Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці стане Шайміеў узорам для Лукашэнкі?


Belarus - Ales Lahvinets, political analyst, 11Feb2008

Belarus - Ales Lahvinets, political analyst, 11Feb2008

Беларусь страціць незалежнасьць і Эўразьвязу трэба прыстасаваць да гэтага сваю стратэгію. З такім тэзісам выступіў у сваім артыкуле экспэрт уплывовага польскага аналітычнага Цэнтру міжнародных адносінаў Войцех Бародзіч-Смалінскі.

Ці варта ўспрымаць гэтыя словы як папярэджаньне аб магчымым разьвіцьці падзеяў? Ці можа гэты прагноз прымусіць афіцыйны Менск зьмяніць сваю палітыку ў дачыненьнях з Эўропай? На гэтыя пытаньні адказвае экспэрт у міжнародных справах Алесь Лагвінец.

Цыганкоў: Ці можна ўспрымаць гэты аналіз польскага аналітыка хутчэй як папярэджваньне пра магчымае разьвіцьцё падзеяў? Можа, гэта якраз той варыянт прагнозу, якія робяцца дзеля таго, каб яны не спраўджваліся?

Лагвінец: На вялікі жаль, такое разгортваньне падзеяў можа мець месца. Беларусь з усім комплексам сваіх праблемаў выклікае расчараваньне і можа нават раззлаваньне эўрапейскіх краінаў. Вядома, галоўная прычына гэтаму – паводзіны беларускіх уладаў.

Вялікіх чаканьняў наконт пазытыўнага разьвіцьця Беларусі на Захадзе няма.

Натуральна, калі мы кажам пра такі сцэнар -- зьмену падыходаў заходніх краінаў да Беларусі– то сытуацыя выглядае вельмі сумнай. Бо ў такім выпадку па сутнасьці прызнаецца, што Беларусь зьяўляецца зонай прыярытэтных інтарэсаў Расеі. І атрымліваецца, што вялікіх чаканьняў наконт пазытыўнага разьвіцьця Беларусі на Захадзе няма. Захад можа пераакцэнтаваць сваю ўвагу на пытаньні іншых рэгіёнаў. І для Беларусі гэта вельмі адмоўны сыгнал – як для ўлады, гэтак і для незалежнага грамадзтва.

Цыганкоў: А ці можна назваць аналіз Бародзіча-Смалінскага своеасаблівым папярэджаньнем афіцыйнаму Менску? Маўляў, паглядзіце, што можа адбыцца, калі вы працягнеце канфліктаваць з Эўразьвязам?

Частка ўладнай эліты, у тым ліку Лукашэнка, пагадзіліся з тым, што ім давядзецца падзяліцца часткай сувэрэнітэту з Расеяй

Лагвінец: Я думаю, гэты аналіз можна ўспрымаць як папярэджаньне афіцыйнаму Менску. Але найперш гэта адлюстраваньне таго расчараваньня, што існуе на Захадзе наконт афіцыйнай Беларусі. Беларускія ўлады глыбока не разумеюць Захад, ня хочуць засвойваць ягоныя правілы. Яны інстынктыўна жывуць у савецкім сьветапоглядзе, бачаць толькі тое, што адбываецца ў Расеі, і з Расеяй зьвязваюць сваю будучыню.

Больш за тое, мне падаецца, што частка ўладнай эліты, у тым ліку Лукашэнка, пагадзіліся з тым, што ім давядзецца падзяліцца часткай сувэрэнітэту з Расеяй. Магчыма, для іх ёсьць узорам прыклад былога прэзыдэнта Татарстану Шайміева, які, адышоўшы ад улады, захаваў большую частку сваіх бізнэс-інтарэсаў.

Але я перакананы, што найгоршы сцэнар можна прадухіліць. Ёсьць вялікі пласт беларускага грамадзтва, якія хочуць незалежнасьці, існуюць шырокія сувязі беларускага грамадзтва з Захадам, мільёны беларусаў, якія хочуць, каб краіна ішла эўрапейскіх шляхам разьвіцьця. Пытаньне ў тым, каб кансалідаваць гэтыя сілы, дзеля таго каб пераламіць сытуацыю.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG