Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блізкаўсходняе партнэрства па-беларуску


Алі Акбар Салех і Сяргей Мартынаў
Алі Акбар Салех і Сяргей Мартынаў

У Менску з афіцыйным візытам знаходзіцца міністар замежных спраў Ірану Алі Акбар Салех.

6 сакавіка яго прыняў Аляксандар Лукашэнка. Падчас размовы кіраўнік краіны правёў паралелі паміж Беларусьсю і Іранам — маўляў, абедзьве краіны перажываюць «нападкі з боку вонкавых сілаў».

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі ўважліва назіраюць за сытуацыяй вакол Ірану. І спачуваюць — таму што, як выказаўся Лукашэнка, «і самі часам адчуваем нападкі на нашу краіну, няхай і не такія жорсткія».

Алесь Лагвінец
Алесь Лагвінец
Гэтыя выказваньні палітоляг Алесь Лагвінец называе «працягам дзейнасьці ў рамках так званага аўтарытарнага антызаходняга Інтэрнацыяналу»:

«Лукашэнка паўтарае вядомыя тэзы пра тое, што ёсьць сувэрэнная дэмакратыя, што кожная краіна мае свой сувэрэнітэт і мусіць агароджваць сябе ад уплыву з боку Захаду. Нічога новага ён тут не сказаў. Для Лукашэнкі жыцьцёва важна мець хоць нейкае вонкавае апірышча. І ён шукае гэтае апірышча ня толькі ў Расеі, але і сярод дзяржаваў, якія маюць ня вельмі добрую рэпутацыю на міжнароднай арэне».

Іран са сваімі спробамі стварыць уласную атамную зброю цяпер у цэнтры ўвагі ўсяго сьвету. «Ці могуць кантакты зь Беларусьсю нечым дапамагчы іранскім атамшчыкам?» — цікаўлюся ў дасьведчанага спэцыяліста, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандра Вайтовіча:

Аляксандар Вайтовіч
Аляксандар Вайтовіч
«Я думаю, яны пайшлі далей за нас. Яны ўжо дзеляць ізатопы, а мы гэтым ніколі не займаліся. Фактычна яны ўжо могуць рабіць узбагачанае ядзернае рэчыва. А яго можна скарыстаць як у мірных, так і ў ваенных мэтах. Яны калі і могуць у нас нешта ўзяць, то вельмі нямногае — толькі нейкія крупінкі».

Раніцай іранскага міністра прымаў ягоны беларускі калега Сяргей Мартынаў. Паводле афіцыйных паведамленьняў, галоўным на сустрэчы стала абмеркаваньне супрацоўніцтва Беларусі і Ірану ў Руху недалучэньня.

На думку міжнароднага аглядальніка Рамана Якаўлеўскага, размовы пра такую рэліктавую арганізацыю, як Рух недалучэньня, хутчэй за ўсё, скарыстаныя для шырокай публікі. Насамрэч іранскі міністар мог прыляцець у Менск па падтрымку для афіцыйнага Тэгерану. Аднак гэтым разам ёсьць як мінімум дзьве прычыны, дзеля якіх Беларусь ня будзе з такой падтрымкай сьпяшацца, кажа спадар Якаўлеўскі:

Раман Якаўлеўскі
Раман Якаўлеўскі
«Існуе пагадненьне ў Беларусі аб каардынацыі зьнешняй палітыкі з Расеяй. І я ня думаю, што ў іранскім пытаньні пазыцыя афіцыйнага Менску будзе адрозьнівацца ад агульнавядомай пазыцыі Масквы.

І другое — цяперашнія адносіны паміж прэзыдэнтамі дзьвюх краін можна назваць „не зусім добрымі“. Візыт Лукашэнкі ў Іран быў фактычна сарваны. Быў скандал, калі Іран у аднабаковым парадку прыпыніў кантракт зь Беларусьсю па здабычы нафты беларускімі спэцыялістамі. Іранцы былі незадаволеныя тым, як беларусы выконваюць кантрактныя абавязаньні. Інфармацыі пра гэта мала, дакладна цяжка сказаць, хто і колькі плаціў за працу… Але ж факт ёсьць факт.

Візыт Лукашэнкі ў Іран плянаваўся яшчэ ў сьнежні 2011 году. Ён нават афіцыйна анансаваўся. Лукашэнка павінен быў там з падпісаць кантракт пра нафтаздабычу. Але ж гэтага не адбылося. І таму я зараз бы назваў адносіны паміж двума прэзыдэнтамі прахалоднымі».

У той час, калі іранскі міністар замежных спраў знаходзіцца ў Менску, ягоны беларускі калега меўся прысутнічаць на сустрэчы кіраўнікоў зьнешнепалітычных ведамстваў краін «Усходняга партнэрства» ў Чэхіі. Аднак Сяргея Мартынава ў Прагу не запрасілі. І цяпер яго сустрэчу з Алі Акбарам Салехам у Менску ў інтэрнэце камэнтуюць як «усходняе партнэрства» па-беларуску».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG