Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Слоніме дэмантавалі помнік Леніну, каб потым зноў усталяваць

абноўлена

Фота "Газета Слонімская"
Фота "Газета Слонімская"

Дэмантавалі адзін з чатырох помнікаў Леніну ў Слоніме. Ён стаяў блізу аўтарамонтнага заводу. Плянуецца, што пасьля таго як навокал зробяць парадак і правядуць рэканструкцыю помніка, яго або вернуць назад, або ўсталююць у іншым месцы.

Пляц, на якім стаяў помнік Леніну, і частку будынка рамонтнага заводу нядаўна прадалі прыватнаму прадпрыемству «Вокны-стыль». Кіраўнік прадпрыемства Аляксей Гусёнак сказаў «Свабодзе», што помнік дэмантавалі па ўзгадненьні зь мясцовымі ўладамі, каб добраўпарадкаваць тэрыторыю. Цяпер помнік на тэрыторыі аўтарамонтнага заводу.

Мой тэлефонны званок да намесьніка старшыні райвыканкаму па ідэалягічнай працы Ігара Лапікава наконт далейшага лёсу помніка вельмі яго ўзрушыў: маўляў, абсалютна будзённая справа, а прэса ўжо робіць з мухі слана.

Лапікаў: «Прадпрыемства набыло будынак і прылеглую тэрыторыю, цяпер тут вядуцца рамонт і добраўпарадкаваньне, таму часова помнік і дэмантавалі. Зрэшты, і дзеля таго, каб той самы помнік падмазаць і падфарбаваць, а потым усё вернем на месца. Учора ўжо каму толькі гэта не тлумачыў, паколькі было шмат тэлефанаваньняў, а яны шуміху паднялі і зрабілі з мухі слана».

Усе працы па дэмантажы і далейшым усталяваньні помніка праводзяцца за кошт фірмы «Вокны-стыль». Пасьля добраўпарадкаваньня тэрыторыі, паводле кіраўніка фірмы Гусёнка, помнік могуць вярнуць на тое самае месца, альбо паставіць недзе побач. Гэта маюць вырашыць мясцовыя архітэктары. Сам Гусёнак ня супраць, каб помнік Леніну стаяў перад ягоным офісам.

Гусёнак: «Цалкам можа быць і пад маімі вокнамі, ён мне наагул не замінае. Больш за тое, я добра памятаю савецкія часы, калі з гонарам насіў піянэрскі гальштук. Тут можна ўзгадаць і яшчэ шмат станоўчых момантаў, калі тая ідэалёгія зрабіла шмат карыснага для выхаваньня людзей, што цяпер ужо ніколі не паўторыцца».

Лідэр слонімскай арганізацыі БНФ, мясцовы лекар Іван Шэга лічыць, што ўжо даўно надышоў час дэмантаваць усе гэтыя помнікі, але не бурыць іх, а сабраць у адным месцы і зрабіць музэй, каб маладыя людзі ведалі, што насамрэч было ў тую эпоху.

Іван Шэга
Іван Шэга
«Ну, а так навошта гэтыя помнікі стаяць у горадзе? Мы жывём у зусім іншай краіне, у нас іншыя ідэі, а тут стаіць той, хто прапаведаваў супрацьлеглыя ідэі, дый, да ўсяго, ня ў нашай гісторыі. Ну пры чым тут Ленін да нас? Ён нават ні разу ня быў у Слоніме».

Летась праваслаўныя сьвятары падчас прыёму ў Слонімскім райвыканкаме прапанавалі дэмантаваць у раёне ўсе помнікі Леніну і іншым рэвалюцыйным дзеячам, але ўлады да гэтай прапановы не прыслухоўваюцца. Я запытаўся ў слонімскага праваслаўнага сьвятара, айца Генадзя, як ён ставіцца да дэмантажу помнікаў Леніну.

Айцец Генадзь: «Занадта іх шмат у нас, а хапіла б аднаго...»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG