Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Жанчыны мелі на ўвазе абсалютна іншае»


Ад савецкіх часоў 8 сакавіка ў Беларусі адзначаецца як дзяржаўнае сьвята — міжнародны жаночы дзень. Аднак ці ёсьць нагода для сьвяткаваньня, ці забясьпечаная ў краіне гендэрная роўнасьць?

Паводле праваабаронцы Алены Танкачовай, для Беларусі характэрныя сур’ёзныя праблемы нават з рэтрансляцыяй гендэрных стэрэатыпаў. Гэта тычыцца заяваў дзяржаўных служачых, у тым ліку і кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі. Да прыкладу, старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына перакананая,што жанчыны павінны сядзець дома, варыць боршч, а не шастаць па плошчах. Алена Танкачова лічыць такі падыход «наступствам савецкага выхаваньня».

Алена Танкачова
Алена Танкачова
«Гэта недахоп гендэрнага выхаваньня. Гэта спроба прынізіць уласную ролю і значэньне, і спроба чыноўніка, жанчыны паказаць, што я, так, там служу, і што па вялікім рахунку, гэта і ёсьць мая такая роля ў жыцьці. У гэтым выпадку я служу не на кухні, а на іншай кухні — на кухні дзяржаўнага кіраваньня».

Старшыня грамадзкай арганізацыі «Беларуская жаночая ліга» Ніна Стужынская лічыць, што нягледзячы на адмысловую дзяржаўную праграму, цікавасьць да гендэрнай роўнасьці ў краіне зьнікла. Няроўнасьць жа праяўляецца на ўсіх узроўнях і чым далей, тым горш.

Ніна Стужынская
Ніна Стужынская
«Па першае яна дома, у хатняй эканоміцы. Самы вялікі цяжар гэтай эканомікі ляжыць на жаночых плячах. Ён не ацэньваецца як грамадзка значная праца. Гэта такі калясальны савецкі штамп, які ніхто не зьбіраецца мяняць. Як ставяцца да жанчын і да яе ролі? У асноўным гэта — жонкі. Абсалютна клясычная роля жанчын яшчэ ад сярэднявечча. Ці сама па сабе цікавая гэтая жанчына, калі яна нічыя жонка?Ці яна не чыноўніца, якая выконвае волю чалавека, які над ёй у гэтай вэртыкалі і сыстэме? Таму нават крытэры ацэнкі ролі жанчыны нейкія перакошаныя».

Журналістка Марына Коктыш стала сёлета ляўрэаткай прэміі ініцыятыўнай групы беларускіх фэміністак «Крапіва беларуская» за свой сьмелы дыялёг на прэс-канфэрэнцыі з Аляксандрам Лукашэнкам. «Каб ведаць, як я сплю, трэба са мной спаць», — сказаў кіраўнік краіны. На гэта журналістка адказала: «Дзякуй, я адмоўлюся.»

Паводле Марыны Коктыш, адукаваных жанчын у Беларусі насамрэч больш чым мужчын, але на кіруючых пасадах іх вельмі мала:

Марына Коктыш
Марына Коктыш
«У нас жанчыны ня маюць сур’ёзнага ўплыву, не ўдзельнічаюць у прыняцьці сур’ёзных рашэньняў. Нават тыя жанчыны, якія прысутнічаюць у парлямэнце. Ад іх мала што залежыць. Але ёсьць жанчыны, да якіх насамрэч прыслухоўваюцца. Напрыклад, Сьвятлана Калінкіна. Я думаю, што ўсе дзяржаўныя чыноўнікі пачынаюць сваю працоўную раніцу з праглядаў яе артыкулаў. Усё ж гендарныя перакосы ў нас ёсьць. У нас жанчыны, якія выходзяць на першы плян у палітыцы, тая ж Ярмошына, Пяткевіч, Ермакова — гэта жанчыны якія былі прызначаны на гэтыя пасады. Іх уплывовасьць найперш залежыць ад іх пасады. Спачатку пасада, а ўжо потым жанчына».

Ніна Стужынская скэптычна ставіцца да сьвята 8 сакавіка, калі раз на год успамінаюць пра ролю жанчыны.

«Як гісторык, я ведаю, што жанчыны мелі на ўвазе абсалютна іншае, калі гэты дзень выбралі для сябе. За роўныя правы з мужчынамі. І канечне, у гэтым сьвяце сэнс гэты не згубіўся і зараз для некаторых жанчын. А ў асноўным гэта „гвазьдзюкі“, выпіўкі, тарты — нейкі абсалютна фальшывы зьмест гэтага дня».
Перад 8-м сакавіка Аляксандар Лукашэнка зноў згадаў пра «ружовых» і «блакітных». Ці адзначаюць яны жаночы дзень?

Кіраўнік праекта «ГейБеларусь» Сяргей Андросенка сказаў, што 8 сакавіка, як і ўсе, віншуе жанчын:

Сяргей Андросенка
Сяргей Андросенка
«Сымбалічна віншую жанчын, дзяўчат, якія атачаюць мяне. І,безумоўна, маці, сваю сястру. Сам, вядома, не адзначаю. Гэта такі стэрэатып, што геі гэта, магчыма, дзяўчаты і адзначаюць жаноцкія сьвяты. Што да гендэрнай роўнасьці, то беларускае грамадзтва вельмі патрыярхальнае і жанчына пакуль яшчэ зьяўляецца другім полам. Жанчыны аднак шмат чаго дасягнулі ў сваім раўнапраўі і гэта, канечне, для геяў і лесьбіянак таксама прыклад. Вось глядзіш беларускія ўлады, прэзыдэнт наш, можа перагледзець свае пазыцыі і зробіць так, што ў нас будуць квоты ў парлямэнце ня толькі на жанчын, але, магчыма, і на геяў. То бок у нас будзе ня толькі гендэрная роўнасьць, але і сэксуальная».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG