Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Былы пасол Украіны ў Беларусі, адзін з кіраўнікоў Майдану падчас «аранжавай» рэвалюцыі 2004 году Раман Бязьсмертны выступіў ва ўкраінскім выданьні «Люстэрка тыдня» з артыкулам, у якім параўноўвае палітычныя сытуацыі ва Ўкраіне і ў Беларусі. Ён праводзіць аналёгіі як з праблемай палітвязьняў, гэтак і з канфліктамі з Эўразьвязам афіцыйных Менску і Кіева.

На гэтым тыдні 2 суседнія дзяржавы чарговы раз шакавалі ўвесь сьвет. Ва Украіне асудзілі на чатыры гады аднаго зь лідэраў апазыцыі — Юрыя Луцэнку. А ў Беларусі ўлады на працягу дваццаці чатырох гадзін выслалі двух паслоў: Польшчы і ЭЗ.

Беларуская ўлада таксама пачынала сваю дзейнасьць з адпраўкі за краты апазыцыянэраў — і ўсё ня можа спыніцца. Супраць рэжыму Лукашэнкі ўжо ужытыя санкцыі, у прыватнасьці, арыштаваныя рахункі і забаронены ўезд на тэрыторыю Эўропы і Амэрыкі тым, хто прызнаны пэрсонамі нон грата. Дыпляматычны корпус, які працуе ва Ўкраіне, толькі пачаў складаць такія сьпісы. На аловак узятыя, у прыватнасьці, судзьдзі і кіраўнікі сілавых структур. Гэты пакуль што «чарнавік» увесь час абнаўляецца і можа стаць сур’ёзнай праблемай для сёньняшняй улады. А з чаго ўсё пачыналася? З палітычнай помсты і неабдуманых фраз. Тады як на коне — імідж Украіны і лёс ўкраінскага народу.

На гэтым тыдні пасол ЭЗ ва Украіне Жузэ Мануэл Пінту Тэйшэйра заявіў, што прэзыдэнт Украіны не выконвае ўзятыя на сябе абавязаньні перад Эўропай у пытаньні паляпшэньня інвэстыцыйнага клімату і барацьбы з карупцыяй. Афіцыйны Кіеў адрэагаваў у тым стылі, што, маўляў, пасол ЭЗ ва Ўкраіне кажа нешта ня тое і ўсё ня так. Маўляў, «у МЗС Украіны з нарастаючым зьдзіўленьнем назіраюць за публічнымі выказваньнямі пасла ЭЗ ва Ўкраіне Жузэ Мануэла Пінту Тэйшэйры, якія зь месяца ў месяц усё менш адпавядаюць таму, што, паводле прынятых у міжнародных зносінах традыцыяў, могуць сабе дазволіць дыпляматы».

«Мы б спакойна і нават з радасьцю назіралі за „ўкраінізацыяй“ сп. Тэйшэйры, калі б яго паліталягічныя ацэнкі і меркаваньні ўспрымаліся украінскімі грамадзянамі і СМІ як яго асабістае меркаваньне, а не афіцыйная пазыцыя 27 краін — чальцоў Эўрапейскага Зьвязу», — рэзюмавалі ў МЗС.

ЭЗ імгненна адрэагаваў, выказаўшы падтрымку свайму паслу, і назваў заявы МЗС неабгрунтаванымі нападкамі на чалавечую прыстойнасьць і прафэсіяналізм.
XS
SM
MD
LG