Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Справядлівы сьвет» будзе ўдзельнічаць у выбарах


Belarus – Presidential elections. Siarhey Kaliakin. Minsk19dec2010

Belarus – Presidential elections. Siarhey Kaliakin. Minsk19dec2010

Беларуская партыя левых "Справядлівы сьвет" лічыць неабходным даць выбаршчыкам і членам выбарчых камісій альтэрнатыву на маючых адбыцца парлямэнцкіх выбарах. Пра гэта заявіў у інтэрвію БелаПАН старшыня партыі Сяргей Калякін.

"Мы заявілі адназначна, што сёньня умоваў для правядзеньня свабодных, справядлівых раўнапраўных выбараў у рэспубліцы няма, і наўрад ці яны зьявяцца да верасьня гэтага года", - сказаў кіраўнік партыі левых. Паводле яго ў краіне "ёсьць палітзьняволеныя, не рэгіструюцца палітычныя партыі і грамадзкія аб'яднаньні, зарэгістраваныя арганізацыі не могуць ажыцьцяўляць сваю статутную дзейнасьць, забароненыя мітынгі, дэманстрацыі, наогул палітычная дзейнасьць знаходзіцца пад забаронай, няма вольных СМІ".

"Разам з тым, мы зыходзім з таго, што палітычная кампанія, якую называюць выбарамі, адбудзецца", - сказаў Калякін. "Падчас выбарчых кампаній людзі актывізуюцца, зьяўляюцца дадатковыя магчымасьці ў палітычных суб'ектаў для заяў аб сваёй пазыцыі. Можна павысіць вядомасьць сваёй арганізацыі, павысіць узровень падтрымкі сваёй арганізацыі сярод насельніцтва.", - адзначыў кіраўнік партыі.

Некаторыя палітыкі мяркуюць, што кандыдаты ад дэмакратычных партый павінны вылучацца і весьці выбарчую кампанію, але зьняць свае кандыдатуры ў апошні момант. Сяргей Калякін лічыць, што прозьвішчы дэмакратычных кандыдатаў "павінны застацца ў бюлетэнях і ў дзень галасаваньня". "Трэба даць людзям альтэрнатыву, але пры гэтым мы будзем тлумачыць, што выбараў няма, і, хутчэй за ўсё, ваш голас скрадуць. Але мы дамо вам альтэрнатыву паступіць сумленна. Адначасова мы будзем кантраляваць, як будзе дзейнічаць улада ", - сказаў палітык.

Таксама ён лічыць важным даць альтэрнатыву чальцам выбарчых камісій. "Калі ўсе дэмакратычныя кандыдаты здымуцца, то людзі ў выбарчых камісіях не будуць мець альтэрнатыву, як паступіць: ці з-за страху, як заўсёды, адхіліцца і даць старшыням камісіі магчымасьць фальсыфікаваць, або праявіць грамадзянскую пазыцыю і палічыць сумленна", - заявіў Калякін.

Таму, як сказаў палітык, "Справядлівы сьвет" пакуль не падтрымлівае аб'яву аб тым, што іх кандыдаты будуць здымацца з выбараў.

Што тычыцца асабістага ўдзелу ў выбарах у палату прадстаўнікоў, то па словах Сяргея Калякіна гэтае пытаньне зараз абмяркоўваецца, і рашэньне па ім будзе прынятае.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG