Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З Андрэем Саньнікавым у калёніі сустрэўся адвакат


Андрэй Саньнікаў

Андрэй Саньнікаў

З былым кандыдатам у прэзыдэнты, палітвязьнем Андрэем Саньнікавым напярэдадні ягонага дня народзінаў сустрэўся адвакат.

Пра гэта БелаПАН паведаміла жонка палітыка Ірына Халіп. Паводле яе слоў, адвакат і Саньнікаў абмяркоўвалі «выключна юрыдычныя пытаньні»:

«Андрэй ня можа нічога сказаць ні пра ўмовы ўтрыманьня, ні пра стан яго здароўя, паколькі сустрэча з адвакатам праходзіць пры ўмовах жорсткай мадэрацыі з боку супрацоўнікаў калёніі. Таму пра яго становішча я пакуль ня ведаю», — сказала Халіп.

Яна адзначыла, што атрымала ліст ад Саньнікава. «Ліст кароткі, але большы, чым папярэдні. Саньнікаў просіць павіншаваць ад яго імя жанчын з 8 сакавіка і адзначае, што ў турме яшчэ раз пераканаўся ў тым, што беларускія жанчыны — самыя прыгожыя, самыя адданыя. І самыя лепшыя», — сказала Халіп.

Нагадаем, у траўні 2011 году Андрэй Саньнікаў быў асуджаны на пяць гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму паводле абвінавачаньня ў арганізацыі масавых беспарадкаў 19 сьнежня 2010 году. Адбываць пакараньне яго накіравалі ў калёнію Наваполацку, але некалькі разоў пераводзілі ў іншыя калёніі.

У канцы студзеня зрабілася вядома, што Саньнікаў напісаў прашэньне аб памілаваньні. Па словах Халіп, яно было напісана яшчэ 20 лістапада мінулага году пад узьдзеяньнем катаваньняў. У МУС сьцьвярджаюць, што прашэньне Саньнікаў напісаў 23 сьнежня, і празь месяц, 23 студзеня, адміністрацыя калёніі «Віцьба-3» перадала яго ў аддзел па пытаньнях грамадзянства і памілаваньня адміністрацыі прэзыдэнта. Прадстаўнікі адміністрацыі сытуацыю з прашэньнем Саньнікава не камэнтуюць.
XS
SM
MD
LG