Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гэтыя эпатажныя дзяўчаты, без перабольшаньня, — адны з самых пазнавальных у сьвеце. Няма патрэбы сустракаць іх па вопратцы, бо ў якасьці стратэгічнай зброі яны выкарыстоўваюць тое, чым іх надзяліла прырода — у літаральным сэнсе грудзьмі супрацьстаяць несправядлівасьці.

Нездарма зьяўленьне актывістак украінскага руху Femen у розных краінах успрымаецца аднолькава — ставіць у тупік і праваахоўныя органы, і кансэрватыўную публіку.

Летась дзяўчаты адважыліся арганізаваць акцыю на прыступках будынка КДБ у Менску. Гэта скончылася тым, што дзяўчат выкралі невядомыя. Зь іх зьдзекваліся людзі ў масках, а пасьля актывістак руху Femen выкінулі непадалёк ад украінскай мяжы.

З Ганнай Гуцал гутарыць карэспандэнт «Свабоды».

— За мінулы год ваша «мабільная брыгада» шмат чаго ўчыніла, шмат дзе пабывала. Але рызыкну канстатаваць, што самым экстрэмальным усё ж аказалася падарожжа ў Беларусь...

— На самой справе мы сапраўды вельмі рызыкнулі, і для нас гэта аказаўся, мабыць, самы яскравы вопыт — ня толькі ў пляне бясьпекі і пагрозы жыцьцю, але і ў пляне ўдзелу ва ўсеагульных дэмакратычных працэсах. Бо было абсалютна зразумела: менавіта сюды трэба нанесьці ўдар. Што мы так ці інакш і зрабілі. Ведаеце, многія людзі, якія пішуць камэнтары ў нас на сайце, абураліся: што вы ўсё гаворыце пра дэмакратыю, разьяжджаючы па Эўропе ці яшчэ недзе. Маўляў, у Беларусь зьезьдзіце. Ну вось, зьезьдзілі...

Нам сапраўды вельмі хацелася дапамагчы, хацелася падтрымаць беларускі народ, бо ўражваў пастаянны стан супраціву, пошук новых мэтадаў дэманстрацыі свайго непадпарадкаваньня рэжыму: ад мітынгаў — да ладкаў, да маўклівых акцый, да таго, што Міхалок прапаноўваў адрошчваць вусы. То бок, гэта надзвычай цікавая і моцная барацьба. І нам, натуральна ж, хацелася чымсьці паспрыяць. Мы ў Кіеве кантактавалі з многімі беларусамі, якія зьехалі, і казалі, што нам вельмі хацелася б правесьці акцыю ў Беларусі, выказаць сваю салідарнасьць. Канечне, у нейкай ступені мы разьлічвалі, што з грамадзянамі іншай дзяржавы паступяць не так брутальна, як паступілі. І ў гэтым, канечне, вельмі глыбока памыляліся. Але, зь іншага боку, мы на сабе адчулі, як жывецца беларусам, як жывецца людзям, ня згодным з рэжымам Лукашэнкі. Гэта шмат важней, чым слухаць нейкую тысячную гісторыю.

— Пасьля мінулагодніх падзеяў вы паабяцалі злавіць беларускага амбасадара і ўручыць яму сваю «ноту пратэсту»...

— На жаль, вельмі складана аказалася злавіць амбасадара Беларусі ва Ўкраіне, якому мы хацелі выказаць вельмі многае. Яго вельмі пільна ад нас аберагаюць.
мы атрымалі 2 кіляграмы беларускіх цукерак ад нашага прыхільніка зь Беларусі ...

Але мы не пакідаем спадзяваньняў трапіць на парачку афіцыйных прыёмаў і адрэагаваць адпаведна. Як бы там ні было, мы будзем і надалей працягваць антылукашэнкаўскую кампанію. І вялікі дзякуй беларусам, якія нам у гэтым дапамагаюць. Дарэчы, ня толькі маральна: мы атрымалі 2 кіляграмы беларускіх цукерак ад нашага прыхільніка зь Беларусі, зь Менска. Дзякуй яму вялікі, было вельмі смачна, мы вельмі хутка зь імі расправіліся...

Так што, пасла мы абавязкова зловім і сваю задуму рэалізуем, хай ведае, што хавацца ад нас бессэнсоўна. Але як толькі мы набліжаемся да беларускай амбасады, там пачынаецца страшная паніка. Справа ў тым, што мы апошнім часам ля будынка здымаем шмат сюжэтаў: і навагодні зварот там рабілі, і проста дзяўчаты пару разоў акцыі ладзілі. Дык там адразу пачынаецца шухер, паніка, ахова адразу выбягае, чагосьці баяцца. Амбасадар пакуль неяк няўлоўны, але няма нічога недасяжнага для Femen: калі мы паставілі мэту, то, канечне, да яе прыйдзем.

— У Беларусі асаблівага зьдзіўленьня тое, што адбылося, ня выклікала — апазыцыянэраў і раней вывозілі ў лес. Але ў самой Украіне многія настроеныя інакш: маўляў, самі сябе піяраць, абліваюць зялёнкай, абразаюць валасы...

— Ва Ўкраіне вельмі моцна працуюць перадвыбарныя паліттэхналёгіі, шмат адбываецца маніпуляцый і ня дзіва, што народ ужо пачынае ўва ўсім бачыць нейкія качкі, правакацыі. Канечне ж, былі пытаньні зь недаверам. Нават да мяне журналіст падыходзіў: я вас добра ведаю, вы такія разумныя, што маглі нешта намуціць. Сапраўды былі пэўныя нестыкоўкі ў першых заявах і потым. Насамрэч гэта трэба ўспрымаць з разуменьнем. Бо калі я атрымліваю званок ад чалавека, які істэрычна крычьць у слухаўку, што ён дзесьці ў лесе, без валасоў і г.д., то як гэта ўспрымаць? Унас усе ведаюць, што Саша сама пагалілася, але Іне валасы зрэзалі. Мала хто ўяўляе, што такое для Іны быць без валасоў! Паўгалавы, нібыта няшмат, але давялося валасы нарошчваць, каб быць прыгожай. І што значыць цалкам абстрыглі ці не цалкам, паўгалавы ці ўсю? Справа ж ня ў тым, колькі сінякоў паставілі, справа ж у самім факце!

Прынамсі ў мяне дрыжэлі рукі, я не магла набіраць тэкст, чуючы дзяўчат, якія ад роспачы раўлі ў тэлефон. Гэта было жахліва. Таму адразу ішлі першыя навіны, а потым была расказаная ўся гісторыя. Калі б спэцыяльна рабілася нейкая правакацыя Femen, то, паверце, былі б усе лысыя і без зубоў. Бо калі ты рыхтуеш правакацыю, натуральна, ты яе зробіш прафэсійна. Пэўна, знайшлося б відэа з доказам, як усё там жахліва адбывалася. Але такія думкі ў галаву нават не прыходзілі, ўжо потым пачалі дадумваць, калі пасыпаліся абвінавачаньні — маўляў, усё сплянавана, адрэжысавана і г.д. І гэта закранала, крыўдзіла, бо я ведаю, што гэта праўда, дзяўчаты ведаюць, што гэта праўда. І калі ня сьпіш 3-4 сутак, усё гэта перажываеш, нейкі дурань у інтэрнэце зноў пачынае: ой, усё гэта фігня, няпраўда. Ты быў там, ты бачыў, ты ўвогуле езьдзіў у Менск пратэставаць супраць Лукашэнкі, калі такое сьцьвярджаеш?

— Вы ўжо неяк казалі, што бессэнсоўна абараняць правы ў краіне, дзе ў людзей няма ніякіх правоў у прынцыпе. Украінскае правасудзьдзе неяк дапамагае?

— Увогуле ўкраінскія ўлады дэманструюць вельмі цікавую тэндэнцыю. То бок, калі іх грамадзян крыўдзяць, вывозяць, гвалцяць за мяжой, яны чамусьці не падаюць ні нотаў пратэсту, не адклікаюць сваіх паслоў. Нічога не адбываецца. Але калі нейкая іншая дзяржава пакрыўдзіцца на ўкраінцаў, як у нядаўняй гісторыі
Калі амэрыканцы паўсюль прапагандуюць — мне нічога ня страшна, бо куды б не паехаў, мяне мой урад уратуе — то у нас усё іншакш ...

з амбасадай Індыі, яны адразу ж пачынаюць заводзіць крымінальныя справы. То бок, з аднаго боку, непавага да ўласных грамадзянаў, а зь іншага — прагіб пад іншыя дзяржавы. Вось там Расея незадаволеная, ці індусы, ці эўрапейцы — давайце іх пацалуем у дупу. Перад імі яны ледзьве ня сьцеляцца. І вось такое стаўленьне абурае, бо грамадзянін Украіны не адчувае сябе абароненым. Калі амэрыканцы паўсюль прапагандуюць — мне нічога ня страшна, бо куды б не паехаў, мяне мой урад уратуе — то у нас усё іншакш. Наша сяброўка Кіці з Аўстраліі таксама не баіцца, таму што ў яе ёсьць ратавальная амбасада; яна ведае, што яна затэлефануе, і яе выцягнуць зь любой дзіркі, ледзьве не армія на руках вынясе. Мы, на жаль, на такое разьлічваць ня можам.

Мы зь юрыстамі падрыхтавалі дакумэнты і будзем падаваць ва ўсе інстанцыі — хоць нам загадзя і гавораць, што ўсё гэта бессэнсоўна. Маўляў, пачнуць заяўляць, што ўсё здарылася на тэрыторыі іншай дзяржавы, а ў нас няма практыкі дасыланьня нашых праваахоўных органаў у іншую краіну для дасьледаваньня. Ну і плюс, ёсьць негалосныя дамоўленасьці паміж КДБ, ФСБ і СБУ. А калі яны паміж сабой шчыльна павязаныя, адпаведна, вельмі мала нават гіпатэтычных шанцаў. У нас куды больш шанцаў на эўрапейскія суды, але хто ў той жа Беларусі будзе выконваць іх рашэньні? Тым ня меней, мы скарыстаемся ўсімі магчымасьцямі. Нам дапамагае беларускі праваабаронца скласьці заяву (хоць гэта, зноў жа, без толку) у Генпракуратуру Беларусі адносна адмовы ў адкрыцьці крымінальнай справы. Хай сабе і чыста сымбалічна, але хочам засьведчыць гэты працэс. Хоць, зразумела, ня верым ні ў якія вынікі. Дакладней, ужо загадзя ведаем магчымы адказ: нічога не было, ніхто нічога ня чуў і ня бачыў.

— Ад паездкі ў Беларусь мінула больш за два месяцы, дзяўчаты адышлі ад шоку?

— Думаю, такое забыць увогуле наўрад ці магчыма, але я дзяўчатамі проста захопленая. І калі мяне зараз запытваюць пра ідэал жанчыны, то я лічу, што гэта Аксана, Іна і Саша. Таму што, ня гледзячы на ўвесь страх, на тое, што адбывалася потым, на ўвесь той бруд, яны засталіся адданымі ідэі да канца. То бок, гэта іх ня толькі не зламала, а наадварот, зрабіла мацнейшымі. Так, былі 3-4 дні, калі яны выглядалі сапраўды напалоханымі, гістэрычнымі, шарахаліся ад любога гуку, спаць не маглі, былі абсалютна неадэкватнымі. Але зараз яны аднавіліся, прычым, вельмі хутка, літаральна за тыдзень прыйшлі ў норму. Зразумела, ёсьць унутраны боль, барацьба, але зьнешне яны сталі ўжо больш спакойнымі. Канечне, пасьля ўсяго перажытага Лукашэнка для іх — асабісты вораг. І яны самі ўжо распрацоўваюць розныя ідэі, канцэпцыі, як надалей праводзіць і пашыраць антылукашэнкаўскую палітыку, хочуць зноў ехаць у Беларусь. Я пакуль ня згодная, бо пасьля таго шоку і таго жаху, які я перажыла, не перакананая, ці гатовы рух яшчэ раз перажыць такі стрэс. Але яны самі хочуць, кажуць, нешта трэба заплянаваць. Я адгаворваю, што трэба пачакаць, нельга зноў так рызыкаваць.

Мінулы раз, падавалася, мы нібыта ўсё пралічылі. Праўда, як аказалася, пралічылі крыху наіўна, па-дзіцячы. Падумалі, што калі набудзем квіткі праз Расею і акольнымі шляхамі ціха заедзем і гэтак жа ціха зьедзем, то, паводле нашых разьлікаў, усё выглядала бясьпечна. Тым больш, ніхто ня думаў пра выкраданьне. Мы не выключалі афіцыйны арышт, таму выпісалі ўсе тэлефоны амбасады, кансуляту, падключылі сяброў, якія маглі насіць дзяўчатам перадачы ў выпадку затрыманьня. Такі сцэнар мы закладалі і да яго падрыхтаваліся. Але, натуральна, на крымінальныя дзеяньні мы ніяк не разьлічвалі, таму прадугледзець тут нешта цяжка. І калі такая рэакцыя была падчас першага візыту, то страшна падумаць, што яны могуць зрабіць падчас паўторнага прыезду, на колькі гэта можа іх парваць ад злосьці. Ня ведаю.

— На эмоцыях гучалі заклікі ледзьве не ўводу ў Беларусь натаўскіх войскаў...

— Так, мы шмат і гаворым, і заклікаем, накіравалі ў Эўрапарлямэнт адпаведны ліст. Ведаеце, канечне з аднаго боку гэта згарача гаворыцца, зь іншага боку, ты разумееш, што ў глябальным сэнсе гэта наіўна і па-дзіцячы. Але ж сапраўды нешта трэба рабіць! Магчыма, каб кожны беларус зьвярнуўся, каб кожны беларус напісаў і запатрабаваў дапамогу звонку, нешта заварушылася б. Бо я ня ведаю, што яшчэ зрабіць і што яшчэ паказаць эўрапейскай грамадзкасьці ў Беларусі? Колькі самі людзі ў вас ладзяць пратэстаў, і мы са сваёй акцыяй гэта прарэзанавалі на ўвесь сьвет, аб гэтым казалі — божа, якія жахі. І ўсё роўна, па вялікаму рахунку, ніякай асаблівай рэакцыі, апроч лёгкага асуджэньня. І тут вялікае пытаньне да дэмакратычнасьці саміх эўрапейцаў і бальшыні эўрапейскіх краінаў.

— Ня так даўно Femen узялі ў аблогу штаб-кватэру Міжнароднай фэдэрацыі хакею ў Цурыху, такім чынам далучыўшыся да кампаніі байкоту хакейнага чэмпіянату сьвету-2014 у Беларусі...

— Я ўжо казала, што Лукашэнка — наш асабісты вораг, цяпер гэта ўжо дакладна. Калі раней гэта быў збольшага міфічны вобраз дыктатара, то пасьля вядомых падзеяў гэта наш вораг № 1. І мы паабяцалі, што будзем рабіць усё, каб сарваць яму задавальненьне ад прагляду хакею, не падаўжаць ягоную і без таго непазьбежную агонію за кошт чэмпіянату. Зразумела, што, знаходзячыся ў Швайцарыі, мы прыйшлі да штаб-кватэры Міжнароднай фэдэрацыі хакею, і вельмі здорава, што першы сакратар фэдэрацыі адказаў на наш пратэст. У прыватнасьці, ён сказаў, што падчас наступнага паседжаньня яны яшчэ будуць абмяркоўваць гэты факт і канчатковая кропка з выбарам месца спаборніцтваў яшчэ не пастаўленая. Ня ведаю, на колькі далёка яны ў сваіх захадах могуць зайсьці насамрэч, але свой вынік мы можам ацаніць як станоўчы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG