Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Негатоўнасьць Беларусі ісьці на палітычныя і эканамічныя рэформы спараджае ўсё большую ізаляцыю гэтай краіны ад Захаду. А паколькі Беларусь больш і больш аддаляецца ад Эўропы і іншых заходніх дзяржаў, усё больш шчыльнай робіцца яе інтэграцыя з Масквой і з тымі структурамі эканомікі і бясьпекі, у якіх пануе Расея. Пра гэта гаворыцца ў чарговым аналітычным дакладзе амэрыканскага дасьледчага цэнтру Stratfor.


Беларусь не будзе накіроўваць сваю дэлегацыю на заплянаваную на 5 сакавіка ў Празе сустрэчу міністраў замежных спраў краін, якія ўдзельнічаюць у праграме «Усходняга партнэрства». Пра гэта гаворыцца ў заяве Міністэрства замежных справаў Чэхіі. Гэта рашэньне было прынятае пасьля таго, як некаторыя краіны-члены ЭЗ 29 лютага адклікалі сваіх паслоў з Беларусі. Дадзеная мера была прынятая ў сувязі з тым, што Менск раней выправадзіў з краіны двух дыпляматаў Эўразьвязу, а ЭЗ увёў санкцыі супраць беларускіх афіцыйных асобаў.

Дыпляматычная напружанасьць паміж Беларусьсю і Захадам зьвязаная з тым, што Менск адмаўляецца праводзіць рэформу сваёй палітычнай і эканамічнай сыстэмы. Гэтая напружанасьць паскарае ізаляцыю краіны ад Захаду і, адпаведна, павялічвае шанцы на тое, што Беларусь будзе ўсё больш збліжацца з Расеяй і з тымі эканамічнымі і ваеннымі інстытутамі, у якіх дамінуе Масква.

Палітычная і эканамічная мадэль Беларусі

Набыўшы ў 1991 годзе незалежнасьць, Беларусь разам з многімі іншымі былымі савецкімі рэспублікамі ўступіла ў пэрыяд пераходу да рынкавай эканоміцы і квазідэмакратычнай сыстэме дзяржаўнага кіраваньня. Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч пачаў ажыцьцяўляць рэформы, але яго кіраваньню паклаў канец Аляксандр Лукашэнка, які, знаходзячыся на пасадзе старшыні парлямэнцкага антыкарупцыйнага камітэту, абвінаваціў ў 1993 годзе Шушкевіча ў карупцыі і крадзяжы дзяржаўных сродкаў, і ініцыяваў галасаваньне па вотуму недаверу Шушкевічу. Пасьля гэтага ён упэўнена і з вялікім адрывам атрымаў над ім перамогу ў ходзе першых у Беларусі прэзыдэнцкіх выбараў, якія адбыліся ў 1994 годзе. З тых часоў гэты былы савецкі чыноўнік і дырэктар саўгасу кіруе Беларусьсю.


Пры такой палітыцы захаваліся толькі неістотныя і жорстка рэгуляваныя рысы рынкавай эканомікі.

Прыйшоўшы да ўлады, Лукашэнка па-іншаму падышоў да працэсу эканамічных рэформаў, чым яго папярэднік. Ён захаваў шматлікія рысы савецкай эканамічнай палітыкі ў рамках, як ён яго называе, "рынкавага сацыялізму". Такая палітыка мае на ўвазе дзяржаўнае рэгуляваньне цэн на прадукты харчаваньня і тавары першай неабходнасьці, шматлікія льготы і субсыдыі, фіксаваны абменны курс і папулістычны палітычны курс. Пры такой палітыцы захаваліся толькі неістотныя і жорстка рэгуляваныя рысы рынкавай эканомікі. Такі палітычны курс стварыў адносна высокі ўзровень жыцьця ў рэгіёне: пэнсіі і сярэдні заробак у Беларусі вышэй, чым у суседніх Украіне і Малдове, і там вельмі малы разрыў у даходах насельніцтва.

Акрамя таго, многія стратэгічныя прадпрыемствы Беларусі належаць дзяржаве. Афіцыйныя лічбы выклікаюць сумнеў, але ўсё роўна - прыкладна 60-80% эканомікі знаходзіцца пад дзяржаўным кантролем. У кампаніях, якія належаць дзяржаве ці кантралююцца ёй, занята больш за 50% насельніцтва, а рынак рабочай сілы ў краіне строга рэгулюецца. Вялікая ўвага надаецца таксама ваенна-прамысловаму комплексу і прамысловай вытворчасьці, паколькі Беларусь была адной з самых эканамічна разьвітых рэспублік былога СССР, асабліва ў сфэры прамысловасьці.

Такая мадэль рынкавага сацыялізму перажыла пэўныя ўзрушэньні, калі Беларусь у 1990-х гадах сутыкнулася з эканамічнымі цяжкасьцямі. Спачатку была лібэралізацыя цэн і крах савецкай сыстэмы паставак і забесьпячэньня, затым у канцы 1990-х наступіў фінансавы крызіс, які таксама ахапіў Расею. Ён выклікаў дэвальвацыю нацыянальнай валюты, вялікую інфляцыю і скарачэньне аб'ёмаў гандлю з Расеяй і іншымі краінамі СНД. Аднак у 2000-х гадах вярнулася стабільнасьць і ўстойлівы рост. З 2001 па 2005 год ВУП у Беларусі павялічваўся сярэднегадавымі тэмпамі ў 7%, а рост у такіх жыцьцёва важных сэктарах, як апрацоўчая прамысловасьць і індустрыя, складаў у сярэднім амаль 10% у год. Такія тэмпы росту захаваліся і ў другой палове дзесяцігодзьдзя, за выключэньнем 2009 года, калі ў выніку сусьветнага фінансавага крызісу яны сталі блізкія да нуля. Але ў 2010 годзе яны зноў вярнуліся на ўзровень 7%.

Такі рост, і асабліва яго ўстойлівасьць у параўнаньні з больш рэзкімі скокамі капіталістычных сыстэм у суседняй Расеі і на Украіне, ўзаконілі эканамічную мадэль Лукашэнкі і зрабілі яе надзвычай папулярнай сярод насельніцтва Беларусі. Гэта таксама дала Лукашэнку магчымасьць цэнтралізаваць палітычную сыстэму і сфармаваць рэжым цэнтралізаванага кіраваньня краінай з магутным і усюдыісным апаратам дзяржаўнай бясьпекі. За мінулыя два дзесяцігодзьдзі Лукашэнка ўмацаваў інстытут прэзыдэнцтва, аслабіў парлямэнт і апазыцыйныя партыі, і сканцэнтраваў уладу ва ўласных руках і ў руках свайго асяродзьдзя.
Адносіны Беларусі з Расеяй і з Захадам

Шчыльныя адносіны паміж Беларусьсю і Расіяй маюць ключавое значэньне для падтрыманьня мадэлі рынкавага сацыялізму Лукашэнкі. Нягледзячы на пэрыядычна ўзьнікаючыя дыпляматычныя непаразуменьні з Масквой, Менск па-ранейшаму шчыльна зьвязаны з Расеяй эканамічна праз саюзную дзяржаву і Мытны саюз. Захоўваецца і ваенная інтэграцыя ў рамках Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы і сілаў хуткага рэагаваньня, сувязяў з Расеяй у галіне СПА і вучэньняў сумесна з расійскімі войскамі.

Захаваньне сувязяў з Захадам не толькі прыносіць эканамічныя выгады, але і дае Лукашэнку пэўныя рычагі ўзьдзеяньня на Расею

Гэтыя сувязі выклікаюць напружанасьць у адносінах паміж Беларусьсю і Захадам, які імкнецца наблізіць Менск да ўласных структур, уключаючы ЭЗ і НАТА. Асабліва гэта тычыцца ініцыятываў такіх дзяржаў, як Польшча, Літва і Швэцыя. Хоць Захад спрабуе ўзяць Беларусь пад сваё крыло, ён вылучае ўмову аб тым, што Лукашэнка павінен зрабіць больш адкрытымі палітычную і эканамічную сыстэму краіны, каб забясьпечыць больш шчыльную інтэграцыю. Лукашэнку ісьці на такія меры адмаўляецца, усьведамляючы, якія наступствы гэта будзе мець для яго рэжыму ўлады. Аднак ён імкнецца падтрымліваць пэўны ўзровень супрацоўніцтва з Захадам, асабліва ў эканамічнай галіне. У 2010 годзе на долю ЭЗ у агульным аб'ёме гандлю Беларусі прыйшлося прыкладна 30%. Захаваньне сувязяў з Захадам не толькі прыносіць эканамічныя выгады, але і дае Лукашэнку пэўныя рычагі ўзьдзеяньня на Расею з мэтай абароны беларускага сувэрэнітэту і падтрыманьня балянсу паміж двума буйнейшымі полюсамі. Кітай дапамагае Лукашэнку адтэрмінаваць правядзеньне эканамічных рэформаў і рэструктурызацыю, аказваючы Менску фінансавую дапамогу без палітычных умоў. Праўда, у канчатковым выніку любая істотная зьдзелка з Кітаем праходзіць праз ўзгадненьне з Расеяй і акцэптуецца ёю.


За апошні год Беларусь перажыла зрухі як ва ўнутранай палітыцы, так і ў зьнешнепалітычнай арыентацыі. Гэтыя зрухі былі ў асноўным выкліканыя прэзыдэнцкімі выбарамі ў сьнежні 2010 года і некаторымі працэсамі, якія распачаліся раней. Перад выбарамі Лукашэнка значна павялічыў сацыяльныя выдаткі, каб захаваць ляяльнасьць выбаршчыкаў, падвысіўшы зарплаты і пэнсіі. Такі скачок выдаткаў у спалучэньні з высокімі сусьветнымі цэнамі на энэргарэсурсы аказаў магутны ціск на фінансавую сыстэму краіны і стварыў сур'ёзны дэфіцыт валютных рэзэрваў.

Гэтыя праблемы пагоршыліся пасьля выбараў, калі ЭЗ і ЗША ўвялі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі ў адказ на падаўленьне беларускімі службамі бясьпекі пратэстаў супраць меркаваных фальсыфікацый на выбарах. Вынікам рэпрэсій стаў арышт і заключэньне ў турму лідэраў апазыцыі і ўдзельнікаў пратэстаў. Да бед Лукашэнка дадалося тое, што Беларусь не змагла атрымаць доступ да зьнешняга фінансаваньня са сродкаў МВФ па прычыне закручваньня гаек і нежаданьня Менску ажыцьцяўляць эканамічныя рэформы. Урад ўключыла станок і пачаў друкаваць грошы, з-за чаго інфляцыя да канца 2011 года перавысіла 100%, а курс беларускага рубля ў адносінах да даляра падняўся з 4930 рублёў у пачатку года да 8680 у канцы.
Верагодны паварот Менску на ўсход

ЭЗ і Захад працягваюць ціснуць на Лукашэнку, дамагаючыся большай адкрытасьці беларускай палітычнай сыстэмы. 27 лютага яны ўвялі супраць Менску новыя санкцыі, замарозіўшы актывы і забараніўшы выдачу віз 21 высокапастаўленаму беларускаму чыноўніку. Лукашэнка разумее, што Захад не зацікаўлены ў супрацоўніцтве з урадам Беларусі ў яго цяперашнім выглядзе - аб чым сьведчаць заклікі многіх лідэраў ЭЗ да Лукашэнкі сысьці ў адстаўку. Аднак ён праяўляе ўпартасьць перад тварам гэтых санкцый. 28 лютага прэзыдэнт выправадзіў з краіны двух дыпляматаў ЭЗ, што ўзмацніла дыпляматычную напружанасьць.

Гэтыя падзеі адштурхнулі Беларусь яшчэ далей ад Захаду і зблізілі яе з Масквой.

Гэтыя падзеі адштурхнулі Беларусь яшчэ далей ад Захаду і зблізілі яе з Масквой. Крэмль не крытыкуе Лукашэнку за яго палітычны і эканамічны курс. Пуцін назваў апошнія санкцыі "непрымальнымі і бессэнсоўнымі" і прапанаваў Беларусі ў цяперашні момант фінансавай напружанасьці грашовую дапамогу. Расея выйграе ад гэтага спрэчкі, паколькі ў 2011 годзе яна ўзяла пад свой поўны кантроль беларускую энэргетычную кампанію "Белтрансгаз" і іншыя фірмы, а таксама займае прывілеяванае становішча ў працэсе прыватызацыі, які будзе праходзіць на працягу ўсяго 2012 года.

Лукашэнка не хоча цалкам аддаваць Расеі эканамічны сувэрэнітэт, і пакуль супраціўляецца спробам распрадаць ключавыя актывы краіны, такія як кампанія па вытворчасьці угнаеньняў «Беларуськалій» і два стратэгічныя нафтаперапрацоўчыя заводы. Але час не на баку Лукашэнкі - як і грошы. Ён можа пайсьці на некаторыя меры, каб атрымаць запас часу - напрыклад, ажыцьцявіўшы ўнутраную прыватызацыю дзяржаўнай уласнасьці і стварыўшы ў Беларусі новую клясу алігархаў. Аднак гэтымі мерамі ён падарве тую палітычную і эканамічную мадэль, якую спрабуе ўсімі сіламі захаваць. Гэта таксама ўзмоцніць залежнасьць Лукашэнкі ад іншых крыніц падтрымкі, якія знаходзяцца па-за рамкамі яго традыцыйнай базы электарату. Таму яму прыйдзецца вельмі ўважліва пралічваць свае крокі, прымаючы пад увагу ўсе рызыкі і перавагі.
А тым часам, ЭЗ будзе ўзмацняць ціск на Беларусь, і Расея будзе рада умяшацца і прапанаваць сваю дапамогу, калі гэта будзе адпавядаць інтарэсам Масквы. Гэта створыць цяжкасьці для Лукашэнкі і для той эканамічнай і палітычнай сыстэмы, якую ён сфармаваў.


Stratfor заснаваны ў 1996 годзе. Кіраўнік — Джордж Фрыдман. У складзе цэнтру працуе шэраг былых дзяржаўных службоўцаў, у тым ліку і афіцэраў спэцслужбаў. Выданьне Barron’s Magazin у адным са сваіх артыкулаў назвала Stratfor «ценявым ЦРУ»
XS
SM
MD
LG