Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Малебен ў падтрымку Pussy Riot завяршыўся затрыманьнямі


Пікеты ля Пятроўкі, 38

Пікеты ля Пятроўкі, 38

Заплянаваны напярэдадні малебен ў храме Хрыста Збаўцы ў падтрымку арыштаваных дзяўчат з фэмінісцкага рок-гурту Pussy Riot завяршыўся бойкай і затрыманьнямі, паведаміў адвакат адной з дзяўчат Мікалай Полазаў.

Адваката цытуе партал Gazeta. ru: «Людзі прыйшлі, храм аказаўся на замку, на ім вісела таблічка, што храм сёньня зачынены для наведвальнікаў па тэхнічных прычынах, побач стаяў АМАП. Калі прыйшлі, убачылі, што храм зачынены, зь імі пачалі спрачацца правакатары, затым яны наладзілі бойку, аблілі аднаго хлопца вадой. Калі ён зьвярнуўся да супрацоўнікаў міліцыі з пытаньнем, чаму яны не рэагуюць, яму прапанавалі прайсьці напісаць заяву ў паліцэйскім аўтобусе, пасьля адмовы прайсьці ў аўтобус яго затрымалі », — распавёў адвакат.

«Яму ставіцца ў віну адміністрацыйнае правапарушэньне па артыкуле „Непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі“, а чалавек, які яго абліў, стаў сьведкам. Усяго на дадзены момант у РАУС павезьлі трох чалавек», — дадаў Полазаў.

У чацьвер у храме Хрыста Збаўцы была заплянаваная калектыўная малітва ў падтрымку арыштаваных удзельніц групы Pussy Riot.

Арганізатар малітвы, студэнт Павел Архіпаў заявіў, што можна і далей накіроўваць у РПЦ лісты ў падтрымку ўдзельніц групы, але, на яго думку, калектыўная малітва акажа большы уплыў на царкву.

Інфармацыя аб калектыўнай малітве распаўсюджвалася ў сацыяльных сетках. У малітве зьбіраліся прыняць удзел не менш за трыццаць чалавек.

Таксама ў чацьвер каля будынка Галоўнага упраўленьня МУС на Пятроўцы, 38 з 10 раніцы да 10 вечара праходзіць сэрыя адзіночных пікетаў у падтрымку затрыманых удзельніц групы Надзеі Толоконьнікавай і Марыі Алёхінай.

Раней Таганскі суд Масквы санкцыянаваў арышт Алёхінай і Толоконьнікавай. Абедзьве дзяўчыны абвясьцілі галадоўку, якую працягваюць да гэтага часу.

Панк-гурт Pussy Riot выканаў песьню ля ўваходу ў алтар храма Хрыста Збаўцы. Дзяўчаты прасьпявалі песьню, якая была ўспрынятая шматлікімі вернікамі як блюзьнерства. Удзельніцы акцыі напісалі ў сваім блогу, што іх выступленьне было «панк-малебнам». Па гэтым факце паліцыя распачала крымінальную справу па артыкуле «Хуліганства».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG