Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Напярэдадні 8 Сакавіка нашы карэспандэнты ў розных рэгіёнах краіны гутарылі з вулічнымі гандляркамі.

Гэтая прафэсія — адна з самых масавых у сёньняшняй Беларусі і традыцыйна лічыцца «жаночай». Хоць насамрэч яна вымагае шмат фізычных і маральных высілкаў. Што гэтыя жанчыны думаюць пра сваё цяперашняе месца ў грамадзтве, пра жыцьцё ў Беларусі, пра заробкі і будучыню?

Гомельшчына


Сотні жанчын выходзяць у Гомелі на рынкі і проста на вуліцы, прапануючы разнастайныя тавары. У іх можна купіць кансэрвы й слодыч, малако й тварог, шкарпэткі й туалетную паперу, вопратку й абутак. Гандлююць жанчыны ў любое надвор’е.

Што прымушае іх без аглядкі на мароз і сьцюжу, вецер і слоту цягаць вазкі з таварам і прапаноўваць мінакам?

Апавядае былая інжынэр з «Гомсельмашу», якая ў свой час з прычыны хваробы пакінула прадпрыемства, а цяпер прадае на «пятаку» ля вакзалу шкарпэткі, панчохі ды іншую драбязу:

«Няма даходу ніякага. На адной зарплаце сядзім — на мужавай. Пэнсіі я не атрымліваю — перадпэнсійны ўзрост. Хто мяне куды возьме? Год застаўся да пэнсіі».

У такой жа сытуацыі апынулася й спадарыня Натальля зь вёскі Пянчын Буда-Кашалёўскага раёну. Яна прывезла на прывакзальны «пятачок» тварог і малако. Мяркуе зарабіць капейчыну:

«Працы няма, здароўя няма на фэрме зь віламі. А жыць за штосьці трэба. Значыць, трэба жыць з гаспадаркі, з каровы».
Працы няма, здароўя няма на фэрме зь віламі. А жыць за штосьці трэба.

Індывідуальная прадпрымальніца Людміла прадае на вуліцы жывыя тульпаны. Працавала ў горадзе музыкантам, але з-за нізкай аплаты працы пакінула горад, пераехала ў прыгарадную вёску й пачала вырошчваць гародніну й кветкі:

«Адзіны падатак зараз вырас. Ну вось 4 дні гандлю кветкамі ў горадзе — 200 тысяч падатку для індывідуальнага прадпрымальніка. У сельскай мясцовасьці я гандлявала — падатак быў на гародніну й садавіну 280 тысяч, то на сёньняшні дзень гэта трэба памножыць яшчэ на два. Плюс выплата ў фонд сацыяльнай абароны — 350 тысяч. Усё паднялося. Плюс за гандлёвае месца плаціш. Агулам — у межах 2 мільёнаў. Вельмі цяжка».


Наша суразмоўца — асоба, характэрная для асяродку вулічных гандляроў. У 90-я гады, калі абвалілася беларуская вытворчасьць, многіх жанчын-спэцыялістаў проста выкінулі з прадпрыемстваў на вуліцу. Шмат хто зь іх заняўся гандлем, каб выжыць самім і падтрымаць свае сем’і. Улады ж прыціскаюць іх, падвышаючы падаткі.

Але гандляваць на вуліцу ідуць ня толькі жанчыны працаздольнага веку, але й пэнсіянэркі. Апавядае 70-гадовая гараджанка, якая прадае на вуліцы Карповіча гаспадарчы абутак, цёплыя хусткі, халаты ды іншае:

«Не хапае на жыцьцё пэнсіі, якую плацяць, вось і ходзім. Не ад лайдацтва ж! Што, думаеце, добра жыць? Каб добра, то не хадзілі б, сядзелі б дома. Што з таго, што пэнсіі гэтыя павышаюць? А цэны ў крамах? Пра лекі й казаць няма чаго — яны ня ўсім даступныя».

Магілёўшчына


На рынках абласнога цэнтру гандляры з трывогай чакаюць бліжэйшай будучыні. У красавіку, кажуць, павысяць арэндную плату, падаткі. Усьлед за гэтым павысяцца цэны на тавары.

У Магілёве на Грабянёўскім рынку сьвяточная мітусьня. Пакупнікі снуюць між гандлёвымі радамі ў пошуках падарункаў жанчынам. За прылаўкамі ў бальшыні сваёй таксама жанчыны. Паводле гандлярак, два першыя месяцы гэтага году прамінулі без асаблівага наплыву пакупнікоў:

«Задавальненьне ёсьць тады, калі людзі ёсьць і калі ў людзей грошы ёсьць. Калі неяк рухаесься, працуеш. А вось як цяпер цэны вялікія й людзі ходзяць — толькі глядзяць. Вядома, задавальненьня няма. Закупачная цана ў Маскве пастаянна павышаецца. А мы ж ад гэтага працуем», — наракае адна з прыватных гандлярак.

Яе каляжанка дадае: «Неўзабаве вырасьце арэндная плата».

Спадарыня: «Гэта ня выгадна нікому. Пакупнікам найперш. Тавар будзе даражэйшы. Нам ня выгадна — пакупнікі набываць ня будуць. Гэта ўсё кошт тавару».

Карэспандэнт: «А што з падаткамі?»
Падаткі абяцаюць у два разы павысіць. І мы нават ня ведаем, што ад красавіка будзем рабіць.

Спадарыня: «Падаткі абяцаюць у два разы павысіць. І мы нават ня ведаем, што ад красавіка будзем рабіць. Ужо цяпер, калі сукеначка каштуе 200 тысяч рублёў, то людзі староняцца. А ўздымі кошт, няхай ня ў два разы, а на пяцьдзясят працэнтаў — гэта ўжо ніхто ня купіць зусім. Такія ў людзей заробкі, што яны ня могуць сабе гэтага дазволіць».

Карэспандэнт: «А што, мужчыны цураюцца гандляваць пад адкрытым небам? У вас жа на рынку спрэс жанчыны?»

Спадарыня: «Ну, а куды падзецца? Мужчыны ж не захочуць. Трэба ж і гаварыць зь людзьмі ўмець. Характар мець. Людзі ж тут розныя. Такія фокусы выкідваюць. Жанчыне, відаць, прасьцей за ўсё тут працаваць».

Гандляркі, захутаныя ў цёплую вопратку, не стаяць на месцы. Холадна. «Аднак цярпіма, — рэагуюць на пытаньне пра халаднечу жанчыны. — Маразы мы ўжо перажылі». На сваю долю не наракаюць. Як гэтая гандлярка:

Спадарыня: «Жанчынам, па-мойму, скардзіцца няма на што. Вось грошай толькі заўжды не хапае...»


Людміла Гразнова

Людміла Гразнова

Кандыдат эканамічных навук Людміла Гразнова: «Эканамічны крызіс у Беларусі абарочваецца вялікімі стратамі. Заробкі ў людзей скараціліся, пэнсіі й дапамогі — таксама. У такой сытуацыі трэба неяк выжываць, і таму беларускім жанчынам даводзіцца на ўсім эканоміць, і, акрамя таго, нейкім чынам зарабіць дадатковы рубель. І калі мы зараз чуем, што за продаж гародніны ці марынадаў іх яшчэ і ганяюць, то гэта, канечне, вельмі непрыемна, несучасна...

Жанчынам трэба больш цаніць сябе. Быць больш грамадзянкай і патрабаваць больш ад гэтай краіны...»

Даведка «Свабоды»


Паводле дадзеных Дзяржаўнага статыстычнага камітэту (Белстат), самыя «жаночыя» галіны ў Беларусі — ахова здароўя (82,7% — прадстаўніцы прыгожага полу) і адукацыі (81,3%). Больш 70% жанчын працуюць у галіне культуры й мастацтва, у гандлі й грамадзкім харчаваньні.

Улады пераконваюць, што юрыдычна ў Беларусі жанчыны й мужчыны раўнапраўныя ў сфэры працы, у прасоўваньні па кар’ернай лесьвіцы, але на справе жанчыны прайграюць у заробку — мужычыны атрымліваюць у сярэднім на 27% больш.
XS
SM
MD
LG