Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адчуваньне аплявухі


Прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных у пятніцу заявіў польскай радыёстанцыі RMF FM, што калі амбасадары Польшчы і ЭЗ скончылі кансультацыі ў сваіх сталіцах, то могуць вяртацца.

«Мы стараемся залагодзіць гэты канфлікт», — дадаў ён. То бок МЗС Беларусі дасылае ЭЗ сыгнал аб гатоўнасьці да міру і заканчэньні дыпляматычнай вайны. Дарэчы, пра гэта сьведчыць і той факт, што беларускія амбасадары ў Эўропе ня зьехалі дадому, хоць звычайна падчас такога дыпляматычнага канфлікту бакі робяць сымэтрычныя крокі.

А Аляксандар Лукашэнка ў нядзелю пасьля лыжні, адказваючы на пытаньні журналістаў, практычна абвясьціў ЭЗ палітычную вайну. Агрэсіўныя, зьняважлівыя выказваньні на адрас Польшчы, Нямеччыны і палітыкаў гэтых краін не выклікаюць сумненьня, што афіцыйны Менск сабраўся ваяваць.

Такім чынам, Эўропа атрымала два супрацьлеглыя сыгналы. Які зь іх сапраўдны, нікому не вядома.

Як ні дзіўна, але абодва сыгналы сьведчаць пра адно і тое ж. Адкліканьне Эўразьвязам сваіх амбасадараў зь Беларусі стала для афіцыйнага Менску моцнай палітычнай аплявухай, дыпляматычнай паразай. І ў выніку беларускае кіраўніцтва пачувае сябе няўтульна, дыскамфортна.

Маханьне кулакамі Лукашэнкі на «Мінскай лыжні» ў бок Эўропы — вельмі выразны сымптом. Асабістыя абразы, лаянка на адрас палітычных апанэнтаў — першая прыкмета таго, што прэзыдэнт выведзены з раўнавагі і знаходзіцца ў стане моцнага стрэсу. Напрыклад, можна ўзгадаць, як мінулым годам Лукашэнка абазваў кіраўніка Эўракамісіі Барозу «казлом», а кіраўніцтва Ўкраіны абвінаваціў у «вашывасьці», пакрыўдзіўшыся на тое, што яго не запрасілі ў Кіеў на канфэрэнцыю, прысьвечаную гадавіне Чарнобыльскай аварыі. Доля міжнароднага ізгоя — псыхалягічна цяжкая рэч. Гэта стан пастаяннага стрэсу. І нават лыжня яго не здымае, у чым мы маглі ўпэўніцца ў нядзелю.

Асабістыя абразы, лаянка на адрас палітычных апанэнтаў — першая прыкмета таго, што прэзыдэнт выведзены з раўнавагі і знаходзіцца ў стане моцнага стрэсу

Адно з наступстваў гэтай дыпляматычнай вайны для Беларусі выявілася вельмі хутка. Краіна фактычна выключана з праграмы ЭЗ «Усходняе партнэрства». У верасьні мінулага году Беларусь практычна ня ўдзельнічала ў Варшаўскім саміце гэтай праграмы. (Беларускі амбасадар у Польшчы зрабіў дэмарш і сышоў з імпрэзы.) Цяпер міністра замежных спраў Беларусі Мартынава не запрасілі ў Прагу на сустрэчу кіраўнікоў МЗС краін «Усходняга партнэрства».

Дарэчы, калі меркаваць па заявах Лукашэнкі на лыжні, ён ужо ўнутрана зьмірыўся з думкай, што рашэньне правесьці ў Беларусі чэмпіянат сьвету па хакеі 2014 году будзе адменена. «Думаеце, калі чэмпіянат сьвету ў Беларусі не адбудзецца, мы што, заўтра акачурымся і памрэм? Ды не, мы будзем жыць», — казаў кіраўнік дзяржавы журналістам.

За бравадай, агрэсіяй і лаянкай Лукашэнкі на адрас ЭЗ хаваецца дрэнна прыхаваная трывога. Бо заставацца сам-насам з Пуціным трохі няўтульна
.

Памерці не памрэм, але ўзьнікне шмат праблемаў. Што рабіць зь вялізнай інфраструктурай, якая пабудавана і яшчэ будуецца? «Мінск-Арэна» сёньня — стратны аб’ект. А яшчэ будуецца падобны ж лядовы палац у Чыжоўцы. Да чэмпіянату сьвету ўзводзяцца адразу некалькі гатэляў з удзелам замежнага капіталу. Паколькі турысты ў Беларусь ня езьдзяць, то гэта стратныя праекты. Замежныя сябры-бізнэсоўцы «ўляцяць» на вялікія грошы.

Таксама падаюцца цікавымі заявы Лукашэнкі пра прэзыдэнцкія выбары ў Расеі. Высьветлілася, што ў нядзелю кіраўнік Беларусі ня ведаў, каго выберуць прэзыдэнтам РФ. Усе зьвярнулі ўвагу на ягоную няўпэўненасьць наконт будучыні беларуска-расейскіх адносін. Прэзыдэнцкія выбары заканчваюцца, на месца перадвыбарчай рыторыкі прыходзіць рэальная палітыка. А гэта, як кажуць у адным паўднёвым горадзе, дзьве вялікія розьніцы.

Падаецца, што гэтую няўпэўненасьць узмацніў дыпляматычны канфлікт з Эўропай. За бравадай, агрэсіяй і лаянкай Лукашэнкі на адрас ЭЗ хаваецца дрэнна прыхаваная трывога. Бо заставацца сам-насам з Пуціным трохі няўтульна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG