Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь зацікаўленая ў атрыманьні новага крэдыту МВФ, але можа абысьціся і безь яго. Такую заяву зрабіла ў інтэрвію БелТА старшыня Нацбанка Надзея Ермакова.

З 22 лютага па 6 сакавіка ў Менску працавала місія МВФ на чале з Крысам Джарвісам. На брыфінгу 5 сакавіка кіраўнік місіі даў зразумець, што ў бліжэйшы час новы крэдыт МВФ Беларусь наўрад ці атрымае.

МВФ, як сказаў Джарвіс, павінен быць упэўнены, што «людзі і структуры, якія адказваюць за прыняцьце рашэньняў на самым высокім узроўні, падтрымліваюць прапанаваныя меры эканамічнай палітыкі, нам таксама будзе неабходная упэўненасьць у тым, што новая праграма будзе падтрымана краінамі-сябрамі МВФ», — падкрэсьліў спадар Джарвіс.

Паводле Ермаковай, «прадстаўнікі МВФ, якія былі тут, не хаваюць, што ў большай ступені тут маюць уплыў палітычная сытуацыя і палітычныя пытаньні, згода краін-удзельніц МВФ працаваць з Беларусьсю па новай праграме».

Што тычыцца эканамічных рэкамэндацый МВФ, то кіраўнік Нацбанка пракамэнтавала іх наступным чынам:

«Высновы, якія яны зрабілі з нагоды таго, што трэба затармазіць рост рэальнай заработнай платы і, магчыма, нават яе зьнізіць, напэўна, не ўкладваюцца ў нармальнае разуменьне. Як можна рэкамэндаваць пагоршыць жыцьцё насельніцтва? Заработная плата ў нас для бюджэтнікаў запланаваная ў расходнай часткі бюджэту. Не выплаціць яе — значыць зрабіць штучны прафіцыт бюджэту. Навошта гэта рабіць? Тым больш што людзі заробак павінны атрымаць. Калі ўзяць заработную плату на вытворчых прадпрыемствах, то там ня змогуць яе выплаціць ў большым памеры, чым атрымана сродкаў за кошт выручкі. Навошта іх прымушаць ці неяк стымуляваць да таго, каб яны не атрымлівалі выручку? Гэта таксама зусім няправільна».

Як сьцьвярджае Ермакова, «структурныя пераўтварэньні ў эканоміцы ідуць»:

«Можа быць, павольнымі тэмпамі, але яны ў нас ідуць. Але адразу, у адно імгненьне зрабіць пераўтварэньні — гэта таксама нерэальна. Спачатку ўсё трэба прадумаць, а потым ужо рабіць. „Дарожная мапа“ ў нас ёсьць, але яна не тая, якую Міжнароднаму валютнаму фонду хацелася б бачыць ».

Ермакова нагадала, што Беларусь разьлічвала атрымаць ад МВФ 3,5 млрд. даляраў для рэфінансаваньня старога доўгу перад фондам. У 2009 — 2010 гадах МВФ выдзеліў Беларусі крэдыт у памеры 3,46 млрд. даляраў, нагадвае БелаПАН.

«Мы абыдземся і бязь іх, — рэзюмавала кіраўнік Нацбанка.— Але нам трэба зарабіць тыя грошы, якія мы павінны вярнуць МВФ. Ёсьць іншае пытаньне, можа быць, нават больш сур’ёзнае — гэта імідж краіны. Калі з табой працуе міжнародны фінансавы інстытут, то ты маеш большы імідж. Але, я думаю, прыйдуць іншыя інстытуты: Сусьветны банк з намі працуе, ЭБРР».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG