Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына: далоў ЭЗ зь місіі АБСЭ на выбарах у Беларусі

  • БелаПАН

Кіраўніца Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына прапанавала пры фармаваньні місіі назіральнікаў АБСЭ на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі выключыць зь яе складу прадстаўнікоў краін Эўразьвязу.

Сваю думку Ярмошына аргумэнтавала тым, што менавіта дзяржавы Эўразьвязу прымяняюць у дачыненьні да Беларусі санкцыі, візавыя абмежаваньні. «Чаму мы іх прадстаўнікоў павінны пускаць у краіну? Мы ж кожны раз на мінулых выбарах давалі магчымасьць і выдавалі мандаты назіральнікаў усім паслам краін ЭЗ, акрэдытаваным у Менску, хаця яны не ўваходзілі ў склад місіі АБСЭ. Гэта быў крок добрай волі. І ініцыявала яго кожны раз я — вэтэран сьпісаў неўязных з 2004 году!» — сказала кіраўнік ЦВК.

Ярмошына не разумее, навошта цяпер Беларусь павінна «дэманстраваць такія прыгожыя жэсты, калі людзі іх ня ў стане ацаніць». Пры гэтым яна падкрэсьліла, што прыняцьце канчатковага рашэньня, ці будзе Беларусь запрашаць замежных назіральнікаў, у тым ліку ад АБСЭ, зьяўляецца палітычным рашэньнем кіраўніцтва краіны, а не Цэнтрвыбаркама. Аднак гэта рашэньне, паводле слоў Ярмошынай, будзе прымацца, «безумоўна, з улікам меркаваньня Цэнтрвыбаркаму і Міністэрства замежных спраў».

Кіраўніца ЦВК брала ўдзел у назіраньні за прэзыдэнцкімі выбарамі ў Расеі 4 сакавіка. Паводле яе слоў, нягледзячы на больш мяккую, чым звычайна, ацэнку вынікаў выбараў, АБСЭ «працягвае выкарыстоўваць штампы».

Чарговыя парлямэнцкія выбары ў Беларусі маюць адбыцца ў верасьні 2012 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG