася, што ўладальнікамі зьяўляюцца дочкі прэзыдэнта Лэйла і Арзу Аліева і грамадзянін Швэйцарыі Аліўе Мэстэлян, які пражывае пераважна ў Санкт-Пецярбургу. Заўсёды пасьля такіх расьсьледаваньняў і сябры, і нядобразычліўцы мне казалі, што трэба быць асьцярожнай.

Радыё Свабода: Афіцыйная рэакцыя на вашы расьсьледаваньні была, ці ўлады іх ігнаруюць?

Ісмаілава: Усё ігнаруецца на афіцыйным узроўні. Пасьля расьсьледаваньня нелегальнай прыватызацыі банку былі пасланыя лісты ў прэзыдэнцкую адміністрацыю. Яны сказалі — ну і што? Арзу Аліева валодае банкам, ну і што? Пракуратура ніяк не адрэагавала на факт незаконнай прыватызацыі банку. Але пасьля першага расьсьледаваньня быў дзіўны званок ад дэпутатаў з кіруючай партыі аднаму з нашых калегаў. Спыталі — чаму я ўсё гэта раблю, няўжо я хачу, каб мною заняліся? Гэта было два гады таму. Калі было другое расьсьледаваньне з нагоды кампаніі «Азерфон», у прэзыдэнцкай адміністрацыі наогул не адрэагавалі на лісты. Урад ўсё адмаўляў. Не было ніякай рэакцыі ад праваахоўных органаў. Але нядаўна ў афіцыйнай газэце кіруючай партыі зьявіўся прысьвечаны мне артыкул з нагоды рэпартажу аб расстрэле сабак на вуліцах перад конкурсам Эўрабачаньня. Гарадзкія ўрадавыя структуры працуюць пазаўрочны, каб не засталося сабак, расстрэльваюць іх на вуліцах. Я была адным з аўтараў рэпартажу пра гэта. У артыкуле ў кіруючай газэце абвясьцілі, што я працую на ворагаў краіны, што мяне фінансуюць з-за мяжы, і я раблю ўсё, каб нанесьці шкоду дзяржаўнасьці краіны. Былі яшчэ тэлеграмы Wikileaks, дзе прэзыдэнт асабіста згадваў маё імя і казаў, што я зьяўляюся ворагам дзяржавы, таму што заўсёды толькі крытыкую. У прыватнасьці, ён адзначыў крытыку на адрас ўрадавага праекту па будаўніцтве самага высокага флагштока ў сьвеце. Як вядома, год таму быў пабудаваны самы высокі флагшток у сьвеце, які застаўся ў гэтым статусе ўсяго некалькі месяцаў. Пасьля Азербайджану самы высокі флагшток ў сьвеце вырашыў збудаваць Таджыкістан. На гэты праект было выдаткавана больш за 30 млн. даляраў. Мы ў нашых перадачах ставілі пад сумнеў неабходнасьць такіх выдаткаў.

РС: Вы заўважалі за сабой сачэньне? У вас былі падазрэньні, што ваш тэлефон праслухоўваецца?

Ісмаілава: Я абсалютна ўпэўненая, што мой тэлефон праслухоўваецца. Я была абсалютна ўпэўненая, што яны паспрабуюць назіраць за мной. Я ведаю, што адбываецца ў гэтай краіне. Але тут іншага варыянту няма — трэба альбо жыць і працаваць, альбо ня жыць. Таму я не зьбіраюся сябе абмяжоўваць з-за таго, што ў некаторых людзей зьявіўся інтарэс да майго асабістага жыцьця. Я не зьбіраюся спыняцца ў сваіх расьсьледаваньнях. Дарэчы, адно з расьсьледаваньняў, якое я цяпер вяду, зьвязана як раз з выдаткамі на гэты флагшток з удзелам кампаніі, якой, магчыма, валодаюць сваякі прэзыдэнта. Прэзыдэнт казаў пра дзяржаўнасьць і патрыятызм, калі ён крытыкаваў нашы рэпартажы з нагоды гэтага флагштока, а можа аказацца, што на гэтым патрыятызьме зарабляла яго сям’я.


РС: Што адбылося цяпер? Яны ўсталявалі ў вашай хаце схаваныя камэры?

Ісмаілава: Я мяркую, што ў мяне дома ёсьць камэры, але не даю камэнтароў з нагоды аўтэнтычнасьці гэтых фатаграфій — сапраўдныя гэта здымкі або мантаж. Гэта маё асабістае жыцьцё, якое нікога ня тычыцца. Тыя, хто ўмешваецца ў маё асабістае жыцьцё, пашкадуюць аб гэтым.


РС: Але такія мэтады выкарыстоўваюцца, гэта ня першы выпадак падобнага роду шантажу?

Ісмаілава: Гэта ня першы выпадак. У нас у прайм-тайме ў навінных праграмах былі паказаны супрацоўнікі апазыцыйных газэт і актывісты падчас палавога акту, мастурбацыі і г. д. Я не разумею, чаму ўлады робяць такія рэчы.
XS
SM
MD
LG