Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Касьцюкевіч: раю кніжку Евы Вежнавец


Павал Касьцюкевіч на цырымоніі прысуджэньня літаратурнай прэміі Ежы Гедройца

На пытаньні Радыё Свабода адказаў пісьменьнік Павал Касьцюкевіч, першы ляўрэат літаратурнай прэміі Гедройца.

Знаткевіч: Павал – вы б параілі чалавеку, які зусім не знаёмы з вашай творчасьцю, пачынаць вас чытаць з новай, другой кніжкі «Зборная РБ па негалоўных відах спорту» ці, так бы мовіць, па-парадку – спачатку варта прачытаць вашую дэбютную кнігу «Душпастырскія спатканьні для дачнікаў»?

Касьцюкевіч: Напэўна, пачынаць з першай. Там я яшчэ, здаецца, шукаў як пісаць, што пісаць. У другой кнізе я ўжо менш сумняваўся, як гэта павінна выглядаць, а ў першай - пошук.

Знаткевіч: На нашай старонцы ў фэйсбуку мы папрасілі людзей задаць вам пытаньні – Наста Рэзьнікава пытаецца: наколькі аўтабіяграфічныя аповеды ў "Зборнай РБ"?

Касьцюкевіч: Я лічу, што літаратура – гэта прыдумка, і ня думаю. што варта шукаць нейкія карані. Канешне, літаратура вырастае з рэчаіснасьці, але вырастае нешта іншае, ня тое, што было ў зерні, у зямлі. Таму ня раю шукаць нейкіх аўтабіяграфічных рысаў. Магу сказаць, што нешта перажыў, нешта было падобнае. Спадзяюся, гэта добра прыхавана.

Знаткевіч: Павал Анціпаў піша ў фэйсбуку: "Дзякуй Паўлу за стыль! Я перакладаў некалькі ягоных апавяданьняў на расейскую, гэта сапраўды захапляльна і прымушае перакладчыка выйсьці з рэжыму гугл-транслэйта. Як зьявілася ідэя аддаць частку прэміі Каваленку? Якую частку?"

Касьцюкевіч: Частка, відаць, не такая ўжо і вялікая, але нешта будзе. Бо трэба, канешне, па-першае, дапамагчы яго сям'і, а па-другое, спадзяюся, што гэтым сваім узгадваньнем я прымусіў і некага іншага ўспомніць гэтага чалавека, які цяпер за нас за ўсіх прымае пакуты.

Знаткевіч: А як Вы зьбіраецеся гэта зрабіць?

Касьцюкевіч: Ну ёсьць людзі добрыя, навошта ж выдаваць усе хады, як можна гэта зрабіць.

Знаткевіч: Вы сам каму б аддалі прэмію Гедройца – неабавязкова сярод намінантаў.

Касьцюкевіч: Я ўжо пра гэта казаў, што ў нас недзе ў годзе 2005-2007 быў такі невялікі рэнэсансік прозы, слаба заўважаны чамусьці. Вось усё круціцца зараз вакол прэміі.. Прэмія – гэта ўсё ж каб ўзгадаць, што ёсьць такое – цікавая беларуская проза. І вось я проста параіў бы прачытаць кнігу Евы Вежневец "Шлях дробнай сволачы". Там такая моц і язва, якая вельмі адпавядае, відаць, сытуацыі, прычым не хвіліннай сытуацыі ў краіне, а аўры нашай краіны, і месцу, і настрою, і, канешне, літаратуры беларускай. Там караценькія апавяданьні, але яны ўражваюць.

Слухаць гутарку цалкам:
XS
SM
MD
LG