Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навапалачанін падаў у суд на мясцовы тэлеканал за паклёп


Дзьмітрый Рыжычэнка

Дзьмітрый Рыжычэнка

19-гадовы хлопец лічыць, што супрацоўнікі мясцовага тэлеканалу, перадачы якога глядзяць звыш 105 тысяч жыхароў рэгіёну, зьняважылі ягоны гонар і годнасьць, публічна абвясьціўшы «экстрэмістам» і ўдзельнікам прафашысцкай арганізацыі.

24 лютага па мясцовым тэлевізійным канале «Вектар-TV» быў паказаны сюжэт, прысьвечаны дзейнасьці «ўльтраправай моладзевай групы». Гледачам не паведамілі, якім чынам да здымачнай групы трапілі зьвесткі пра Дзьмітрыя Рыжычэнку, асобе якога была прысьвечана большая палова відэасюжэту.

Хлопец зьвярнуўся ў Наваполацкі гарадзкі суд, бо лічыць, што ў тэлепраграме на яго ўзьвялі паклёп, прынізілі ягоныя гонар і годнасць. Ён абвяргае зьвесткі пра тое, што нібыта прасіў палітычнага прытулку ў замежжы, і што мае дачыненьне да «прафашыстоўскай» арганізацыі «Сумленьне-18». Дакладней, у арганізацыю з такой назвай ён сапраўды ўваходзіў, але яе дзейнасьць была накіравана на вырашэньне сацыяльных праблем і арганізацыя была законным чынам зарэгістраваная ў гарвыканкаме.

Дзьмітрый Рыжычэнка лічыць паклёпніцкімі зьвесткі пра тое, што чальцы гэтай арганізацыі неаднаразова прыцягваліся да адказнасьці за хуліганства і зьбіцьцё грамадзян — ён ні разу ня быў падсудным або пакараным за нейкія злачынствы.

За зьнявагу гонару і годнасьці хлопец патрабуе матэрыяльнай кампэнсацыі ад супрацоўнікаў «Вектар-TV» у памеры 100 мільёнаў, а таксама абвяржэньня ў тэлеэфіры.

Зьяўленьню інфармацыі пра Дзмітрыя Рыжычэнку на мясцовым тэлеканале папярэднічаў ператрус у яго кватэры. Як было пазначана ў міліцэйскіх паперах, ператрус праводзіўся 16 лютага ў межах крымінальнай справы па падзеях красавіка 2010 году — тады ў Наваполацку зьявіліся графіці прафашысцкага зместу. У ордэры пісалася, што Дзьмітрый — сьведка ў гэтай справе, аднак у тэлеперадачы яго ўжо абвінавацілі ў дачыненьні да дзейнасьці «ўльтраправай моладзевай групоўкі» без суду і сьледзтва.

Адразу пасьля ператрусу Дзьмітры Рыжычэнка і яго маці, сябра партыі БНФ Вольга Дамаскіна, зьвярнулася да незалежных журналістаў. А наступным вечарам хлопца ў двары ўласнага дому зьбілі невядомыя.
XS
SM
MD
LG