Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзёньнік пісьменьніка: не мужыцкая справа


Векапомная падзея: пачала дзейнічаць праграма «Замкі Беларусі», зацьверджаная афіцыйна.

Мужык-беларус, які й на трыбуне паводзіцца, як дзесь на малатарні ці мэхдвары, даў адмашку. Не мужыцкая гэта справа панскія харомы аднаўляць, але — хай! Можа інтурыст падцягнецца, раскашэліцца. Не ўмацаваньне гістарычнай самасьвядомасьці мэта (Божа барані!), а спадзяваньне зарабіць капейчыну.

У «Кнізе аб рыцарстве» 1275 году, напісанай па-каталёнску, сказана: «Рыцар абавязаны мець замак і каня», а панцыр — гэта замак рыцара ў дарозе і ў бітве. Беларусь была замкам з ахоўнікам-рыцарам, якому цяпер абвешчаная анафэма, яго выява на дошках «іх шукае міліцыя». Краіну будуюць, сьцены замкаў нават, але рыцарства няма. Краіна бяз рыцарскага духу. Значыцца замкі — бутафорыя. Цьвёрдая рука прараба, амаль жалезная. Але ў яжовай рукавіцы, ня ў рыцарскай.

Чужыя памылкі


Замак Гедыміна ў Лідзе, часта там бываю. І заўжды думкі пра «касмэтычных хірургаў», пра спробы схаваць няроўныя шнары, пісягі. Уласна кажучы, адсутную частку — адну зь дзьвюх вежаў і паўразбураную сьцяну пабудавалі наноў, па-хуткаму, «са сьвістам», як ніякавата прызналася аўтарка праекту. Вежа падпёрла лідзкае неба, і толькі пасьля гэтага пачалося тое, што можна назваць «рэстаўрацыяй» — хаваньне дрэнных швоў, сьвежазробленых.

Заплюшчу вочы, уяўляю таго мураля, які раней працаваў у Троках: да ягоных швоў, арак, крыжовых скляпеньняў у Лідзскім замку нельга прычапіцца, яны амаль ідэальныя. Другі гнаў аб’ём, зарабіў больш, але яго працу трэба выпраўляць. І выпраўляць мусіць першы, бо ён жа майстар. Мне яшчэ думаецца: і так у любой справе — адзін больш дбайна вымалёўвае і адчувае асалоду ад працы, для другога на першым месцы заробак, ён не хавае, што мае рукі рамесьніка.

Вядома, што нават у Троцкім замку пры адбудове памыляліся, дапускалі брак, і ў Мальбарскім таксама, мы ня самыя горшыя значыцца. Адно засмучае: мы паўтараем чужыя памылкі, замест вучыцца на іх. Мы відавочна адстаём. Калі ў суседніх краінах, скажам, да вайны былі аўтакратычныя рэжымы, мы праходзім той жа ўрок са спазьненьнем на шэсьцьдзесят-семдзесят гадоў, крыўдна.

Цэгла шасьці гатункаў


Памятаю размову з тымі, хто назірае за выпраўленьнем памылак: «Паверце: у Мальбарку адноўленыя сьцены з рознай цэглы, рознахарактарнай, па колеры, па зашыўцы швоў. Дакладна гэта ёсьць і ў Троках, у Торуні і ў некаторых іншых замках. Таму сказаць, што гэта будзе вельмі дрэнна ці ня варта таго, што навокал, так казаць ня будзем». Але гэта аксіёма: чым больш павольна, карпатліва робіцца, тым якасьней атрымліваецца, згаджаюцца яны.

«Трэба яшчэ ўлічыць, што рэстаўрацыяй сьценаў займаліся савецкія, раней польскія ўлады, Мікалай ІІ. Частка сьценаў перакладзеная, але з той цэглы, што знаходзілася ў самім замку. Таму існуе разнабой, там пяць тыпаў цэглы. Цяпер шосты прыклалі», словам, спэцыялісты ведаюць лідзкія муры як свае пяць пальцаў. Так, сьцены замка Гедыміна з увагі на гатункі цэглы — суцэльная эклектыка, але такім жа стракатым ёсьць сёньняшняе беларускае жыцьцё.

Цэгла — увогуле наша ахілесава пята, пагляньце на прыступкі ў замках у Лідзе ці Міры: яны, Божа мой, пустацелыя, з адтулінамі, крышацца пад абцасамі. Зусім не рэстаўрацыйная цэгла. Таксама задача стаіць нейк «схаваць». Пакуль сьпяшаліся зь Лідзкім замкам, некалькі разоў працу муралёў спынялі: замяніце цэглу на адпаведную! А дзе ўзяць? «Рэцэпт страчаны», а за мяжой купляць — эканомім. Ды што там цэгла, браму замкавую зрабілі не такую, як трэба, абы хутчэй. Прымусілі перарабляць.

Што ж рабіць? Спыніцца? «Не пароць гарачку?» У вушах маіх аргумэнты тых, хто прымушае перарабляць цагляныя швы ў замках: «Але чакаць, калі наладзіцца, значыць, не займацца рэстаўрацыяй наогул. Тады павінны нічога не рабіць, і далей каб гэта гніло, развальвалася, рассыпалася».

Цяпер хоць грошы часам надараюцца. У БССР на культуру ўсяго тры адсоткі зь бюджэту давалі, рэстаўрацыя ня мела шанцаў…

З рамантыка я бадай раблюся цьвярозым рэалістам. Ці марыў я убачыць Лідзкі замак нарэшце цалкам? Так! Ці згодны быў бы я, каб лепей яго зрабілі праз сто год, але паводле ўсіх правілаў, як уяўлялася мне раней? Ня ведаю… Сёньня я перакананы, што мужык-беларус заўсёды будзе рабіць так, як робіць. Таму выбар у мяне невялікі: або ёсьць замак або яго няма, ня будзе.

«Краіна замкаў»


«Краінай замкаў» назваў адзін падарожнік беларускія землі ў сярэднявеччы. Пра гэта нам некалі нагадваў прафэсар Ткачоў у клюбе «Паходня», здаецца, так называлася таксама адна зь ягоных кніг.

Частку былой славы ўзяўся аднавіць цяпер мужык-беларус, заплюшчым вочы на сапраўдную матывацыю. Лідзкі замак (разбураную частку), як вядома, збудавалі за пару месяцаў, дзякуючы дажынкам. Значыцца, яны
ня толькі рухавік касмэтычнага рамонту гарадоў і мястэчак, але таксама —аднаўленьня муроў, рэстаўрацыі.

Трэба зрабіць па чарзе дажынкі ў Наваградку, Гальшанах, Крэве і «Замкі Беларусі» ня будуць занядбаныя. А дзе няма цяпер замкавых муроў, ня важна — ніколі зусім не было ці існавалі калісьці, трэба пабудаваць, вось тады ў краіну замкаў пачнецца ператварацца па-сапраўднаму рэспубліка. Дом культуры альбо рэстарацыя, банк, нават выканкам выглядаў бы салідней, каб меў форму кастэля.

Страх муроў


Лапці — гэта добра, але колькі можна? Беларускія куткі ў школах суздром этнаграфічныя: аскомныя ручнікі, лапці, калаўрот, страха саламяная. А чаму ня рыцар, не макет замка, не сярэднявечная мапа? Так бясьпечней. Лапці і калаўрот ніякіх пачуцьцяў не выклікаюць у моладзі? Ну й цудоўна!

Само начальства хіба засталося на ўзроўні страхаў «Сымона-музыкі», цытую паводле першага выданьня 1925 году: «Замак грозны і варожы», далей «А над возерам стаіць замак грозны, замак хмуры». І зусім ніякавата робіцца: «А той замак — ух, махіна! Мур адзін наводзіць страх». Непрыемна бачыць муры, трывожна: «Страшны замак, цяжкі, грозны». «Ажывіўся замак хмуры», не надзейны, ня рыцарскі, не. А варожы нейкі для мужыка-беларуса.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG