Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карзай падтрымаў абмежаваньні правоў жанчын у Аўганістане


Прэзыдэнт Аўганістану Хамід Карзай падтрымаў ініцыятыву вышэйшага рэлігійнага органу Аўганістану абмежаваць правы жанчынаў.

У прыватнасьці, рэлігійныя дзеячы заявілі, што мужчыны і жанчыны не павінны разам працаваць альбо вучыцца ў школах, і што жанчыны павінны заўсёды суправаджацца ў публічных месцах сваякамі мужчынскага полу.

У часе прэсавай канфэрэнцыі ў Аўторак прэзыдэнт Аўганістану Хамід Карзай ацаніў гэтыя заклікі не як абмежаваньні, а — як «абарону» аўганскіх жанчын, прыгадаўшы «ісламскія прынцыпы і каштоўнасьці, у адносінах да абароны і ўмацаваньню становішча жанчын» і сказаў пра адпаведнасьць ініцыятывы рэлігійных дзеячаў «мэтам шарыяту».

Заява Рады рэлігійных дзеячаў не зьяўляецца юрыдычна абавязковай. Але яна супярэчыць прынцыпу роўнасьці мужчын і жанчын, які замацаваны ў Канстытуцыі Аўганістану, прапануючы іншы прынцып — што «мужчыны зьяўляюцца асноўнымі і жанчыны зьяўляюцца другаснымі».

Аўганскія праваабаронцы асудзілі заяву і выказалі меркаваньне, што ляяльнае да яе стаўленьне ўладаў можа тлумачыцца жаданьнем дасягнуць з талібамі мірнага ўрэгуляваньня.

Пры талібах жанчынам было забаронена атрымліваць адукацыю і працаваць па-за домам, а выходзіць з дому дазвалялася толькі апранутымі ў паранджу і ў суправаджэньні сваякоў мужчынскага полу.
XS
SM
MD
LG