Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У рамане Габрыэля Гарсіі Маркеса падчас крызісу ў выдуманай лацінаамэрыканскай краіне шэф спэцслужбы дыктатара кажа босу: «Дык няма нікога, хто быў бы за Вас!». «Вы памыляецеся, — адказвае ўладар, — у мяне яшчэ ёсьць народ».

Тут цікава ня толькі зьедлівае пярэчаньне, але і тэза тамтэйшага чэкіста. Што ён меў на ўвазе, кажучы пра «нікога»? Ну як што: газэты, актывісты, чынавенства супраць — значыць і ўсе супраць, а хіба нехта яшчэ ёсьць?

Гэты дыялёг прыгадаўся ў сувязі з вынікамі расейскіх выбараў. Маніпуляцыі там відавочна былі, але выглядае, што Пуцін усё ж такі выйграў. Сьціпленька так паводле постсавецкіх стандартаў, але выйграў. А за кошт каго?

Псыхалягічна гэта застаецца загадкай для расейскага Фэйсбуку, для шматлікіх (і сапраўды шматлікіх) удзельнікаў пратэстных маніфэстацый. Ну вось усе ж вакол супраць, усе знаёмыя, сябры, калегі супраць, у Інтэрнэце ўсе супраць. Прычым увесь спэктар — ад махровых нацыяналістаў да анархістаў. Дык хто ж за? Хто наагул можа быць за?

Поўная аналёгія зь Беларусьсю ўражвае. Гэтае шчырае неразуменьне — вынік і паказьнік глыбокага расколу грамадзтва, што беларускага, што расейскага, расколу ня толькі палітычнага, але і каштоўнаснага і нават прасторавага: людзі, якія належаць да розных Беларусяў і розных Расеяў часта працуюць у розных месцах, жывуць у розных месцах, ядуць у розных месцах.

Зразумела, падзел умоўны, гэтак як і сьцьвярджэньні кшталту «ніхто з моладзі не падтрымлівае Лукашэнку (Пуціна)», «усе пэнсіянэры за Пуціна (Лукашэнку)» і г. д. Так ня ёсьць і так не бывае, каб арытмэтычна сапраўды было «ўсе» і «ніхто». Але сувязь узросту, адукацыі, сацыяльнага стану з палітычнымі перавагамі сапраўды выразная, каб спараджаць раскол і адчуваньне ў адпаведных групах, што «ўсе» і «ніхто».

Прычым варта адзначыць, што гэты раскол несымэтрычны. І вызначэньне тых, хто за, нарадзілася насамрэч не ў Расеі і не ў Беларусі, а ў США, ў часы віетнамскай вайны, калі Амэрыку трэсла ад антываенных мітынгаў і дэманстрацый, калі супраць вайны былі прафэсары і студэнты, самыя ўплывовыя газэты і слынныя ўладары думак. Ну словам усе былі супраць, вы ж разумееце. Бо хто ж за, не чутно ж нікога.

І тады прэзыдэнт Рычард Ніксан выступіў са сваёй знакамітай прамовай аб «вялікай маўклівай большасьці»

Ніксан тады стаў прэзыдэнтам менавіта дзякуючы галасам «маўклівай большасьці». Як і Пуцін цяпер. Ну дзеля справядлівасьці варта сказаць, што вайну ўсё ж давялося канчаць, і на зусім не ганаровых умовах, і менавіта Ніксану. І адной з прычынаў было тое, што расколатая Амэрыка ня мела маральных сілаў яе працягваць.

Але я — пра маўклівую большасьць. Якая сапраўды маўклівая. Яе словы лічацца нехлямяжымі, ня вартымі ўвагі, нецікавымі. Ды яна і сама саромеецца гаварыць і публічна пярэчыць запісным гаварунам. Але зусім ня значыць, што да іх прыслухоўваецца. Хіба што наадварот.

Некаторыя расейскія экспэрты заўважылі, што перамогу Пуціна ў пэўнай ступені забясьпечылі як раз, як ні парадаксальна, акцыі пратэсту з тварам Нямцова, Сабчак ды Рынскай. Гэтыя твары натхнялі адных, але выклікалі ў іншых, нават далёкіх ад палітыкі людзей рэакцыю: «Чым гэтыя — дык лепш ужо Пуцін». Нездарма афіцыйныя расейскія мэдыі пазыцыянавалі кампанію так, нібыта Пуцін змагаецца за прэзыдэнцкае крэсла не са сваімі канкурэнтамі ў выбарчым бюлетэні, а з... Балотнай.

Сказана, зразумела, ня толькі пра Расею і нават не пераважна пра яе. Менавіта ў Беларусі летась, падчас беспрэцэдэнтнага крызісу і абвалу рэйтынгу прэзыдэнта папулярнасьць апазыцыі не вырасла ні на адсотак, для маўклівай большасьці, нават для той яе часткі, якая расчаравалася ў Лукашэнку, яна засталася ня тое, што непераканаўчай, а чужой.

І гэта хіба што галоўная праблема — як у Расеі, так і ў Беларусі.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG