Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горш за ўсё жанчынам Аўганістану


Забесьпячэньне роўных правоў для жанчын — неабходная ўмова пабудовы стабільных і дэмакратычных грамадзтваў. З такой заявай выступіла ў Міжнародны дзень жанчын Арганізацыя бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе, што аб’ядноўвае 56 краінаў.

8 сакавіка стала яшчэ адной падставай для ціску міжнароднай супольнасьці на прэзыдэнта Аўганістану Хаміда Карзая за тое, што ён падтрымлівае прапанаваныя Радай улемаў (найвышэйшым рэлігійным органам краіны) абмежаваньні правоў жанчын. Дэпутат аўганскага парлямэнту Фаузія Куфі назвала прапановы Рады вяртаньнем да пэрыяду кіраваньня талібаў, бо прапанаваныя правілы абмяжоўваюць правы жанчынаў на працу і вучобу, дазваляюць ім выходзіць з дому толькі ў суправаджэньні сваякоў-мужчынаў.

Паводле ААН, гвалт супраць жанчын зьяўляецца ў Аўганістане паўсюдным.

Адкрыты зварот да свайго прэзыдэнта напісалі і актывісткі жаночага руху Расеі. Яны патрабуюць забясьпечыць канстытуцыйны прынцып роўнасьці мужчын і жанчын, што, на іх думку, цяпер не выконваецца. Праект Фэдэральнага закону РФ аб гендэрнай роўнасьці, унесены ў Думу яшчэ у 2003 годзе, дэпутатамі дагэтуль не разгледжаны.

Паводле зьвестак Міжнароднага парлямэнцкага саюзу ў фармальнай лесьвіцы Аўганістан апярэджвае Расею па працэнтнай прысутнасьці жанчын у парлямэнце (Аўганістан на 33-м месцы — 27,7 працэнтаў, Расея на 91-м — 13,6 працэнтаў). Беларусь мае лепшыя пазыцыі, тут жаночая прысутнасьць у парлямэнце дасягае амаль траціны (24-е месца — 31,8 працэнтаў).

Адзінай краінай, дзе жанчын у парлямэнце больш, чым мужчын, зьяўляецца Руанда (1-е месца — 56 працэнтаў). Гэты фэномэн можна патлумачыць і тым, што мужчыны жывуць у Руандзе ў сярэднім 48 гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG