Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сем крокаў да незабыўнага сэксу


Вы не задаволены сваім сэксуальным жыцьцём? Лібіда залежыць ад шматлікіх чыньнікаў, і трэба мець цярпеньне, каб разабрацца, у чым праблема.

Сэксуальнасьць — гэта складаная камбінацыя фізычных і псыхалягічных фактараў, для вырашэньня інтымных праблемаў можа спатрэбіцца дапамога спэцыялістаў рознага профілю. Ваш доктар можа выявіць, ці ёсьць нейкія мэдычныя прычыны сэксуальнай дысфункцыі, або накіраваць да псыхоляга, сэксоляга ды інш.

Калі ж вы проста шукаеце спосабаў разнастаіць сваё сэксуальнае жыцьцё, падвысіць узровень сваёй энэргіі і актыўнасьці, вось сем шляхоў максымізацыі сэксуальнага здароўя.

1. Здаровы лад жыцьця. Збалянсаваны рацыён, фізычныя практыкаваньні і заслужаны адпачынак — вось грунт для паўнавартаснага сэксу. У здаровым целе здаровы сэкс. Спартыўная фігура, дагледжаная скура, спрактыкаваныя цягліцы і добрая расьцяжка ня толькі робіць вас прывабным у вачах партнэра, аднак і дазваляе ажыцьцяўляць разнастайныя позы, паглыбляць адчуваньні і падаўжаць полавы акт.

2. Выключыце тэлевізар. Пераключыцеся на свайго партнэра! Разнастайце вечары сумеснымі гульнямі, размовамі, паходамі ў кіно, кавярню ці лазьню. Навукоўцы высьветлілі, што рэгулярнае сядзеньне перад тэлевізарам прыводзіць да зьбядненьня сэксуальных стасункаў, ці нават да эрэктыльнай дысфункцыі.

3. Рамантыка — пройдзены этап. Магчыма, музыка і сьвечкі ўзбуджалі вас раней, але цяпер гэта не працуе. Паспрабуйце распаліць вашы эмоцыі камэдыйным шоў ці экшанам, эратычным фільмам ці заняткамі аэробікай. Досьледы паказваюць, што ўсё, што прымушае ваша сэрца актыўна біцца, здольнае выклікаць і эратычнае ўзбуджэньне.

4. Лавіце момант! Не спрабуйце кахацца па графіку, а проста ўлучайце найбольш прыдатны час для любошчаў. Навукоўцы высьветлілі, што ў большасьці жанчынаў пік сэксуальнай актыўнасьці прападае на 6-10 дзень мэнструальнага цыклю. А вось ідэальны час сутак для кожнай пары індывідуальны: адпаведныя гармоны выпрацоўваюцца ў арганізьме ў роўнай ступені цягам сутак.

5. Запаліце араматычную лямпу. Калі перад сэксам вы маеце патрэбу ў расслабленьні, паспрабуйце алей ляванды, сашэ або ласьён для масажу. Пах ляванды спрыяе рэляксацыі, дапамагае пераадолець стрэс, вызваліцца ад непрыемных думак і наладзіцца на інтымныя перажываньні. Зрэшты, усе людзі розныя, калі вам не пасуе ляванда, можна пакаштаваць іншыя пахі, якія прыдадуцца менавіта вам і вашаму партнэру.

6. Будзьце асьцярожныя з алькаголем. Адна шклянка можа дадаць вам імпэту, але занадта шмат алькаголю ў крыві можа замінаць сэксуальнаму ўзбуджэньню. Алькаголь запавольвае нэрвовыя імпульсы, пагаршае каардынацыю рухаў, ускладняе падтрыманьне эрэкцыі і вагінальнай змазкі.

7. Будзьце шчырыя. Адкрыйцеся да камунікацыі з партнэрам. Дзяліцеся думкамі і ідэямі, гэта дапаможа вам зразумець сымпатыі, звычкі, настроі, жаданьні адно аднаго. Паболей гумару і цярпеньня, гэта дапаможа вам даць рады усім праблемам.



Тэма месяца: сэкс

Увесь сакавік на сайце — вынікі апошніх навуковых досьледаў , высновы і парады на тэму «здароўе і сэкс»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG