Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што стаіць за арыштам Уладзіслава Кацарэнкі


Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў пра затрыманьне старшыні назіральнай рады «Тэхнабанку» Ўладзіслава Кацарэнкі. Якія абвінавачаньні выставілі банкіру?

У Сьледчым камітэце Беларусі кажуць, што Ўладзіслаў Кацарэнка затрыманы паводле абвінавачаньня ўва ўхіленьні ад сплаты падаткаў і садзейнічаньні ў зьдзяй сьненьні злачынства. Банкіру пагражае да 7 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. Між тым пакуль няма зьвестак пра тое, што Ўладзіславу Кацарэнку ўжо выставілі абвінавачаньне.

«Тэхнабанк» — адзін зь сярэдніх паводле капіталу банкаў краіны. Ягоныя актывы ў канцы мінулага году складалі каля 720 мільярдаў рублёў. Што мог парушыць Уладзіслаў Кацарэнка? У недзяржаўных мэдыях ужо зьявілася вэрсія, што банкір нібыта аказаўся датычны да дзейнасьці фірмаў, празь якія падчас леташняга дэфіцыту валюты пераводзіліся ў гатоўку па выгадным курсе безнаяўныя грошы. Невядома, ці прызнае сваю віну спадар Кацарэнка. А што думаюць пра гэткія апэрацыі дасьведчаныя назіральнікі?

Паводле былога старшыні Нацыянальнага банку Станіслава Багданкевіча, падобныя схемы летась сапраўды маглі расквітнець, бо свабоднага рынку валюты не было. Дзяржава сама вінаватая, што ўзьніклі ўмовы для спэкуляцыяў, мяркуе спадар Багданкевіч:

«Калі ёсьць дэфіцыт, заўсёды ствараюцца карупцыйныя схемы. Нехта зарабляе на гэтым. Нічога не магу сказаць пра пэўны факт, але ж так было. Як ня стала дэфіцыту валюты, як стала магчыма набыць у абменьніку ці на біржы любую колькасьць валюты — ня стала і такіх схем».

Станіслаў Багданкевіч лічыць затрыманьне банкіра вынікам звычайнай працы сьледчых, якія адсочваюць «фінансавыя працэсы».

Уладзіслаў Кацарэнка вядомы таксама як намесьнік старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі. Пра яго нават кажуць як пра чалавека, які нібыта ўносіць найбольшы ўнёсак у фінансаваньне партыі. Старшыня ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч адмовіўся пракамэнтаваць для «Свабоды» затрыманьне свайго намесьніка. У камэнтары «Белсату» спадар Гайдукевіч заявіў, што ня лічыць Кацарэнку «дурнем», які будзе красьці, а зьвязвае ягоны арышт з палітыкай:

«Што тут дзіўнага — выбары. Пачынаецца наезд на самую вялікую палітычную партыю. Увогуле ня веру, што Кацарэнка мог нешта зрабіць. Сябра вышэйшай рады партыі, займаецца бізнэсам. Ён што, дурань — рабіць нейкія парушэньні? Ён жа выдатна ведае, што за ім сочаць».

У 2008 годзе Ўладзіслаў Кацарэнка ўдзельнічаў у парлямэнцкіх выбарах. Банкір балятаваўся па адной акрузе зь вядомай праваабаронцай, сябрам АГП Людмілай Гразновай. Спадарыня Гразнова не адразу прыгадала свайго былога канкурэнта — так, быў такі, а чым вызначыўся? Падумаўшы, Людміла Гразнова ўспомніла:

«Памятаю, былі такія чуткі, што ідзе бізнэсовец і што нейкія расейскія сувязі. Нешта было такое».

У Беларусі фактычна праз кожныя год-два арыштоўваюць і асуджаюць банкіраў. Апошнім (цяпер ужо перадапошнім) з арыштаваных банкіраў стаў старшыня назіральнай рады «Трастбанку» Віктар Шаўцоў, які знаходзіцца ў СІЗА КДБ зь лістапада мінулага году. Віктара Шаўцова абвінавачваюць у нанясеньні стратаў на 10 мільёнаў даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG